«Супрацоўнік бачыць у гэтым сваю асабістую пазіцыю». Расейскі пасол пра спрэчку наконт Касцюшкі

Пасол Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў выказаўся наконт канфлікту наконт Тадэвушу Касцюшкі, які меў месца на мінулым тыдні, піша «РИА Новости».

«Адзін з маладых супрацоўнікаў пасольства, які цікавіцца гісторыяй, парывісты і па-свойму смелы, з «постсавецкага пакалення», палічыў магчымым выказаць сваё асабістае меркаванне ў акаўнце Нацыянальнага гістарычнага музею. Ён бачыць у гэтым сваю асабістую пазіцыю», – мяркуе Дзмітрый Мезенцаў.

Мезенцаў падкрэслівае, што ацэньваць гістарычныя падзеі скрозь прызму сучаснасці заўжды цяжка – гэта праца прафесійных гісторыкаў. Пасол адзначае, што стагоддзі Расеі, Беларусі і іншых суседніх краінаў даволі складаныя і шматгранныя, таму не варта даваць ім спрошчаныя ацэнкі і падганяць гістарычныя эпізоды пад сучаснасць і палітычныя запыты.

Таксама дыпламат абяцае разам з калегамі бліжэйшым часам наведаць Нацыянальны гістарычны музей і азнаёміцца з дзясяткамі экспазіцыяў, у тым ліку прысвечаных лёсу Тадэвуша Касцюшкі.

Раней Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў сваім Instagram назваў Тадэвуша Касцюшку героем чатырох краінаў. Але ў дыпламатычным прадстаўніцтве Расеі не пагадзіліся з тым, што Касцюшка – герой. Прадстаўнікі амбасады РФ напісалі, што называць Касцюшку нацыянальным героем Беларусі – значыць распісацца ў сваім «гістарычным невуцтве».

На гэтую спрэчку адрэагавала МЗС Беларусі.

«Нацыянальны гістарычны музей выказаў нармальную і адназначную пазіцыю. Яна можа падабацца ці не падабацца, але яна ў нас такая», – адрэагаваў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Пасля амбасада Расеі апублікавала ў Instagram ліст Тадэвуша Касцюшкі ад 1789 года і звярнула ўвагу на ягоныя словы пра неабходнасць «прызвычайваць» русінаў да польскай мовы, каб у іх «з часам увайшоў польскі дух» і яны лічылі непрыяцелем тых, хто «не ведае нацыянальнай мовы».

Амбасада Расеі працягвае вучыць беларусаў, каго ім лічыць нацыянальным героем

ЯП, belsat.eu

Hавiны