Палітвязень з Пінску на знак пратэсту супраць абмежаванняў у ліставанні пачаў галадоўку

Палітвязень з Пінску Алег Рубец, якога цяпер трымаюць у СІЗА ў Баранавічах, абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць таго, што яго абмяжоўваюць у ліставанні. Родныя вязня распавялі «Белсату», што хвалююцца за Алега і ягонае здароўе.

Алега Рубца затрымалі 10 жніўня ў Пінску. 18-гадовага хлопца абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»). Цяпер юнак у СІЗА-6. Ягоная мачаха Таццяна распавяла, што падчас затрымання юнака жорстка збілі і са жніўня трымаюць за кратамі.

Алег Рубец. Фота: spring96.org

«Тры дні ён быў у пінскім ІЧУ, а потым яго перавялі ў Баранавічы. З 14 жніўня і да сёння ён у Баранавічах. Сустрэчы нам не даюць. Сувязь толькі праз адваката і ліставанне. Але лісты прыходзяць з перабоямі, быў час, калі наагул не было лістоў. Мы яшчэ атрымліваем ад яго паведамленні, а вось астатнім лісты ад яго не прыходзяць зусім. Ён нават задаваў пытанне, чаму ж яму не пішуць. А мы адказалі, што гэта не так.

Відаць, гэта яго абурыла вельмі моцна, і вось у адным з лістоў на мінулым тыдні ён паведаміў, што будзе з гэтым разбірацца. Мы з мужам вельмі перажываем і паехалі ўчора ў СІЗА, каб перадаць яму перадачу. У акенцы нам паведамілі, што ў яго забарона на перадачы да 15 лютага і забарона на ліставанне. Больш нічога не патлумачылі, маўляў, ён адбывае дысцыплінарнае пакаранне», – распавяла «Белсату» Таццяна.

Родныя Алега звярнуліся да адваката, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю пра сына і ягоны стан. І адвакату дазволілі сустрэцца з падабаронным.

«Толькі так мы даведаліся, што Алег патрабаваў, каб яму патлумачылі, чаму не даходзяць лісты, а калі не пачуў уцямнага адказу, – распачаў пяцідзённае галадаванне. Пяць дзён ён не ўжываў ежу, а потым яго змясцілі ў карцар, і цяпер ён да 14 лютага адбывае пакаранне.

Акрамя таго, адвакат яшчэ сказала, што сын выглядае «адпаведна таму месцу, дзе застаецца». Але ён здаровы. Мы моцна пачалі перажываць праз тое, што ў яго астма, і мы баімся за наступствы галадавання, як гэта адгукнецца на ягоным здароўі. Але цяпер нібыта ён не скардзіцца на стан здароўя», – распавяла мачаха хлопца.

26 лютага Алегу споўніцца 19 гадоў. Выбары ў 2020 годзе былі для яго першымі. Таццяна кажа, што не ведае дакладна, за каго галасаваў Алег. Але калі ў тую ноч ён быў у калоне пратэстоўцаў, значыць, у яго былі свае погляды на сітуацыю, а на гэта ён мае права, кажа жанчына з слязямі на вачах і заплакала.

«Летась Алег закончыў ліцэй і 2 жніўня 2020 года выйшаў на працу. Праз тыдзень яго затрымалі. Пасля ліцэю ўладкаваўся на працу трактарыстам у ААТ «Ставоцкае». Нават за гэтыя шэсць дзён працы ён добра сябе зарэкамендаваў. Яму далі трактар, а гэта значыць, што атрымаў давер. Хлопец не зломак і даволі камунікабельны. У яго былі планы на жыццё, хацеў вучыцца далей, атрымаць правы кіроўцы. Шмат было жадання рухацца наперад, але вымушаны сядзець за кратамі. У яго малодшая сястра, ён клапоціцца пра яе заўсёды. Так сталася, што ў Алега дзве мамы: біялагічная, і я, ягоная мачаха. Але гэтая сітуацыя нас вельмі зблізіла ўсіх. Мы падтрымлівае адзін аднаго. Алег бачыць гэта, і вельмі ўдзячны нам за гэта. Алег, канечне, вельмі сумуе, піша, што любіць нас і чакае, што ўсё закончыцца і ён будзе з намі. Цяпер часта да нас прыходзяць ягоныя сябры, запытваюцца ў нас пра яго, падтрымліваюць нас», – кажа Таццяна.

«Алега прызналі палітвязнем, мы ведаем, што ён нічога кепскага не зрабіў, мы перакананыя, што ён самы лепшы. Вядома, моцна перажываем, бо ў Алега з самага дзяцінства моцна развітае адчуванне праўды. Ён імкнуўся адстойваць уласную пазіцыю і праўду. Мы хвалюемся, бо ведаем, што калі ён пайшоў на прынцып, гэта значыць, сітуацыя яго моцна закранула, значыць, будзе рабіць усё да канца».

Затрыманых журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Солтана вінавацяць у дробным хуліганстве

 

СК belsat.eu

Hавiны