Святлана Ціханоўская апублікавала стратэгію перамогі беларусаў: перамовы маюць прайсці ў траўні


На паўгоддзе з пачатку пратэстаў у Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з меркаваным планам перамогі. Паводле яго, у траўні павінны прайсці перамовы, а пасля іх – новыя выбары.

Стратэгія перамогі апублікаваная на сайце belarusvision.org

Гэтая стратэгія аб’ядноўвае дзеянні ўсіх дэмакратычных сілаў: Офісу і Кабінету Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, штабу Цапкалы і партнёрскіх ініцыятываў. У кожнай мадэлі свае інструменты і кампетэнцыі, і кожная структура распрацавала ўласныя праекты, якія рознымі метадамі дазваляюць прыйсці да пастаўленай мэты – перамоваў аб новых выбарах.

На старонцы пазначаныя рэсурсы двух бакоў – фінансавыя, чалавечыя і маральна-псіхічныя, але яны зусім розныя.

«Мы ўсё робім правільна, і таму прасунуліся так далёка. З аднаго боку, з намі – большасць: і людзі ўнутры Беларусі, і краіны-партнёры. З іншага боку, супраць нас вельмі шчыльна выбудаваная аўтакратыя. У нас літаральна няма доступу да тэлебачання, няма партыяў і фракцый, практычна ўсе пункты прыняцця рашэнняў у краіне падпарадкаваныя аднаму чалавеку. Мы не змагаемся са старой сістэмай з дапамогай новай – мы будуем уласную сістэму літаральна з нуля», – гаворыцца ў стратэгіі.

Згодна з планам Ціханоўскай, беларускі народ ужо прайшоў палову шляху да прызначанай мэты – новых прэзідэнцкіх выбараў.

Скрын са старонкі belarusvision.org

Згодна са стратэгіяй, рабочым прапаноўваецца ўступаць у стачкі ды незалежныя прафсаюзы або дапамагаць таварышам, якія ўжо ў стачцы. Дзяржаўным службоўцам – далучацца да італьянскага страйку і пачынаць калектыўна ціснуць на вышэйшае начальства. Работнікам адукацыі – не паказваць школьнікам і студэнтам ідэалагічных матэрыялаў, праводзіць гутаркі аб правах чалавека і дэмакратычных каштоўнасцях, а ўсім астатнім – падтрымліваць баявы дух, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю і асабістыя гісторыі, працягваць «крэатыўную партызанку» і выкарыстоўваць усе спосабы несупрацоўніцтва з рэжымам.

Паводле плану стратэгіі , у лютым плануецца ўзмацненне кампаніяў рэсурсамі, у сакавіку будзе новая хваля вулічнай актыўнасці. З красавіка чакаецца спыненне падтрымання рэжыму Лукашэнкі ягонымі прыхільнікамі, а травень стане ключавым тэрмінам пачатку дыялогу з уладай: міжнародныя партнёры, уключаючы ЕЗ, ЗША, Расею вымушаюць улады сесці за стол перамоваў, дэмакратычныя сілы і рэжым фармуюць перамоўныя групы, мэты перамоваў улічваюць патрабаванні большасці беларусаў.

Перамогай, згодна з планам, будзе лічыцца:

  • свабода ўсіх палітвязняў
  • старт перамоваў да канца траўня
  • сумленныя празрыстыя выбары
  • дэмакратычная Беларусь як вынік.

Таксама кожны можа выказаць сваё меркаванне і ўнесці свае прапановы да стратэгіі і напісаць у чат-бот Офісу Святланы Ціханоўскай.

Між тым, у межах агульнай стратэгіі НАУ прапаноўвае ўласны план Беларускага вызвалення за два этапы.

Першы этап – гэта маштабны ціск на рэжым і мабілізацыя грамадства: «аб’яднаем нашыя намаганні з сённяшняга дня і вясною 2021 года». Другі этап – адэкватны адказ на злачынствы дыктатуры ў фармаце, да якога будзе гатовае грамадства. Актыўны грамадскі супраціў і вяртанне дэмакратычных сілаў у краіну.

НАУ прапаноўвае рэалізаваць праекты на такіх кірунках:

  • эканамічны ціск
  • замежнапалітычны ціск
  • супрацьдзеянне прапагандзе
  • пераход чыноўнікаў на бок народу
  • актыўныя дзеянні сілавікоў на баку народу.

Адначасова з ціскам па ўсіх кірунках НАУ прапаноўвае правесці Лічбавы рэферэндум, пасля якога па падліку галасоў будзе вымушана праведзены Рэспубліканскі рэферэндум з незалежным складам ЦВК, або актыўны грамадскі супраціў рэжыму як адэкватны адказ на злачыннае ўтрыманне ўлады сілавымі метадамі – гаворыцца ў плане Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў