Праваабаронцы прызналі палітвязнямі асуджаных і падазраваных у дыфамацыйных артыкулах


Праваабарончы цэнтр «Вясна» дадаў у свой спіс палітвязняў 7 чалавек. Гэта людзі, якіх асудзілі або падазраюць паводле артыкулаў за абразу службовых асобаў, суддзяў і дзяржаўных сімвалаў.

Ілля Смольскі – асуджаны выракам суда Ленінскага раёну Берасця да 1 года абмежавання волі паводле арт. 370 КК («Знявага дзяржаўных сімвалаў»). Накіраваны адбываць пакаранне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Уладзімір Шынкевіч – асуджаны на закрытым судовым паседжанні суда Аршанскага раёну паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») да 1 года і 3 месяцаў пазбаўлення волі.

Уладзімір Няпомняшчых узяты пад варту ў гомельскім СІЗА, яго вінавацяць паводле арт. 366 («Пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы, у сувязі з выкананнем ёй службовых абавязкаў) і арт. 369 КК («Абраза службовай асобы»). Там жа застаецца і Уладзімір Міхалка: яго вінавацяць паволде ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).

Міхаіл Гладыш асуджаны судом Першамайскага раёну Віцебску паводле арт. 369 КК («Абраза службовай асобы») да 2 гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Георгій Васіленка – асуджаны судом Цэнтральнага раёну Гомля паводле ч. 1 арт. 339 («Хуліганства») за «звяржэнне» дзяржаўнага сцяга да 2 гадоў абмежавання волі. Накіраваны адбываць пакаранне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Валадар Цурпанаў – асуджаны судом Магілеўскага раёну паводле арт. 391 КК («Абраза суддзі ці народнага засядацеля») да 3 гадоў абмежавання волі. Накіраваны адбываць пакаранне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Пераслед гэтых людзей «Вясна» лічыць палітычна матываваным, а іх саміх – палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва для вызначэння паняцця «Палітычны зняволены». Праваабаронцы патрабуюць неадкладна іх вызваліць і спыніць іхны крымінальны пераслед.

Таксама «Вясна» патрабуе ад уладаў захадаў, скіраваных на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391, і спыніць усе раней распачатыя паводле іх крымінальныя справы.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў