Як гэта, пайсці супраць нацысцкай акупацыі. Унук падпольшчыкаў Кедышак – аб праўдзівай гісторыі падполля


Рэальныя падпольшчыкі не падобныя да вобразаў партызанаў з савецкай прапаганды. Дый тая прапаганда доўга ігнаравала змаганне менскага падполля з нацысцкай акупацыяй. А гісторыя змагання – вельмі шматгранная.

Мікалай Кедышка і Менск пасля бамбавання ў час Другой сусветнай вайны. Калаж з фота: warmuseum.by / Bundesarchiv / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 DE

Гісторыя барацьбы савецкага падпольшчыка Мікалая Кедышкі з нацыстамі ў акупаваным Менску добра вядомая. Ягоная сям’я спрабавала сысці з Менску, калі прыйшлі нацысты, а калі не ўдалося, вярнулася і пабачыла свой дом зруйнаваным.

Восенню 1941 года, у 18 гадоў, Мікалай Кедышка сабраў з камсамольцаў групу «Андруша» (так звлася ягоная любімая песня). Ад расклейвання ўлётак і распаўсюду зводак Савінфармбюро група перайшла да дыверсіяў з выбухоўкай і забойства акупантаў. 7 лістапада 1943 года Кедышка трапіў у засаду нацыстаў. Застрэліў дваіх, але быў паранены ў ногі і вырашыў застрэліцца, каб не трапіць у палон.

Як ён жыў да вайны і як прыйшоў да барацьбы з акупантамі? Пра гэта «Белсату» расказаў Сяргей Кедышка – унук брата Мікалая Кедышкі, які да 2020 года праводзіў у Менску заняткі для дзяцей на гістарычную і рыцарскую тэматыку, а цяпер у вымушанай эміграцыі заснаваў рыцарскі гурток у Варшаве.

 

Сям’я Кедышак, злева направа: Люба, Надзя, Мікалай, Барыс і іх маці Вера Паўлаўна.
Фота: warmuseum.by

Штосьці ён чуў ад бабулі і дзеда, якія таксама жылі пад акупацыяй і ўдзельнічалі ў падпольнай барацьбе, штосьці вычытаў сам. Праўда, дакументаў аб падполлі засталося мала – на тое яно і падполле (хіба на самым пачатку недасведчаныя падпольшчыкі арганізоўвалі практычна партсходы з пратаколамі паседжанняў, імёнамі і прозвішчамі). Да таго ж, у падпольшчыкаў, падобна, былі прыпіскі дыверсіяў: часам і звычайныя паломкі станкоў залічвалі ў супраціў.

Кедышкі маглі змагацца не столькі за савецкую ўладу, колькі супраць тэрору нацыстаў

Сям’я Кедышак была вялікай, было шмат хлопцаў. У супраціў была ўцягнутая ўся радня, акрамя самых старых. Бабуля казала Сяргею, што ёй казала ейная бабуля: Кедышкі – «усе бандыты: на якое вяселле не прыйдуць, усе сталы папераварочваюцца». Ён сам думае, што тое былі буйныя хлопцы, іх было шмат і ўсе былі адзін за аднаго.

«Мікалай Кедышка быў хлопец вельмі папулярны, любіў граць на гітары, – пераказвае Сяргей успаміны бабулі пра брата ягонага дзеда. – Ён рана пачаў працаваць, меў грошы на адзенне, такая зорка раёну была».

Дом, у якім жылі Кедышкі, да разбурэння. Менск, вул. Антонаўская 9. Між 1941 і 1944 годам.
Фота: Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Разбор дома, у якім жылі Кедышкі, пасля разбурэння. Менск, вул. Антонаўская 9. Красавік 1944 года.
Фота: Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Ведаючы свой характар і лёс, Сяргей лічыць, што буйны характар у Кедышак «у крыві» – і што праз яго Кедышкі пайшлі ў антынацысцкае падполле. У іхнай прыхільнасці да савецкай ідэалогіі ён не ўпэўнены: маглі быць, вядома, выхаваныя камуністамі, але верагодна, што пайшлі ў падполле таму, што бачылі ўсе жахі, якія чынілі нацысты, і мелі гэткі «пацанскі задор»: «А нам не слабо» адказаць на тэрор.

«Мы прывыклі, што падпольшчыкі ці партызаны – значыць, цягнікі, пушчаныя пад адкос, – тлумачыць Сяргей. – А яны спачатку проста слухалі радыёперадачы, пісалі ўлёткі. Падаецца, што гэта нейкая дробязь. Але нават у цяперашні час, калі людзей нават за шкарпэткі арыштоўваюць, паспрабуйце зрабіць гэтыя ўлёткі, выйсці і наляпіць на слупе! Для моладзі гэта было не так і проста. Калі ўжо пасля яны выйшлі на кантакт з нейкімі партызанамі ці камуністычнымі структурамі, праца стала больш сістэматычная».

Гісторыі
Міны з угнаенняў і адныя майткі на 30 чалавек. Будні беларускіх партызанаў
2021.06.22 09:51

Але сістэматычная – не значыць прафесійная. Сяргей згадвае гісторыю, як падпольшчыкі групы Кедышкі вызвалялі маленькую дзяўчынку-свячку са шпіталя, дзе ў дзяцей забіралі кроў для пералівання акупантам.

Мікалай Кедышка з сябрамі надзелі нямецкую форму, прыйшлі у шпіталь. Мікалай як «афіцэр» загадаў аддаць дзяўчынку, а медсястра зразумела, што ў яго верхняя палова формы не адпавядае ніжняй, спрабавала падняць трывогу. Мікалай «вырубіў» медсястру, схапіў дзяўчынку і паспяхова ўцёк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праверка дакументаў на вуліцы акупаванага Менску падчас Другой сусветнай вайны.
Фота: Tut.by / з асабістай калекцыі П.Р.

На брата Мікалая Кедышкі напісалі данос, а ён хацеў назад у Францыю

Калі Мікалай Кедышка загінуў, Барыса арыштавалі, вывезлі ў працоўны лагер у Францыю. Ён збег з лагеру падчас бамбавання саюзнікаў, і, як расказваў Барыс, ваяваў у французскім супраціве.

А калі вярнуўся ў Беларусь, заўважыў, што ў ягонай будучай жонкі на паддашшы хтосьці хаваўся. То быў ейны дзядзька, які з невядомай Сяргею прычыны хаваўся ад чырвоных. Але Барыс прыраўнаваў. Падумаў, што там «кавалер нейкі» хаваецца – і падпаліў хату.

«Усё проста вырашалася: сядзіць кавалер – падпалю хату, – кажа Сяргей. – То бок таварышы падпольшчыкі былі гарачыя хлопцы. Можна ўявіць, што там было ў часе вайны!»

Дзед таксама расказваў Сяргею, што падпольшчыкі неяк выйшлі на партызанаў за горадам, хадзілі да іх. Дзед Барыс расказваў, як яны з братам Мікалаем аднаго разу вярталіся ад партызанаў п’янымі, заблукалі, разышліся, не пазналі брат брата і стралялі адзін у аднаго. Але абышлося.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці гуляюць на беразе Свіслачы насупраць Траецкага прадмесця ў акупаваным Менску падчас Другой сусветнай вайны.
Фота: Tut.by / з асабістай калекцыі П.Р.

Барыс Кедышка любіў выпіць («лад жыцця такі быў – пілі ўсе»). Пасля вайны Барыс не раз нападпітку тэлефанаваў у КДБ і прасіў выпусціць яго назад у Францыю, бо ўсё жыццё шкадаваў, што вярнуўся ў СССР. Перастаў тэлефанаваць толькі пасля таго, як яго выклікалі ў КДБ і правялі «выхаваўчую працу».

Сяргей спрабаваў напісаць навуковую працу пра менскае падполле, пазнаёміўся з гісторыкамі, працаваў у архівах з матэрыяламі пра падполле. Аказалася, на ягонага дзеда Барыса была справа ў КДБ. Нейкая актывістка сабрала подпісы пары дзясяткаў падпольшчыкаў і данесла, што Барыс Кедышка не быў падпольшчыкам, а здрадзіў брату – «нашаму слаўнаму важаку, камсамольскаму герою».

Фільмы
Менскае падполле. Героі і мярзотнікі, дак. фільм
2014.07.28 17:59

Саму справу з архіваў КДБ не здабыць, але на падставе іншых архіўных матэрыялаў, датычных справы, Сяргей сцвярджае, што гэтая версія не асабліва адпавядае датам: дзеда Барыса адзін раз арыштавалі нацысты, але ён збег, хаваўся ў партызанскай зоне, вярнуўся ў Менск сувязным, ды яго зноў затрымалі і збівалі – але другі раз затрымалі за «правал» канспіратыўнай кватэры, дзе загінуў Мікалай Кедышка. А ў СССР на тое ўвагу не звярнулі, дзед да канца жыцця меў праблемы з уладамі праз той данос.

Галечы і голаду ў акупаваным Менску не было, а супраціў быў

Мікалай Кедышка працаваў у час акупацыі тынкоўшчыкам на чыгунцы (да вайны скончыў будаўнічую вучэльню, якую пасля вайны назавуць ягоным імем), ягоны брат Барыс быў вучнем пры аўтамайстэрні. Сям’я бабулі – Кузьміны – таксама засталася ў акупаваным Менску. Бацька бабулі Сяргея працаваў у трамвайным дэпо ўсю акупацыю (а брат дзеда Мікалай падарваў трамвай з нацысцкімі афіцэрамі), і калі Менск адбілі Саветы, прадзед быў мабілізаваны, пайшоў на фронт, выжыў і вярнуўся.

Трамвай у акупаваным Менску, да якога ззаду прычапіліся дзеці – «едуць на каўбасе». Скрыжаванне вуліц Савецкай (цяперашні праспект Незалежнасці) і Чырвонаармейскай. 1943 год.
Фота: Tut.by / з асабістай калекцыі П.Р.

Калі быў у гасцях у стрыечнай бабулі, Сяргей звярнуў увагу на здымак яе з сястрой у 1942 ці 1943 годзе. Сёстры Мікалая і Барыса былі сувязнымі ў падпольшчыкаў, нацысты іх схапілі, адна загінула ў лагеры смерці Асвенцім, другая ж выжыла.

«На фота сядзелі дзве прыгожыя маладыя дзяўчыны, у паліто, у берэтах, вельмі модныя, – здзіўляўся Сяргей здымку часу акупацыі. – Кажу, вы вельмі прыгожа выглядаеце, а яна кажа: ну так, у нас была карова, мы заможна жылі. Яны былі забяспечаныя, маглі жыць, а супраціў ішоў. Я быў здзіўлены, бо вобраз падпольшчыка-партызана – гэта нейкі вясковец у шапцы-вушанцы. А яны жылі так, нібы ў іх усё было добра, а ўсё роўна ваявалі, наколькі было магчыма ў тых умовах».

Гісторыі
«Першы час было страшна цягаць трупы». Што ўзгадваюць пра вайну яе сведкі
2021.05.09 09:54

Менск перайшоў да немцаў у першыя дні нападу нацыстаў на СССР: вайну абвясцілі 22 чэрвеня, 25-га нацысты падышлі да гораду, 28-га акупавалі. Саветы не праводзілі эвакуацыі гораду, а ў ноч на 27-га камуністы проста з’ехалі на ўсім, чым маглі. Улады не засталося – пачалося рабаванне крамаў і складоў.

У той дзень маці бабулі не мела на каго пакінуць дзяцей, выйшла па ежу ў горад вельмі позна, дайшла да хлебазаводу ў Ракаўскім прадмесці, але там усё было разрабавана, засталася толькі закваска. Вярнулася без хлеба ці нават мукі, адно з бідонамі закваскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нямецкія салдаты на фоне гандлёвай плошчы старога Камароўскага рынку (цяпер на тым месцы гандлёвы цэнтр «Імпульс») у акупаваным Менску падчас Другой сусветнай вайны.
Фота: Tut.by / з асабістай калекцыі П.Р.

Паралельна з нацысцкім тэрорам у акупаваным горадзе аднавілася паўсядзённае жыццё. Калі нацысты занялі горад, загналі назад тых, хто спрабаваў уцячы пешкі па Маскоўскай шашы, сагналі мужчынаў у канцэнтрацыйныя лагеры, пакінулі пад вартай вайскоўцаў ды вызвалілі цывільных – і запусцілі заводы і фабрыкі. «Усё працавала, усе былі на ўліку».

Гісторыі
Годнасць пад акупацыяй. Як жыхары Варшаўскага гета ладзілі святы насуперак нацыстам
2022.01.10 07:30

«Што бачыла насельніцтва: што савецкая ўлада проста іх кінула! – мяркуе Сяргей. – Я думаю, што ў першы час не было там ніякага супраціву, хіба нейкія фанатычна настроеныя ваявалі. Але ў звычайных гараджанаў не было нагоды ваяваць з немцамі. Ужо пасля, калі нацысты пачалі знішчаць тых, хто супраціўляўся, калі пачаліся масавыя забойствы, як за аднаго дзесяць, тады ўжо быў натуральны ўздым: або супраціўляемся, або заб’юць».

Сяргей згадвае, як глядзеў на здымкі падпольшчыкаў: «Гэта такія ж людзі, як мы цяпер». Ён разважае, што і сучасныя беларусы былі вымушаныя зрабіць выбар: альбо застацца ў баку, альбо штосьці рабіць. А гісторыя, заяўляе ён, паказала: тыя, хто ў баку, сваёй пасіўнасцю толькі замінаюць агульнай справе, а пасіўнасць не гарантуе мірнага жыцця.

Другая сусветная вайна была для беларусаў таксама і грамадзянскай

Згадвала бабуля і пра беларускага хлопца, які ёй падабаўся. Бабуля казала, ён «пайшоў запісаўся ў фашысты», «ішоў па вуліцы і спяваў фашысцкія песні», таму вельмі плакала. На думку Сяргея, той хлопец мог запісацца ў Саюз беларускай моладзі або Беларускую краёвую абарону.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці катаюцца на самакатах у акупаваным Менску падчас Другой сусветнай вайны. У будынку на фоне (пл. Свабоды 23) да траўня 1943 года быў Генеральны камісарыят акупацыйных уладаў – пазней яго перамясцілі ў будынак цяперашняй рэзідэнцыі прэзідэнта (Карла Маркса 38).
Фота: Tut.by / з асабістай калекцыі П.Р.

«Ужо ў сталым узросце мая бабуля стала сябрай БНФ, любіла беларускую мову, была прыхільная да беларушчыны, – згадвае Сяргей Кедышка. – І быў такі эпізод, калі яны ехалі ў тралейбусе з дзедам, бабуля па-беларуску запытала ці то талончык, ці то выхад, а дзед на яе крычаў: «Не размаўляй са мной на гэтай фашысцкай беларускай мове».

Я не раз хадзіў у стары музей Вялікай Айчыннай вайны, там была зала, прысвечаная падпольшчыкам. Звярнуў увагу на калабаранцкія ўлёткі, якія заклікалі змагацца з савецкай уладай і якія былі напісаныя па-беларуску. Я так разумею, што ў той моладзі, якая змагалася ў падполлі, беларуская мова ўспрымалася як прыкмета калабарантаў».

Сам Сяргей удакладняе, што ён ужо з іншага пакалення, разумее ўсю перадгісторыю і тое, чаму акупацыйныя ўлады падтрымлівалі беларускую культуру і як пад нацысцкай акупацыяй Менск стаў больш беларускім горадам. Але не можа не згадаць, што савецкія падпольшчыкі ўспрымалі беларускую мову нібы «фашыстоўскай», чужой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаўка Беларускай цэнтральнай рады ў будынку цяперашняга тэатру імя Янкі Купалы. Чэрвень 1943 года.
Фота: Dr. Maier / Bundesarchiv / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 DE

«Мне падаецца, беларусаў падзялялі гэтыя ідэалогіі: калабаранты перацягвалі моладзь на свой бок, камуністы на свой, – разважае ён. – Атрымлівалася, хто каго перацягне. Хтосьці змагаўся з нацыстамі. Хтосьці лічыў акупацыю нармалёвай, чытаў беларускую гісторыю, якую толькі немцы дазволілі чытаць; немцы адчынілі беларускія цэрквы, газеты, школы, тэатры. А Савецкі Саюз пасля 20-х гадоў усё нацыянальнае вынішчаў».

Сяргей спасылаецца на Васіля Быкава: у акупаванай Беларусі ж было не так шмат немцаў, а шмат змагаліся прасавецкія беларусы і тыя, хто пайшоў на супрацу з нацыстамі, дык то для беларусаў было грамадзянскай вайной.

А гераізм менскага падполля не адразу прызналі ў Савецкім Саюзе, заўважае Сяргей. Званне Героя Савецкага Саюзу Мікалаю Кедышку далі толькі ў 1965 годзе. Да таго «ніякіх падпольшчыкаў не прызнавалі», кажа ён, бо яны зарганізавалі супраціў без кіраўніцтва Масквы – не маглі зладзіць сувязь. Тысячы людзей былі ў супраціве, тысячы загінулі, а 20 гадоў іх «не было», пакуль не далі адмашку. І дагэтуль тэма падполля, лічыць Сяргей Кедышка, «замазаная савецкім афіцыёзам».

Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў