Сілавікі шукаюць былога маладафронтаўца за жнівеньскія пратэсты. Летась ён размаляваў помнік Пушкіну


Ленінскі раённы аддзел менскага Следчага камітэту абвесціў у вышук былога чальца «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова. Сцвярджаюць, што ён быў актыўным удзельнікам масавых закалотаў у сталіцы.

Паводле следства, 10 жніўня Піліп Шаўроў браў удзел у пратэстах на вуліцы Аранскай. Хлопец некалькі разоў ударыў два аўтамабілі ДАІ. Цяпер яго вінавацяць у злачынствах паводле ч. 2 арт. 218 («Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, што пацягнула за сабой шкоду ў буйным памеры» – да 10 гадоў пазбаўлення волі) і ч. 2 арт. 339 («Злоснае хуліганства» – да 6 гадоў зняволення) Крымінальнага кодэксу. СК сцвярджае, што ягоныя дзеянні пацягнулі страты на суму больш як 7 тысяч рублёў.

У студзені 2020-га Шаўроў адзначыўся перформансам: хлопец пафарбаваў рукі помніку Пушкіну і намаляваў два графіці – на помніку МУС і сцяне помпавай станцыі ў Бараўлянах. Тады ён сам здаўся сілавікам, бо лічыў адказнасць непазбежнай. Яго адправілі ў СІЗА, а праваабаронцы вызналі палітвязнем. Хлопца судзілі паводле таго ж арт. 339, але паводле ч. 1 («Хуліганства») і паводле арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў»). Актывіст мог атрымаць да 6 гадоў зняволення, але яго пакаралі штрафам на 50 базавых велічыняў.

Hавiны
«Буду прыстойным грамадзянінам». Былы палітвязень Піліп Шаўроў пра СІЗА, куратараў і палітычны пратэст
2020.05.21 13:01

Следчы камітэт сцвярджае, што Шаўроў даведаўся пра распачатую крымінальную справу і некуды ўцёк. У студзені яго заўважылі на акцыі салідарнасці ў Варшаве.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў