3 і 3,5 гады хіміі: вынеслі прысуд чацвярым гарадзенцам, якія нібыта ўжылі гвалт да 11 сілавікоў

У судзе Ленінскага раёну Горадні вынеслі прысуд у справе «счэпкі»: чацвярых гарадзенцаў судзілі за тое, што 6 верасня яны сталі ў счэпку на адной з гарадзенскіх вуліцаў, наблізіліся да сілавікоў і нібыта ўжылі да іх гвалт. Падтрымаць гарадзенцаў на суд прыйшло каля 50 чалавек. Суд цягнуўся з 12 студзеня і часта пераносіўся. Пасля абвяшчэння прысуду некаторыя людзі ў судовай зале заплакалі.

Суд прызнаў усіх вінаватымі. Уладзіміру і Юрыю Седзянеўскім, Жанне Захаркевіч прысудзілі 3 гады абмежавання свабоды ва ўстанове адкрытага тыпу. Надзеі Сцепанцовай – 3,5 гады.

Гарадзенцы акрамя іншага мусяць пакрыць страты аўтобуснаму парку і тралейбуснаму кіраванню: 20 рублёў 10 капеек і 51 рубель 59 капеек адпаведна.

Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Надзея Сцепанцовай і Жанна Захаркевіч. Фота: Белсат

На лаве падсудных спачатку было 5 чалавек:

  • Уладзімір Седзянеўскі – 38 гадоў, жанаты, трое дзяцей 7, 9 і 11 гадоў;
  • Юрый Седзянеўскі – 39 гадоў, жанаты, двое дзяцей 2 і 7 гадоў, інжынер;
  • Аляксандр Якубоўскі – 32 гады, жанаты, двое дзяцей 2 і 4 гадоў, дырэктар ТАА «АгроЛавка»;
  • Жанна Захаркевіч – 47 гадоў, замужам, непаўналетніх дзяцей няма, не працуе;
  • Надзея Сцепанцова – 49 гадоў, замужам, сын 17 гадоў, з лістапада 2020 года не працуе. 12 сакавіка ў яе будзе дзень нараджэння.

У сярэдзіне судовых пасяджэнняў адзін з падсудных – Аляксандр Якубоўскі – знік, яго абвесцілі ў вышук.

Першапачаткова ў справе было толькі двое пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу, праз два месяцы іх стала ўжо 11. Яны падчас суда не пазналі абвінавачаных, не здымалі пабояў, не заявілі пазоваў аб кампенсацыі. З іхных паказанняў вынікае, што двое супрацоўнікаў звярнуліся да медыкаў з апёкам вачэй, аднаму сарвалі маску, у іх ляцелі пустыя і напоўненыя бутэлькі, у тым ліку шкляныя, усе адчулі фізічны боль.

Працэс вяла суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла старэйшая памочніца пракурора Аліна Чужаземец.

Што адбывалася ў Горадні 6 верасня 2020 года

У 14.00 у цэнтры Горадні быў запланаваны чарговы марш не згодных з дзеяннямі ўладаў. Пратэстоўцы збіраліся ў шасці пунктах гораду, каб ісці на Савецкую плошчу. Сілавікі блакавалі дарогі ды разбівалі натоўп, але людзі ўсё ж сабраліся ў цэнтры і рушылі ў бок мікрараёну Вішнявец. Там іх сустрэлі сілавікі, якія ішлі з усіх бакоў. Адбыліся жорсткія затрыманні, падчас якіх і мужчынаў, і жанчын душылі, цягнулі па асфальце і распылялі газ. Паведамлялі аб затрыманні непаўналетніх.

Горадня, марш пратэсту, 6 верасня. Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

«Ён пачырванеў, потым пачаў сінець»

Сярод абвінавачаных – двое братоў і дзве сястры. Яны сцвярджаюць, што не бачылі апазнавальных знакаў на «людзях у чорным» і не чулі ад іх папярэджанняў і просьбаў разысціся. Як сілавікоў іх не ўспрымалі. Кожны распавёў пра стан страху і шоку ў той дзень.

Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова распавялі, што ішлі ў той дзень на вуліцу Савецкую прайсціся па крамах. Аляксандр Якубоўскі ішоў на курсы ў камп’ютарную акадэмію.

Гарадзенцы спрабавалі растлумачыць: за рукі ўзяліся ад страху, рухаліся наперад, бо натоўп ціснуў ззаду.

«Перад намі трое супрацоўнікаў выцягнулі чалавека і проста пачалі збіваць. Я проста чуў гэтыя ўдары ў грудзі. Пачуў: бярыцеся за рукі, каб вас не выцягнулі», – распавёў у судзе Уладзімір Седзянеўскі.

Паводле яго, адзін з сілавікоў адкрыў газавы балон і распырскаў у людзей. Уладзіміру газ трапіў у рот, стала цяжка дыхаць, брату Юрыю – у вочы, і ён адчуў «невыносны боль».

«Я была ў шоку», – распавяла ў судзе Надзея Сцепанцова. Паводле яе, гараджане не былі агрэсіўныя да сілавікоў. Яна ўбачыла, як на зямлі ляжыць чалавек, якога адзін з супрацоўнікаў АУС душыў каленам.

«Ён пачырванеў, потым пачаў сінець», – згадала гарадзенка. Убачыўшы «людзей у чорным», людзі пачалі разбягацца, жанчыны крычалі: «Што вы робіце?!». На што адзін з сілавікоў адказаў: «Я з Расеі, мне по ** й!»

Паводле яе, «удар», які яна нанесла, мог атрымацца, калі яна папраўляла ўзмахам рукі сумку, што злятала з пляча. Калі гарадзенца перасталі душыць каленам, яна з сястрой пайшла дадому. Тое ж самае засведчыла і ейная сястра Жанна.

Нікога, акрамя Аляксандра Якубоўскага, у той дзень не затрымалі. А з лістапада абвінавачаных пачалі выклікаць у Следчы камітэт у крымінальнай справе.

Горадня, марш пратэсту, 6 верасня 2020 г. Фота: Белсат

Версія абвінавачання

Пяцёх гарадзенцаў абвінавацілі ў тым, што яны 6 верасня 2020 года каля 13.20 «удзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не падпарадкаваліся законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, штурхалі супрацоўнікаў міліцыі». Гэта нібыта прывяло да парушэння працы грамадскага транспарту. Аўтобусны парк панёс страты ў памеры 20,10 рублёў, тралейбуснае ўпраўленне – 51,59 рубля.

Згодна з версіяй дзяржаўнага абвінавачання, на вуліцы Гарнавых, 10 каля 13.25 пяцёра гарадзенцаў «арганізавана, узяўшыся за рукі, выстраіліся ў ланцуг і падышлі да супрацоўнікаў АУС. Працягваючы рухацца на іх, сваім целам сталі выштурхоўваць супрацоўнікаў са свайго шляху». Гэта прычыніла 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі. Сцепанцову таксама абвінавацілі ў тым, што яна нанесла не менш як адзін удар правай рукой у твар сілавіка.

Гарадзенцаў абвінавацілі паодле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў). Ніхто з абвінавачаных не прызнаў віну.

Тое, што амапаўцы – пацярпелыя, вызначала кіраўніцтва

Пацярпелымі ў справе прызнаныя 11 сілавікоў – Мінько, Дмухоўскі, Лісаў, Вавілонаў, Петрусенка, Базылевіч, Іваноў, Белы, Лабкоў, Скрабатун, Аскірка. Прозвішчы амапаўцаў у справе змененыя, гэта тлумачыцца нібыта захадамі бяспекі.

Апытанне пацярпелых сілавікоў ішло праз прыадчыненыя дзверы дарадчага пакою за плячыма суддзі «ў сувязі з рэальнай пагрозай іхнаму жыццю».

Першым апытвалі Івана Іванова. Ён заявіў, што 6 верасня натоўп рухаўся да моста на вуліцы Гарнавых, у руках людзей былі сцягі, плакаты, яны выкрыквалі лозунгі палітычнага характару.

Міліцыя выставіла ланцуг ад плоту да дарогі на вуліцы Гарнавых. Натоўп імкнуўся прарваць гэты ланцуг, арганізавана счапіўшыся ў «баявы парадак». Актыўных амапаўцы пачалі затрымліваць, у адказ людзі адчувальна штурхаліся, але міліцыянтаў не ўдарылі.

У Горадні жорстка затрыманы і збіты АМАПам пасажыр таксі не прыйшоў на свой суд. Яго абвесцілі ў вышук

Іваноў пацвердзіў, што цялесных пашкоджанняў у яго не было. Натоўп скандаваў на адрас амапаўцаў «Фашысты!», што прычыніла яму маральныя пакуты. Абвінавачаных Іваноў не помніць і кампенсацыі маральных стратаў з іх не патрабуе. Што амапавец – пацярпелы, вызначыла ягонае кіраўніцтва. Пасля 6 верасня, са словаў Іванова, ён атрымліваў пагрозы праз Viber.

Белы і Аскірка заявілі, што нікога не затрымлівалі, спецсродкаў не прымянялі. Белы сказаў, што газ пусцілі пратэстоўцы, а не амапаўцы. Паводле яго, натоўп разганялі толькі з праезнай часткі дарогі. Белы адчуў боль, бо па ім біў невядомы. Па медычную дапамогу ён не звяртаўся, слядоў збівання на целе ў яго не было. Людзі былі вельмі агрэсіўныя і кідалі ў міліцыянтаў бутэлькі з вадою, сказаў ён. Ягоным сваякам пазней пагражалі па тэлефоне.

Белы і Аскірка таксама не ўзгадалі абвінавачаных, аб кампенсацыі маральных стратаў не заявілі.

«Пацярпелыя» амапаўцы як свае хатнія адрасы называлі адрасы грамадскіх актывістаў

Пацярпелы амапавец «Віктар Дмухоўскі» расказаў, што людзі ў той дзень выкрыквалі антыўрадавыя лозунгі, потым сталі ў счэпку, штурхаліся, імкнуліся сарваць з амапаўцаў маскі. Асабіста ён затрымліваў трох ці чатырох чалавек, спецсродкаў не ўжываў. Пазову пра асабістыя маральныя страты заяўляць не будзе. На твары ў яго была драпіна, парвалі балаклаву. Але да медработнікаў не звяртаўся, на бальнічным не быў.

На пытанне, чаму пацярпелы ў афіцыйным дакуменце назваў сваім хатнім адрасам месца прапіскі гарадзенскага грамадскага актывіста Дмухоўскага, ананімны амапавец адказаў: «Прыйшло ў галаву і назваў».

Амапавец «Юрый Базылевіч» на пытанне, чаму ён назваў сваім хатнім адрасам хатні адрас грамадскага актывіста Ежы Грыгенчы, адказаў наступнае: «Это секретная информация, мы засекречены».

Што казалі сведкі

Сведкаю на судзе выступіла амапаўка Святлана Лазавец. Яна сказала, што людзі крычалі «Жыве Беларусь!» і «Фашысты!». Потым натоўп ішоў на АМАП, узяўшыся за рукі. Памятае, што наносіліся ўдары, але кім канкрэтна – не памятае. Сцвярджае, што газ распылялі дэманстранты, а пасля супрацоўнікам міліцыі аказвалі ў службовым транспарце першую дапамогу, прамывалі вочы. Да яе асабіста гвалт не ўжываўся, абвінавачаных не ведае і не памятае. Потым сказала, што газ ужываўся з абодвух бакоў супрацьстаяння.

Была дапытаная сведка з АМАПу Ала Сафронава. Згодна з ейнымі паказаннямі, людзі на той акцыі «хапаліся за форму, абражалі АМАП, штурхалі, замахваліся». Інфармацыйная група казала грамадзянам разысціся, але грамадзяне не рэагавалі. «Амапаўцы таксама казалі разысціся, а людзі крычалі ім: «Фашысты-лукашысты».

Горадня, марш пратэсту, 6 верасня. Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Каля ўніверсаму «Берасце» АМАП устаў у счэпку, і грамадзяне, паводле Сафронавай, паводзілі сябе агрэсіўна, кідалі бутэлькі, газ распылілі, аднаму амапаўцу потым прамывалі вочы. Таксама яна нібыта бачыла, як каля «Берасця» амапаўца ўдарылі па галаве. У сутыкненні з амапаўцамі былі і мужчыны, і жанчыны. Але абвінавачаных яна таксама не пазнала.

Сведкамі выступілі таксама два кіроўцы аўтобусаў. Яны заявілі, што стратаў нейкіх нанесена не было, скаргаў і прэтэнзіяў няма ні ад пасажыраў, ні ад кіраўніцтва аўтапарку. Прастой 6 верасня складаў ад 10 да 40 хвілінаў, як у звычайныя дні ў гадзіну пік. Яго ўдалося выправіць і рухацца паводле графіку.

У ЖРЭП абодвух раёнаў Горадні і УУС Гарадзенскага аблвыканкаму паведамілі, што шкода ў той дзень ім не была нанесеная. «Смецце» ў выглядзе кінутых кепак і прадметаў адзення заставалася толькі на месцах, дзе працавалі сілавікі.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны