«Мы рухаемся ў супрацьлеглым кірунку». Што планавалі на мінулых УНС – і што атрымалася


Рыхтаванне да Усебеларускага народнага сходу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 6 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На Усебеларускіх народных сходах шторазу зацвярджаецца пяцігодка развіцця Беларусі на бліжэйшыя гады. Але з яе рэалізацыяй ёсць праблемы.

11–12 лютага ўлады правядуць у Менску чарговы Усебеларускі народны сход. Гэтая падзея не прапісаная ані ў Канстытуцыі Беларусі, ані ў іншых законах краіны, але рэгулярна ладзіцца Аляксандрам Лукашэнкам ад самога пачатку кіравання.

З чаго ўсё пачалося

Першы Усебеларускі народны сход адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 года. Ён быў самы вялікі паводле колькасці дэлегатаў – 4740 чалавек, у той час як сёлетні будзе самы малалікі (2394 дэлегаты).

25 гадоў таму Лукашэнка імкнуўся пашырыць сваю ўладу з дапамогаю рэферэндуму, але сутыкнуўся з супрацьстаяннем былога парламенту – Вярхоўнага Савету. Тады ён і склікаў першы Усебеларускі народны сход.

УНС 1996 года.
Фота: vsebel.by

УНС ухваліў прапанаваныя Лукашэнкам змены і дапаўненні ў Канстытуцыю. Таксама ён прыняў першую ў незалежнай Беларусі праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. У дакуменце былі вызначаныя тры прыярытэты ў развіцці краіны: экспарт, жытло, харчаванне. Экспартны сектар мусіў забяспечыць эканоміку валютаю. Будаўніцтва жытла мела стаць адным з асноўных лакаматываў выхаду з крызісу, а падтрыманне сельскай гаспадаркі – гарантаваць харчовую бяспеку краіны і валютныя паступленні ад экспарту.

Наступныя тры Усебеларускія народныя сходы праводзіліся перад прэзідэнцкімі выбарамі 2001, 2006 і 2010 гадоў.

Hавiны
Што трэба ведаць пра шосты Усебеларускі народны сход. Топ-5 пытанняў і адказаў
2021.01.18 07:56

ІІ УНС, які прайшоў 18–19 траўня 2001 года, прыняў праграму развіцця краіны на 2001–2005 гады. Асаблівую ўвагу на ім зноў надалі развязанню жыллёвай праблемы, пытанням харчовай бяспекі, павелічэння экспартнага патэнцыялу Беларусі. Новым прыярытэтам стала ахова здароўя. Была пастаўленая задача стварыць у краіне сучасныя даследчыя цэнтры і ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу медыцыны.

Ода беларускай эканоміцы

ІІІ Усебеларускі народны сход 2–3 сакавіка 2006 года прыняў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2006–2010 гады. Яе асаблівасць – істотнае павышэнне якасці жыцця шляхам інавацыйнай скіраванасці прамысловай палітыкі, адраджэння і развіцця вёскі, развіцця рынкавай інфраструктуры, прадпрымальніцтва, аптымальнага спалучэння механізмаў дзяржаўнага і рынкавага рэгулявання, удасканалення падаткаабкладання.

«Таксама быў прыняты зварот, у якім падкрэсліваецца, што выпрацаваная і апрабаваная за гады дзвюх пяцігодак беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця паказала сваю эфектыўнасць», – паведамляла прэс-служба Лукашэнкі па выніках УНС.

Дэлегаты УНС у 2006 годзе.
Фота: Сяргей Халадзілін / БелТА

Дэлегаты IV сходу 6–7 снежня 2010 года зноў ухвалілі задачы на наступную пяцігодку. Яны таксама падтрымалі галоўную мэту: рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоваў жыцця насельніцтва праз удасканаленне сацыяльна-эканамічных стасункаў, інавацыйнае развіццё і павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі. Галоўнай задачаю пяцігодкі называлася стварэнне прынцыпова новых вытворчасцяў, прадпрыемстваў і галінаў, якія выпускаюць экспартна арыентаваную, высокатэхналагічную прадукцыю, фармаванне новага аблічча беларускай эканомікі. А развязанне пытанняў энергетычнай бяспекі ды збалансаванасці замежнага гандлю абвяшчаліся найважнейшай задачай.

«Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краінаў свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», – абвяшчала рэзалюцыя УНС. Станам на канец наступнай пяцігодкі Беларусь займала толькі 53-е месца ў рэйтынгу.

Пры гэтым ужо ў 2010 годзе прызнавалася, што не ўсе паказнікі сацыяльна-эканамічнага развіцця былі выкананыя за пяцігодку.

«Усебеларускі народны сход» – новая «падпорка» для ўлады
Чацвёрты Усебеларускі народны сход. Менск, 2010 год.
Фота: БелТА

Перадапошні УНС

У 2016 годзе УНС упершыню не быў прымеркаваны ані да рэферэндумаў, ані да выбараў. Ён адбыўся на наступны год пасля прэзідэнцкіх выбараў – 22–23 чэрвеня 2016 года.

Сход, як звычайна, зацвердзіў асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку – на 2016–2020 гады. Важным вектарам замежнаэканамічнай дзейнасці называлася аднаўленне прысутнасці на традыцыйных рынках, рост экспарту ў Еўразвяз, засваенне новых рынкаў. У пятай пяцігодцы запланавалі закласці падмурак новай эканомікі, эканомікі ведаў і паслуг. Пры гэтым вырашана захаваць усе дзейныя меры падтрымання маладой сям’і.

Рэзалюцыя сходу прадугледжвала інвестыцыі для росту прадукцыйнасці працы, стварэння новых працоўных месцаў і фармавання цэнтраў апераджальнага рэгіянальнага развіцця. Планаваліся рост і дыверсіфікацыя экспарту, забеспячэнне збалансаванасці замежнага гандлю (амаль палова яго дагэтуль прыпадае на Расею); развіццё інфармацыйнага грамадства і шырокае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў; усебаковае раскрыццё патэнцыялу моладзі і яе актыўная роля ва ўмацаванні дзяржавы.

З рэалізацыяй задачаў не ўсё добра

Пяты Усебеларускі народны сход, 2016 год.
Фота: SB.BY

Базавым фактарам эканамічнага развіцця называлася павышэнне эфектыўнасці кіравання на ўсіх узроўнях праз аптымізацыю функцыяў дзяржапарату і структуры дзяржаўных актываў. Планавалася заахвочваць ініцыятыву і падтрымліваць прадпрымальніцтва.

Hавiны
Журналістка TUT.by хацела трапіць на з’езд дэлегатаў УНС, а апынулася на Акрэсціна
2021.01.29 18:18

Дзяржаўным органам даручалася «прыняць вычарпальныя меры» дзеля «паляпшэння інстытуцыйнага асяроддзя, змены галіновай і тэхналагічнай структуры эканомікі, павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання і занятасці насельніцтва, зніжэння выдаткаў на вытворчасць прадукцыі, развіцця прыватнага сектару і павышэння яго ўнёску ў эканоміку, поўнай рэалізацыі патэнцыялу супрацы з усімі краінамі свету, усебаковага ўдзелу ў станаўленні Еўразійскага эканамічнага саюзу».

«Лічыць ключавой задачай пяцігоддзя аднаўленне і забеспячэнне далейшага ўстойлівага эканамічнага росту як асновы для паспяховага жыцця будучых пакаленняў», – падкрэслівалі дэлегаты сходу.

Пры гэтым яны прызнавалі, што з рэалізацыяй задачаў на мінулую пяцігодку не ўсё так добра: «праз шэраг негатыўных вонкавых і ўнутраных фактараў асноўныя прагнозныя паказнікі не былі дасягнутыя. Агульныя тэмпы развіцця краіны да канца пяцігодкі склаліся ніжэй за запланаваны ўзровень».

Адбыўся адкат назад

Як адзначыў у каментары belsat.eu старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі, рэзалюцыю УНС 2016 года можна спакойна ўзяць і перадрукаваць у 2021-м.

«Планы сацыяльна-эканамічнага развіцця вельмі падобныя. Напісана ўсё даволі добра і даволі правільна. Але, як адзначаецца нават у папярэдняй рэвалюцыі, асноўныя паказнікі сацыяльна-эканамічнага развіцця не былі дасягнутыя», – заявіў эканаміст.

Ён дадаў, што хоць на УНС зацвярджаюцца планы на пяцігодкі, перыяд 2016–2020 гадоў варта падзяліць на два розныя перыяды: 2016–2019 гады і 2020 год пасля 9 жніўня.

Рыхтаванне да Усебеларускага народнага сходу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 6 лютага 2021 года.
Фота: АВ /Белсат

«Некаторыя поспехі былі дасягнутыя ў першым перыядзе, хоць і не цалкам. Эканамічны рост, які б дасягаў сярэднесусветных тэмпаў, так і не быў дасягнуты. Уцямнай рэформы дзяржаўнага кіравання і павелічэння эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў таксама не было. Але сапраўды нешта расло і развівалася, пачалі выплываць новыя сектары эканомікі», – мяркуе эксперт.

Разам з тым, паводле яго, з 9 жніўня 2020 года адносна шмат якіх дасягненняў 2016–2019 гадоў адбыўся адкат назад.

«І цяпер мы рухаемся ў супрацьлеглым кірунку», – адзначыў Леў Львоўскі.

Планы зноў не будуць выкананыя

Варта чакаць, што новы УНС зноў зацвердзіць задачы на чарговую пяцігодку. Эксперт прызнае, штт ў новай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця напісаныя «цудоўныя рэчы» і закладзеныя ўражвальныя для краіны тэмпы росту эканомікі, якія апярэджваюць сярэднесусветныя. Пры гэтым ён упэўнены, што планы пяцігодкі зноў не будуць выкананыя, «і можна будзе зноў сказаць, што ў нас была цудоўная праграма, але з прычыны шэрагу негатыўных вонкавых фактараў паказнікі не былі дасягнутыя».

Hавiны
Менск перад УНС усё больш становіцца чырвона-зялёным
2021.02.06 17:16

Эканаміст падкрэсліў, што фундаментальная неэфектыўнасць ды іншыя праблемы беларускай эканомікі ніяк не ўлічваюцца ў новай праграме, не прапаноўваюцца варыянты пазбаўлення ад іх або іх вырашэння.

«Проста гаворыцца, што мы будзем рабіць усё, як раней, а ў новых умовах палітычнага крызісу нават яшчэ горш, але вынікаў мы дасягнем лепшых. Чаму, якім чынам, на падставе якіх механізмаў, засноўваюцца гэтыя прагнозы – не зразумела», – робіць выснову прадстаўнік BEROC.

Рыхтаванне да Усебеларускага народнага сходу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 6 лютага 2021 года.
Фота: АВ /Белсат

МГ belsat.eu

Стужка навінаў