Міжнародная акцыя 14 лютага «One Billion Rising – 2022»: за целы жанчын, дзяўчат і за Вольгу Гарбунову


«One Billion Rising» – глабальная кампанія, заснаваная Іў Энзлер (Eve Ensler), каб пакласці канец сексуальнаму гвалту над жанчынамі. Сёлета ўдзельніцы ў розных краінах зладзяць акцыі падтрымання палітычнай зняволенай Вольгі Гарбуновай.

«One Billion Rising» спасылаецца на статыстыку ААН, якая сведчыць, што кожная трэцяя жанчына цярпела ад гвалту або была збітая. Кампанія пачалася ў 2012 годзе і пашыраецца штогоду. Да ініцыятывы ўжо далучыліся больш за 200 краінаў. Беларусь – адна з іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «One Billion Rising» на Філіпінах. 14 лютага 2020 года.
Фота: ELOISA LOPEZ / Reuters / Forum

«14 лютага – гэта Дзень усіх закаханых. А ў святы часцей адбываецца хатні і партнёрскі гвалт. Таму была абраная менавіта гэтая дата, каб станчыць супраць гвалту над жанчынамі і дзяўчатамі», – распавяла актывістка Дар’я Чурко.

У 2016 годзе гэтую акцыю ў Менск прынесла грамадская актывістка Вольга Гарбунова. З таго часу Беларусь штогод танчыць, каб звярнуць увагу і спыніць гвалт над жанчынамі.

Арганізатаркі міжнароднай акцыі змясцілі на сваім сайце заклік падтрымаць палітзняволеную:

«Вольга шмат зрабіла для жанчын і дзяцей у Беларусі, для іхнай бяспекі – фізічнай, псіхалагічнай і прававой. У аўтарытарнай краіне, дзе масавыя рэпрэсіі і пераслед адбываюцца з 1999 года і ўзмацніліся з 2020 года, Воля цаной уласнай свабоды змагаецца з гендарным гвалтам. Просім прысвяціць сёлетнюю акцыю палітзняволенай, актывістцы і праваабаронцы Вользе Гарбуновай».

«Арганізатары міжнароднай акцыі прыдумалі гэштэг #RiseForOlga на знак падтрымання і салідарнасці з Вольгай Гарбуновай», – распавяла Дар’я Чурко.

Сэнс у тым, каб станчыць ці ў публічнай прасторы, ці ў сябе ўдома нават, а потым запіс з танцам апублікаваць з адпаведнымі гэштэгамі: #RiseForOlga #FredomOlgaGorbunova #сіла_волі #олю_на_волю #onebillionrising. Калі няма жадання ці магчымасці танчыць, то можна выкласці фота з узнятай рукой і ўзнятым пальцам – гэта таксама сімвал onebillionrising. Калі і фота зрабіць няма магчымасці, то варта проста пазначыць у сацсетках, што вы далучаецеся да акцыі і вы супраць гвалту.

Да гэтага дня ёсць пэўны танец пад адмысловую песню – «Break the Chain».

«Здаецца, у кожнай краіне гэтую песню перакладалі на сваю мову. Ёсць і пераклад на беларускую. Танец даволі просты, ёсць відэанавучанне, як яго танчыць. Усе людзі танчаць аднолькава пад агульную мелодыю. Будуць танчыць сёлета ў Літве, Варшава штогод танчыць, Кракаў таксам далучыцца сёлета, Афіны, і магчыма, будзе акцыя і ў Грузіі», – распавяла Дар’я.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «One Billion Rising» у Індыі. 2 лютага 2016 года.
Фота: Ajay Verma / Reuters / Forum

Таксама рыхтуюцца да акцыі і ва Украіне.

«Абсалютна кожная і кожны можа далучыцца да акцыі. Не істотна, якога вы полу, гендару або поглядаў. У гэтым годзе мы будзем танчыць і за Волю Гарбунову, якая шмат разоў арганізоўвала гэтую акцыю ў Менску, а цяпер сядзіць у СІЗА», – напісала ўдзельніца беларускай супольнасці ў Кіеве.

Удзельніцы акцыі стварылі пакрокавую інструкцыю для ўсіх, хто 14 лютага хоча заявіць пратэст супраць гвалту такім незвычайным чынам.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў