Чальцы выбаркамаў пішуць відэа «Мы не баімся». Ці ёсць чаго баяцца, акрамя іншых відэа па хэштэгу?


Звароты пра адсутнасць страху часам нагадваюць «пакаянныя відэа», якія сілавікі прымушаюць запісваць затрыманых з палітычных матываў.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 9 лютага заявіла, што ў краіне зафіксавалі першыя выпадкі пагрозаў на адрас чальцоў выбарчых камісіяў. Праўладны Telegram-канал, звязаны з сілавымі структурамі і дзяржаўнай тэлевізіяй, у той жа дзень запусціў «флэшмоб» пад хэштэгам #МыНеБоимся: на відэа людзі кажуць, што з’яўляюцца чальцамі выбарчых камісіяў і што «рэферэндум» не атрымацца сарваць.

Агулам удалося адшукаць восем унікальных зваротаў пад хэштэгам #МыНеБоимся адносна «рэферэндуму». Ды па хэштэгу больш відэа не пра беларускі «рэферэндум».

Не самы ўдалы выбар хэштэгу

З тэгам #МыНеБоимся ёсць пасты таксама і пра беларускія пратэсты 2020 года, і пра пратэсты ў Каталоніі, і пра акцыі за вызваленне расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, і пра Дзень барацьбы з тэрарызмам у Маскоўскай вобласці, і пра захады бяспекі ў час пандэміі каронавірусу, і пра ўрокі плавання для дзяцей, і рэклама чахлоў для тэлефонаў, і відэа, дзе рыбак матам адганяе мядзведзя ад свайго ўлову дзесьці ў Расеі…

І нават відэа, на якім заклікаюць ставіць у бюлетэнях на «рэферэндуме» два крыжыкі.

Выданне Kyky.org згадала таксама відэа з беларускіх выбараў 2020 года, на якім жанчына ў асноўны дзень галасавання вылазяць з вакна выбарчага ўчастку па драбінах, якія трымае чалавек у міліцэйскай форме, і трымае ў руках нейкі пакет, а другая жанчына спускае з вакна яшчэ адзін пакет на вяроўцы. Меркавалася, што так з участку выносяць бюлетэні падчас галасавання, але што за паветы баяліся паказаць назіральнікам ля ўчастку, засталося невядомым: старшыня выбарчай камісіі тады тлумачыў, што «проста заклініла дзверы», а сакратарка камісіі запанікавала, што засталася замкнёная. Відэа апублікавалі пад тым самым хэштэгам.

А ёсць чаго баяцца?

Папулярны беларускі Telegram-блог «Письма к дочери» разважае: «добраахвотнікаў» ісці ў выбарчыя камісіі, відаць, мала, таму так хочуць падбадзёрыць тых, хто «баіцца выбарчага працэсу больш за роднае начальства».

Сапраўды, спісы чальцоў выбарчых камісіяў пакуль не публікуюць. Чытачка «Белсату» спрабавала даведацца, дзе тыя спісы «публікавалі ў друку», але гэтага не ведалі нават у раённай камісіі.

Пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў загінуў адзін чалец выбарчай камісіі: 29-гадовы Канстанцін Шышмакоў з Ваўкавыску знік праз 6 дзён пасля выбараў і быў нібыта знойдзены павешаным. Ды цела знайшлі на такой вышыні, што ногі краналіся зямлі, а на целе былі драпіны і гематомы, на якія следства не звярнула ўвагі. Перад смерцю Шышмакоў расказваў маці, што адмовіўся ўкідваць «левыя» бюлетэні і падпісваць выніковы пратакол.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Іншых здарэнняў, у якіх сур’ёзна пацярпелі б чальцы выбарчых камісіяў, у сувязі з мінулымі выбарамі не было: хіба ў Светлагорску перад выбарамі згарэла машына намесніка старшыні мясцовага выбаркаму (пасля чаго сілавікі ладзілі масавыя аблавы і ператрусы). Адну жанчыну з Мазырскага раёну асудзілі на год пазбаўлення волі за тое, што яна ў ноч пасля выбараў нібыта «перашкаджала руху аўтамабіля» чальцоў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, «нанесла не менш за 20 удараў рукамі і нагамі, у тым ліку па даху і лабавым шкле» машыны.

Твары перасталі хавáць

Заяву накшталт «мы не баімся» раней рабілі сілавікі, але з фармулёўкай «нас не запужаць»: людзі ў форме АМАП у масках і са змененымі галасамі праз два месяцы пасля выбараў заявілі, што «не баяцца».

Невядомы ў форме байца АМАП змененым голасам зачытвае зварот «Нас не запужаць» у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ. 13 кастрычніка 2020 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

А чатыры месяцы таму дзяржаўная тэлевізія публікавала кадры нарады Аляксандра Лукашэнкі з людзьмі ў вайсковай форме, у якіх былі размытыя твары.

Hавiны
Рызыкоўны сход ці праграмная прамова? Чаму насамрэч заблюрылі сілавікоў на нарадзе ў Лукашэнкі
2021.10.20 08:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў