Павел Латушка пракаментаваў фільм «Лукашэнка. Залатое дно», які набраў ужо больш за 3 млн праглядаў


Павел Латушка выказаўся пра новы фільм Сцяпана Пуцілы «Лукашэнка. Залатое дно», які менш чым за два дні набраў больш за 3 млн праглядаў і больш за 35 тысяч каментароў.

Латушка прапанаваў зрабіць Музей карупцыі і заўважыў, што камандай тэлеграм-каналу, якога нельга называць, была праведзеная вялікая праца: «У фільме прыводзіцца шмат фактаў і доказаў таго, што Лукашэнка пабудаваў краіну для сябе і выгодамі якой карыстаецца выключна ён. Тая колькасць рэзідэнцыяў, якую ён мае ў сваім распараджэнні, палохае і прыводзіць да думкі: у перспектыве мы гэтак жа, як і ўкраінцы, павінны стварыць Музей карупцыі. Мы памятаем пра залаты батон ва Украіне, а ў Беларусі будуць залатыя ўнітазы з борта № 1».

«Большасці беларусаў важна паказаць, наколькі Лукашэнка карумпаваная асоба. Наколькі ён карыстаецца краінай ва ўласных інтарэсах, атрымліваючы незлічоныя багацці ад розных карупцыйных схемаў, выкарыстоўваючы дзяржбюджэт і прыкормленых бізнесоўцаў. Усе гэтыя факты будуць выкрывацца – гэта толькі пачатак расследаванняў. Безумоўна, гэта паўплывае і на пратэставую актыўнасць», – выказаўся Латушка.

Павел Латушка расказаў, што яны робяць усё, каб аптымістычныя прагнозы сталі рэальнасцю, але дзеля гэтага трэба рабіць канкрэтныя дзеянні. І адзін з такіх кірункаў – паказ рэальнага стану справаў у Беларусі, выкрыванне той карупцыі, якая існуе.

Латушка таксама адзначыў, што пратэставая актыўнасць у Беларусі не задушаная, нягледзячы на ўсе спробы велізарнага рэпрэсіўнага апарату: людзей гэта не спыняе.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў