Кіраўнік КДБ распавёў пра тры магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі 25–27 сакавіка, вядомыя спецслужбам


Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў пра магчымыя правакацыі і спробу дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне 2527 сакавіка, а таксама выказаўся пра тры магчымыя сцэнары развіцця падзеяў, вядомыя спецслужбам. Перад эфірам Церцель пабываў з справаздачаю ў Лукашэнкі, паведамляе БелТА.

Іван Церцель
Фота: belta.by

Паводле слоў Івана Церцеля, у апазіцыі распрацавалі некалькі сцэнарыяў. Да іх нібыта датычныя асобы, якія раней пакінулі Беларусь і крайнімі, згодна з іхнай задумкаю, вырашана было зрабіць вядомых сярод беларускай апазіцыі асобаў: кіраўніка сартыі БНФ Рыгора Кастусёва, лідара руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча і некаторых іншых, а таксама каардынатараў дамавых чатаў.

«Арганізатары атрымаюць асноўныя фінансавыя дывідэнды, а тыя асобы, якія распачнуць спробы афіцыйнай арганізацыі мерапрыемстваў, пасля будуць адказваць за вывад людзей на несанкцыянаваную частку мерапрыемства з элементамі правакацыяў, з магчымымі пацярпелымі з ліку простых грамадзянаў і нейкіх надзвычайных сітуацыяў», – заявіў кіраўнік ведамства.

Іван Церцель назваў тры магчымыя варыянты развіцця падзеяў на Дзень Волі 2527 сакавіка.

Паводле першага сцэнару будзе пададзеная заяўка на правядзенне Дня Волі 25 сакавіка. Далей – збор людзей на плошчы Якуба Коласа, марш да Тэатру оперы і балету, затым – некантраляваны выхад людзей і сутыкненне з праваахоўнікамі. «Магчымыя больш жорсткія сцэнары з удзелам трэціх асобаў і нанясеннем калецтваў грамадзянам, якія будуць у тым ліку ў раёне гэтых мерапрыемстваў», – дадаў Іван Церцель.

Паводле другога варыянту шэсця, збор людзей можа пачацца ў раёне плошчы Бангалор. Арганізатары «эмацыйна падагрэюць грамадзянаў» і павядуць іх у цэнтральныя раёны гораду, дзе пачнуць правакаваць праваахоўнікаў.

Трэці сцэнар, са словаў Церцеля, распрацаваны ў апазіцыі на выпадак забароны акцыі: грамадзянамі «будуць маніпуляваць» у інфармацыйнай прасторы і з дапамогай Telegram-каналаў заклікаць іх на несанкцыянаваныя мітынгі, дзе плануюцца сутыкненні з праваахоўнікамі.

«Магчыма, правакацыі будуць з боку трэціх асобаў. Гэта пацягне негатыўныя наступствы, і на гэтым фоне ўдасца апраўдаць тыя сродкі, якія ўкладзеныя, і справакаваць далейшае абвастрэнне сітуацыі ў краіне», – сказаў старшыня КДБ.

Церцель распавёў, што ў КДБ дакладна ведаюць, хто за мяжою гэта плануе, іхныя планы, каналы паступлення сродкаў, ведаюць і прозвішчы выканаўцаў на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў мікрараённых чатах.

«Вагацца не будзем. Перарываць будзем паводле закону, але жорстка. Безумоўна, забяспечым асноўны прынцып у правасуддзі – непазбежнасць пакарання за зробленае», – падкрэсліў кіраўнік спецслужбы.

Hавiны
«Дзясяткі кілаграмаў тратылу». Церцель распавёў пра выяўлены тайнік на тэрыторыі Беларусі
2021.03.10 01:07

АД, belsat.eu

Стужка навінаў