МУС: Міліцыя не дапусціць несанкцыянаваных акцыяў падчас Усебеларускага сходу


Прэс-служба МУС папярэдзіла, што напярэдадні Шостага Усебеларускага народнага сходу органы ўнутраных справаў робяць усе неабходныя захады дзеля гарантавання грамадскай бяспекі. Гэта звязана, сярод іншага, з прыбыццём у сталіцу вялікай колькасці людзей.

«Асноўная задача супрацоўнікаў міліцыі ў гэтыя дні – перадухіліць правапарушэнні, растлумачыць правілы паводзінаў і меры адказнасці. У той жа час праваахоўнікі не дапусцяць правядзення якіх-небудзь несанкцыянаваных акцыяў на фоне важнага грамадска-палітычнага мерапрыемства. Правапарадак будзе забяспечаны: усе супрацьпраўныя дзеянні спыненыя, а кожнаму з іх – дадзеная прававая ацэнка», – заявіла афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.

Hавiны
Вадамёты і вялікая колькасць сілавікоў. Ігар Макар заклікаў беларусаў не выходзіць на пратэсты падчас УНС
2021.02.09 19:05

У міліцыі звярнулі ўвагу на тое, што 11 і 12 лютага ў Менску магчымыя кароткачасовыя абмежаванні руху, у тым ліку з прычыны складаных умоваў надвор’я – паводле прагнозаў сіноптыкаў, на працягу тыдня ў Менску чакаецца моцны снегапад. У ведамстве прапанавалі па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту.

Таксама МУС заклікала беларусаў «паважаць адно аднаго». На фоне бесперапыннага канвееру судоў з жорсткімі прысудамі гэта гучыць недвухсэнсоўна.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў