Да двух гадоў «хатняй хіміі» прысудзілі віцябляніна за абразу суддзі Шабуні


Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску асудзіў мясцовага жыхара Андрэя Кузняцова на два гады «хатняй хіміі». Віцябляніна прызналі вінаватым у абразе суддзі (арт. 391 КК), паведамляе «Вясна».

Пацярпелай у справе, якую разбіралі амаль тры месяцы, выступала суддзя Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня.

Паводле матэрыялаў справы, Андрэй Кузняцоў пад фотаздымкам суддзі ў сацыяльных сетках размясціў абразлівы каментар. Падчас судовага следства Кузняцоў прызнаў сваю віну часткова.

«Прыніжэнне гонару і годнасці суддзі можна разглядаць як псіхалагічны гвалт, які можа аказаць уплыў на псіхіку пацярпелай», – заявіла падчас судовых спрэчак старшая пракурорка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Драгель.

Адвакатка ж адзначыла, што ў дзеяннях Кузняцова склад злачынства адсутнічаў, і прасіла пастанавіць апраўдальны вырак.

Суд прызнаў Андрэя Кузняцова вінаватым і пакараў абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Рашэнне прымала суддзя Ганна Тылец.

У Кузняцова будзе таксама канфіскаваны смартфон і іншыя прылады, пры дапамозе якіх ён нібыта зняважыў суддзю Шабуню.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Артыкулы
«Вясна» склала спіс 7 самых рэпрэсіўных суддзяў Менску
2021.10.06 13:43

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў