Забарона бел-чырвона-белага? Спекуляцыя на крыві ахвяраў вайны дасць нулявы вынік

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Генеральная пракуратура рыхтуе дакументы, каб прызнаць «экстрэмісцкім» бел-чырвона-белы сцяг. Прапаганда рэжыму ўжо з лістапада пашырае выказванні больш ці менш далёкіх ад гісторыі Беларусі людзей пра «сцяг калабарацыяністаў».

Пабачым, колькі праўды ў гэтых заявах.

«Так, бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся калабарацыяністамі – гэта прызнаюць усе», – сказаў днямі дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.

Ён, відавочна, меў на ўвазе беларускі легальны рух падчас Другой сусветнай вайны ў 1941–1945 гадах.

Прабачце, спадар дырэктар, але гэта прызнаюць не ўсе. Давайце зірнем, што такое «калабарацыянізм».

Калабарацыянізм – гэта супраца з ворагам сваёй дзяржавы ў ваенны час.

Аднак рэч у тым, што ў той час Беларусь не была незалежнай дзяржавай і, адпаведна, у яе не было ніякага афіцыйнага ваеннага праціўніка. Беларусы ваявалі і на баку СССР, і на баку Польшчы, і на баку Нямеччыны – а Беларусь ні з кім не ваявала. Вайна вялікіх дзяржаваў проста ішла на нашай тэрыторыі ды зацягвала ў свой вір нашых людзей.

Што да стаўлення да самой ідэі дзяржаўнай незалежнасці Беларусі – то ворагам такой ідэі быў і сталінскі СССР, і гітлераўская Нямеччына. А тагачасная Польшча лічыла сваёй амаль палову сучаснай тэрыторыі Беларусі, а палову беларускага насельніцтва – уласнымі грамадзянамі.

Такім чынам, мы альбо ўсіх, хто супрацоўнічаў з палякамі, з саветамі, з немцамі, называем калабарантамі, альбо – нікога. У першым выпадку сам тэрмін губляе сэнс, бо ў той ці іншай ступені з Масквой, Берлінам ці Варшаваю былі вымушаныя супрацоўнічаць усе беларусы, якія мелі нейкую палітычную мэту.

Такім чынам, сам тэрмін «калабарацыянізм» – гэта ўвогуле не пра беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. Фактычна, кожны беларус, ваюючы на баку любога ворага беларускай незалежнасці, адначасова ваяваў і супраць іншага ворага беларускай незалежнасці. Гэта банальны гістарычны факт, які немагчыма аспрэчыць.

Затым спадар Лакіза кажа: «Разам з тым, ва ўспамінах удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і архіўных крыніцах можна знайсці такія сведчанні. Беларускімі нацыяналістамі, Беларускай краёвай абаронай, Беларускай грэнадзёрскай брыгадай СС «Беларусь» пад бел-чырвона-белым сцягам праводзіліся карныя аперацыі супраць партызанаў і мірных жыхароў. Так была знішчаная вёска Бабровічы Целяханскага раёну».

Па-першае, было б цікава паглядзець на гэтыя ўспаміны і архіўныя крыніцы. Па-другое, ёсць падазрэнне, што іх проста не існуе. І вось чаму.

Заходзім на сайт Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, у базу звестак знішчаных вёсак. Знаходзім там вёску Бабровічы Целяханскага раёну. Аказваецца, вёска была знішчаная ў верасні 1942 года. Прабачце, але тады не існавала Беларускай краёвай абароны. Батальёны БКА паўсталі толькі вясною 1944 года.

Не існавала ў 1942 годзе і брыгады «Беларусь», якую ўвогуле стваралі пры войсках СС ужо ў 1945 годзе на тэрыторыі Нямеччыны, і якая ніколі не была на тэрыторыі Беларусі. Гэтая недафармаваная вайсковая частка ніколі не ўдзельнічала ні ў якіх карных аперацыях.

Што да дакументаў, якія датычаць знішчэння вёскі Бабровічы і месцяцца на адпаведнай старонцы сайту НАРБ, яны ані слова не кажуць пра нейкі ўдзел беларускіх нацыяналістаў, Беларускай краёвай абароны ці брыгады «Беларусь».

Канечне, на тэрыторыі Беларусі ішла ў той час жорсткая вайна адразу паміж некалькімі палітычнымі сіламі, і ў гэтай вайне, дзе ўсе бакі шырока ўжывалі тэрор, масава гінула і мірнае насельніцтва.

Аднак цэлыя вёскі або канкрэтныя мірныя людзі, якія былі знішчаныя беларускімі нацыяналістамі, невядомыя. А вось пра нявінных ахвяраў савецкіх, напрыклад, партызанаў ведае кожны гісторык, які займаецца гэтым перыядам гісторыі Беларусі.

Гэтак, партызанамі камандзіра Фураева ў 1942 годзе спаленая вёска Гулібава. Згодна з рашэннем камандавання ОСПО (Особое соединение партизанских отрядов Минской и Барановичской областей) у 1942 былі расстраляныя жыхары вёскі і хутароў Даўнары. Як «контррэвалюцыйнае» атрадам НКГБ «Баявы» было знішчанае сяло Мацейкава, Полацкага раёну. У снежні 1942 года разам з мірнымі жыхарамі спаленая вёска Дакудава.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь ляжыць дакумент, які датаваны восенню 1942 года. Дакумент называецца «Спіс жыхароў Валожынскага раёну, забітых партызанамі за час ад месяца траўня да 15 кастрычніка 1942 года».

Толькі першая старонка гэтага дакументу змяшчае 25 імёнаў, з якіх толькі 5 паліцыянтаў, а астатнія збольшага проста сяляне ці людзі, чыя «віна» – брат паліцыянта, сястра паліцыянта, матка паліцыянта. І гэта толькі адзін заходнебеларускі раён, дзе савецкіх партызанаў яшчэ зусім няшмат, і толькі некалькі месяцаў.

Зрэшты, вядома, бел-чырвона-белы сцяг імкнуцца забараніць не з прычыны падзеяў 80-гадовай даўніны.

Кожны разумны чалавек скажа, што нацыянальны сцяг імкнуцца забараніць, бо ён стаў сімвалам масавага супраціву беларусаў за апошнія некалькі месяцаў. Аднак для чаго гэтыя намаганні? Сцяг жа і так пад фактычнай забаронаю, і без усякіх законных падставаў. І не толькі сам сцяг, але і амаль любыя спалучэнні белага і чырвонага.

Дык навошта гэтыя псеўдаправавыя намаганні? Альбо як нагода для чарговай прапагандысцкай кампаніі хлусні, альбо… проста таму, што яны больш нічога зрабіць не могуць. Штрафавалі, збівалі, арыштоўвалі, забівалі, катавалі людзей за нацыянальны сцяг, сукенку, плакат, жалюзі, гірлянды – і нічога не працуе. Відаць, таму што паперкі не было?

Ну, цяпер хоць паперку накрэмзаюць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў