Вучэнні «Саюзная рашучасць»: маштабы, лакацыі, кантэкст. Што трэба ведаць


10 лютага пачынаюцца беларуска-расейскія вучэнні «Саюзная рашучасць», якія застаюцца важным складнікам цяперашняга вайскова-палітычнага крызісу вакол Украіны. Чакаецца, што гэта будуць найбуйнейшыя супольныя манеўры на тэрыторыі Беларусі з часу распаду СССР. Belsat.eu распавядае, што трэба ведаць пра «Саюзную рашучасць – 2022».

Прывід вайны

З лістапада 2021 года Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінаю: паводле некаторых ацэнак, цяпер там засяроджана ўжо каля 140 тысяч вайскоўцаў. Заходнія і ўкраінская выведкі лічаць, што Крэмль плануе маштабнае ўварванне, прычым дзеля гэтага можа выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія памежнікі ўсталёўваюць калючы дрот уздоўж украінска-беларускай мяжы.
Фота: АД / Белсат

Крэмль разглядае канцэнтрацыю войскаў на мяжы найперш як рычаг ціску на Захад. Расея, у прыватнасці, патрабуе, каб у NATO далі гарантыі не пашырацца на Усход (у тым ліку коштам далучэння да Альянсу Украіны) і адвялі ўсю вайсковую інфраструктуру ў Еўропе на пазіцыі 1997 года.

Але ЗША і NATO ключавыя пункты ўльтыматуму Пуціна адхілілі. У Крамлі паабяцалі, што, калі дамовіцца не ўдасца, то яны будуць «прымаць меры ў адказ», а таксама не выключылі, што «хтосьці хацеў бы справакаваць ваенныя дзеянні». Але ніхто пры гэтым не ведае, ці сапраўды Расея гатовая распачаць вялікую вайну, або канцэнтрацыя войскаў на мяжы – проста блеф.

Беларускі кантэкст

У Беларусі не хаваюць, што правядзенне пазапланавых вучэнняў «Саюзная рашучасць» звязанае з цяперашнім крызісам вакол Украіны. Пры гэтым чым бліжэй да манеўраў, тым больш выразную антыўкраінскую скіраванасць набывала афіцыйная рыторыка. У нядаўнім інтэрв’ю расейскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што гэтыя вучэнні могуць быць накіраваныя супраць Украіны – «калі трэба будзе». Ён таксама заявіў, што лічыць дапушчальным нанясенне ўдару па Украіне (і ракетнага ўдару, і «не толькі») у тым выпадку, калі будуць парушаныя «чырвоныя лініі».

Hавiны
Лукашэнка: «Вайна з Украінай працягнецца максімум 3-4 дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць»
2022.02.06 09:35

3 лютага адбыўся дыпламатычны скандал: рэжым Лукашэнкі абвінаваціў Кіеў у тым, што ўкраінскі беспілотнік нібыта парушыў паветраную прастору Беларусі ў мэтах шпіянажу. Украіна зняпраўдзіла гэтую інфармацыю і запэўніла, што не выкарыстоўвала беспілотнікаў. Пазней журналісты высветлілі, што беспілотнік насамрэч быў расейскі, і што ён мог прыляцець з тэрыторыі Беларусі. Але ўлады выкарысталі інцыдэнт дзеля павелічэння мілітарысцкай істэрыі і новых прапагандысцкіх нападак на Украіну. У Савеце бяспекі падкрэслілі, што цяпер разглядаюць паўднёвы кірунак «як пагрозу бяспекі краіны».

Раней улады ЗША заяўлялі, што супольныя вучэнні Беларусі і РФ могуць быць выкарыстаныя для нападу на Украіну з поўначы. 1 лютага Дзяржаўны дэпартамент загадаў вывезці сем’і амерыканскіх дыпламатаў з Беларусі ў сувязі з магчымай эскалацыяй напружанасці ў рэгіёне. У Мінабароны Украіны на мінулым тыдні заявілі, што «наступ з беларускага боку мае найменшы ўзровень рызыкі», але разам з тым на 10–20 лютага запланавалі ўласныя вучэнні ў розных рэгіёнах краіны.

Hавiны
Украіна правядзе свае ваенныя вучэнні адначасова з беларуска-расейскай «Саюзнай рашучасцю»
2022.02.08 18:59

Легенда вучэнняў

Легенда вучэнняў «Саюзная рашучасць» прадугледжвае мадэляванне вялікай рэгіянальнай вайны. З аднаго боку выступаюць Беларусь і Расея (у тэрміналогіі вучэнняў – гэта «паўночныя», «Рэспубліка Палессе» і «Паўночная Федэрацыя»), а з іншага боку – краіны NATO і Украіна («заходнія» – «Нярыс», «Паморыя», «Клопія» і «рэспубліка Дняпровія»).

Сцэнар вучэнняў выкарыстоўвае звыклы прапагандысцкі дыскурс, да якога актыўна звяртаюцца ўлады Беларусі. Прычым усе намёкі і аналогіі вельмі празрыстыя. Вайна распачынаецца праз тое, што «заходнія» хочуць зрынуць кіраўніцтва «Рэспублікі Палесся», яны патрабуюць вызвалення палітвязняў, спынення «замахаў на дэмакратычныя правы і свабоды» і перадачы ўлады «сапраўдным лідарам краіны». А пасля таго як «Рэспубліка Палессе» адмаўляецца, пераходзяць да ваеннай агрэсіі. У межах гэтай легенды «Дняпровія» разглядаецца як несамастойная дзяржава, падкантрольная «заходнім».

Дзе будуць адбывацца вучэнні

Першапачаткова вайсковае кіраўніцтва заявіла, што вучэнні адбудуцца на пяці палігонах: «Абуз-Лясноўскі», «Берасцейскі», «Даманаўскі» (усе тры ў Берасцейскай вобласці), «Гожскі» (Гарадзенская вобласць) і «Асіповіцкі» (Магілёўшчына). Таксама планавалася задзеяць чатыры аэрадромы: у Баранавічах, Лунінцы, Лідзе, Мачулішчах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Аднак ад самага пачатку расейскія войскі пачалі заўважаць у лакацыях, дзе побач няма палігонаў ды іншай вайсковай інфраструктуры, афіцыйна заяўленай для вучэнняў. У першую чаргу гаворка ідзе пра Гомельскую вобласць, дзе расейскія вайскоўцы пачалі канцэнтравацца ў радыусе 50 км ад мяжы з Украінай.

У прыватнасці, жаўнераў і тэхніку з Расеі размясцілі ў раёне Рэчыцы і Ельску – сярод іншага там заўважылі ракетныя комплексы «Іскандэр», здольныя несці ядравыя боегалоўкі, і сістэмы залпавага агню «Ураган». Канцэнтрацыя расейскіх войскаў назіраецца за 10 км ад Гомля – на закінутай вайсковай базе стратэгічнай авіяцыі СССР каля вёскі Зябраўка. Паводле радыё «Свабода», вайскоўцаў таксама заўважылі ў лясах каля вёскі Дзімамеркі Лоеўскага раёну – усяго за 25 км ад Чарнігава.

Аналітыка
Дзе і якія расейскія падраздзяленні заўважаныя ў Беларусі
2022.01.28 00:13

Улады на мясцовым узроўні ўсё-такі былі вымушаныя прызнаць, што манеўры закрануць Гомельшчыну, насуперак першапачатковым заявам Мінабароны. 7–8 лютага Нараўлянскі, Лельчыцкі і Ельскі райвыканкамы праз «раёнкі» папярэдзілі грамадзянаў, што на асобных участках тэрыторыі будуць праходзіць вучэнні «Саюзная рашучасць». Усе тры раёны мяжуюць з Украінай.

8 лютага ў Telegram-канале Мінабароны з’явілася інфармацыя пра тое, што 15 лютага на ўчастку мясцовасці «Палескі» (Берасцейшчына, недалёка ад украінскай мяжы) адбудзецца баявы пуск тактычнага ракетнага комплексу «Точка». Раней гэтай лакацыі на мапе вучэнняў таксама не было.

Колькі войскаў задзеюць у манеўрах

Дасюль не вядома, колькі расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Беларусь і колькі беларускіх жаўнераў будуць прыцягнутыя да вучэнняў.

Вайсковае кіраўніцтва называла вучэнні «саліднымі» і «буйнымі», казала пра перагрупоўванне «дастаткова вялікага кантынгенту» і пра неабходнасць «прыцягнення ўсяго патэнцыялу вайсковай арганізацыі дзяржавы». Аднак ніякіх канкрэтных лічбаў не агучвалася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Расейскія і беларускія генералы сцвярджалі, што колькасць удзельнікаў вучэнняў не перавысіць параметраў, якія падлягаюць апавяшчэнню, згодна з Венскім дакументам 2011 года (то бок мусяць задзеяць не больш за 9 або 13 тысяч жаўнераў). Але гэтыя абяцанні шмат у каго выклікаюць сумневы. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што Расея перакінула ў Беларусь каля 30 тысяч вайскоўцаў. Ён назваў гэта найбуйнейшым разгортваннем войскаў у Беларусі пасля халоднай вайны.

З боку некаторых незалежных экспертаў гучалі нашмат сціплейшыя ацэнкі – напрыклад, каля 10–13 тысяч расейскіх жаўнераў. Але фактычна ўсе пагаджаюцца з тым, што маштаб беспрэцэдэнтны – раней падчас самых буйных супольных вучэнняў «Захад» у Беларусі перакідвалі не больш за 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Hавiны
«Рэспубліка Палессе», адказ Захаду і расейская дапамога для ЛДНР. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.31 20:00

Якія сілы Расея перакінула ў Беларусь

Яшчэ адной асаблівасцю гэтых вучэнняў стала тое, што ў Беларусь перакінулі падраздзяленні Усходняй вайсковай акругі з Далёкага Усходу. Звычайна на вучэнні ў Беларусі прыбываюць вайскоўцы з еўрапейскай часткі Расеі.

Афіцыйна называлі толькі некаторыя падраздзяленні, перадыслакаваныя з Далёкага Усходу. Напрыклад, адразу гаворка ішла пра намер накіраваць у краіну два дывізіёны зенітнай ракетнай сістэмы С-400 і зенітны ракетна-гарматны дывізіён «Панцыр-С», пазней паведамлялі аб перакідванні ў Беларусь марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту. Але большасць падраздзяленняў і відаў узбраення афіцыйна не называліся. Эксперты «Conflict Intelligence Team», спасылаючыся ў тым ліку на паведамленні сваякоў вайскоўцаў у сацсетках, адзначалі, што ў Беларусь маглі накіраваць і байцоў 14-й брыгады спецназу, 104-й брыгады кіравання, 165-й артылерыйскай брыгады, 38-й мотастралковай брыгады, 16-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.

Міністры абароны Расеі і Беларусі – Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін.
Фота: Maxim Guchek / TASS / Forum

Заявы вайсковага кіраўніцтва наконт складу войск і тэхнікі звычайна аказваліся вельмі маніпулятыўнымі. Напрыклад, намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін казаў толькі пра перакідванне вайскоўцаў з Усходняй вайсковай акругі. Але потым у Беларусі заўважылі байцоў 98-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі (так званыя іванаўскія дэсантнікі), якая ўваходзіць у Заходнюю вайсковую акругу. Кажучы пра авіяцыю, Фамін першапачаткова распавёў толькі пра перадыслакацыю 12 знішчальнікаў Су-35, але пазней стала вядома таксама пра штурмавікі Су-25СМ.

Адметна, што падрыхтоўка да вучэнняў суправаджалася наведваннем Беларусі найвышэйшым расейскім генералітэтам. Яшчэ ў канцы студзеня ў Беларусь прыбыў генерал-палкоўнік, камандуючы Усходняй вайсковай акругай Аляксандр Чайко (ён заставаўся ў краіне як мінімум да 3 лютага, але не выключана, што і цяпер тут). 3 лютага Беларусь наведаў міністр абароны Сяргей Шайгу – ён праінспектаваў падрыхтоўку да вучэнняў і асабіста назіраў за адпрацоўваннем аднаго з практычных эпізодаў на палігоне «Берасцейскі». А 9 лютага для кантролю за вучэннямі ў Беларусь прыляцеў начальнік Генштабу, генерал арміі Валерый Герасімаў, які адыграў важную ролю ў вайне на Данбасе і ў анексіі Крыму. Ва Украіне яго лічаць «ідэолагам развязвання агрэсіўнай вайны».

Аб’ектыў
Ці чакаць акупацыі Беларусі Расеяй? Лукашэнка адмаўляе небяспеку расейска-беларускіх вучэнняў
2022.01.24 22:08

РР belsat.eu

Стужка навінаў