Праграміст атрымаў чатыры гады калоніі за барыкады на «Пушкінскай». Яго судзілі тры гадзіны


Суд Ленінскага раёну Менску 10 лютага асудзіў на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму 24-гадовага палітзняволенага інжынера-праграміста Рамана Канановіча. Яго вінавацілі ва ўзвядзенні барыкадаў каля станцыі метро «Пушкінская», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Рамана Канановіча вінавацілі па частцы 2 артыкулу 293 («Удзел у масавых закалотах»). Паводле абвінавачання 24-гадовы хлопец у ноч з 10 на 11 жніўня ўзводзіў барыкады падчас пратэставай акцыі ў раёне станцыі метро «Пушкінская». Асноўны доказ – фатаграфія з ягонага тэлефона.

Палітвязень Раман Канановіч ў судзе.
Фота: spring96.org

Праграміст віну не прызнаў. Ён патлумачыў, што ішоў у госці да цёткі і, пабачыўшы агароджу, паспрабаваў прыбраць яе з дарогі, каб вызваліць праход і працягнуць рух.

«Пры мне ніхто, уключаючы мяне, агароджу на праезную частку не перацягнуў. Я працягнуў рух да метро «Пушкінская» па ходніках», – запэўніваў Раман.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Рамановіч адзначыў, што не ўсе прыкметы злачынства па артыкуле 293 (а менавіта ўзброены супраціў) знайшлі адбітак у дзеяннях Канановіча, аднак палічыў ягоную віну цалкам даказанай. Асноўным довадам быў фотаздымак з тэлефона. Таксама пракурор звярнуў увагу, што ў цёткі хлопец апынуўся толькі а 00:46 11 жніўня. З гэтага вынікае, што хлопец знаходзіўся ля «Пушкінскай» больш як 3,5 гадзіны. А гэта, на думку абвінаваўцы сведчыць, што хлопец прымаў непасрэдны ўдзел у масавых закалотах, а інфармацыя з ягонага тэлефона сведчыць пра імкненне дзейнічаць радыкальна.

«Высокі суд, я не буду хаваць, што мне вельмі страшна. Страшна, якое пакаранне можа быць прызначана за мае дзеянні. Гэтыя дзеянні Вы бачылі на той самай фатаграфіі. Так, відаць, што я трымаюся за гэтую агароджу, спрабуючы яе зрушыць або перамясціць. Я не ведаю, ці можна лічыць мае дзеянні супрацьпраўнымі настолькі, каб пазбавіць мяне волі. Я гэтую агароджу не разбіраў, не ламаў, нават не ведаю, дзе яна знаходзілася першапачаткова, на дарогу я яе не выносіў. Фатаграфія зафіксавала толькі адзін момант. На жаль, няма іншых фатаграфій, якія б адлюстроўвалі, што праз некалькі секунд мяне ўжо там не было. Таксама спадзяюся, для суда відавочна, што пры мне не было ніякай пры сабе зброі. Усё гэта пацвярджае, што я не ўдзельнічаў ні ў пагромах, ні ў супраціве прадстаўнікам улады. Калі нягледзячы на гэтыя абставіны, суд усё роўна палічыць мяне вінаватым, прашу прызначыць мне пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі», – сказаў у сваім апошнім слове Раман Канановіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характер. Барыкады ля станцыі метро Каменная горка ў Менску, Беларусь. 11 жніўня 2020 году.
Фота: ІА / Белсат

Пракурор папрасіў суддзю Таццяну Шоцік пакараць хлопца чатырма гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яна агучыла менавіта такі вырак. На судовае паседжанне са спрэчкамі спатрэбілася ўсяго 3 гадзіны. Вырак абвесцілі праз дзве гадзіны пасля спрэчак. Таксама Шоцік пастанавіла паведаміць пра прысуд і пакаранне Канановіча ў арганізацыю, дзе ён працаваў праграмістам да затрымання, каб супрацоўнікі гэтай фірмы не ўдзельнічалі ў масавых закалотах.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў