Былога выкладчыка БДУ арыштавалі на 15 содняў. ГУБАЗіК затрымліваў яго з кайданкамі


У судзе Савецкага раёну Менску разгледзелі адміністратыўную справу ў дачыненні былога выкладчыка юрыдычнай этыкі кафедры крыміналістыкі БДУ Яраслава Ката. Мужчыну пакаралі арыштам на 15 содняў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Яраслаў Кот быў затрыманы 9 лютага – у ягонай кватэры правялі агляд ці ператрус. На мужчыну склалі адміністратыўны пратакол паводле арт. 17.1 («Дробнае хуліганства») і адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Сёння ягоную справу разглядала суддзя Марына Фёдарава.

Былы выкладчык БДУ Яраслаў Кот. Крыніца: advisers.by

З пратакола вынікае, што Яраслаў «наўмысна з хуліганскіх памкненняў стаў выказваць незадаволенасць працаю супрацоўнікаў унутраных справаў, размаўляў на падвышаных тонах», а таксама называў сілавікоў фашыстамі ды карнікамі.

Педагог распавядае іншае. Ён пачуў званок у дзверы і падышоў, каб паглядзець, хто да яго завітаў. Але вочка чымсьці закрылі. Кот папрасіў адкрыць яго і паказаць пасведчанне – замест гэтага пабачыў чорныя сілуэты. Яраслаў прыадчыніў дзверы, і на яго адразу кінуліся людзі ў чорнай вопратцы, кепках і масках. Мужчына спалохаўся, што яго выкрадаюць, і пачаў гукаць суседзям, каб выклікалі міліцыю.

Да таго ж, Кот сцвярджае, што яго павалілі на падлогу, ціснулі на патыліцу і шыю, а пасля закавалі ў кайданкі. Каля пяці гадзінаў ён правёў у бетоннай камеры.

Суддзя Марына Фёдарава вызнала мужчыну вінаватым і прызначыла арышт тэрмінам 15 содняў.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў