У Сенаце ЗША пачаўся працэс імпічменту Доналда Трампа


У ЗША 9 лютага пачаўся другі працэс у справе аб імпічменце 45-га прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, якога абвінавачваюць у падбухторванні да мецяжу з-за штурму Капітолію. Імпічмент у ніжняй палаце быў абвешчаны ў рэкордныя тэрміны, а Трамп – адзіны амерыканскі прэзідэнт, якому яго вынеслі двойчы.

У выпадку, калі Сенат гэтым разам зацвердзіць імпічмент Трампа, ён зможа прагаласаваць за пажыццёвую забарону асуджанаму палітыку займаць дзяржаўныя пасады, а значыць, Трамп не зможа ўдзельнічаць у выбарах-2024. Каб аб’явіць імпічмент, за гэта павінны прагаласаваць дзве траціны чальцоў Сенату – 67 чалавек з 100. Гэта значыць, акрамя прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі рашэнне павінны падтрымаць і 17 рэспубліканцаў.

Дэбаты на пасяджэнні Сенату аб імпічменце пачаліся з выступу боку абвінавачання ў асобе чальца Палаты прадстаўнікоў Джэймі Раскіна. Ён прадэманстраваў каляндар чатырох гадоў кіравання Трампа. Паводле палітыка, увесь гэты час экс-прэзідэнт мог падпадаць пад імпічмент, і для падзеяў студзеня 2021 года выключэнняў быць не можа.

Каляндар Раскіна пра чатыры гады кіравання Трампа / Скрын: NBC News

«Гэта не можа быць нашай будучыняй. Гэта не можа быць будучыняй Амерыкі. Мы не можам мець прэзідэнтаў, якія падбухторваюць і мабілізуюць масавы гвалт супраць нашага ўраду і нашых органаў улады», – сказаў Раскін.

Абаронцы Трампа назвалі неканстытуцыйным працэс аб імпічменце былога прэзідэнта. На думку аднаго з адвакатаў Трампа Дэйвіда Шоэна, працэс імпічмэнту яшчэ больш расколе краіну.

«Калі вы прагаласуеце за працяг гэтага працэсу, ворагі ЗША будуць радавацца, назіраючы над тым, як развальваецца гэтая краіна», – сказаў Шоэн.

У канцы пасяджэння Сенат прагаласаваў за тое, што працэдура імпічменту ў дачыненні былога прэзідэнта Доналда Трампа не супярэчыць Канстытуцыі. Гэта азначае, што працэс у гэтай справе працягнецца. За прызнанне канстытуцыйнасці працэсу прагаласавалі 56 сенатараў, з іх 6 рэспубліканцаў, супраць выступілі – 44.

Працэс у справе аб імпічменце Трампа працягнецца 10 лютага. Кожнаму з бакоў – абвінаваўцам ад Палаты прадстаўнікоў і камандзе Доналда Трампа – дадуць 16 гадзінаў для прэзентацыі сваіх аргументаў сенатарам, паведамляе «РИА Новости».

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў