Арышт журналістаў «Белсату», пераслед актывістаў, даследаванне ўладаў. Беларусь пратэстуе 186 дзён


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо больш як паўгады. Улады рыхтуюцца да Усебеларускага народнага сходу – некаторыя пратэстоўцы сустрэнуць яго на соднях.

Журналістаў «Белсату» асудзілі за «дробнае хуліганства»

Любоў Лунёва і Зміцер Солтан. Калаж: Белсат

Сёння суд Савецкага раёну Менску разгледзеў адміністратыўныя справы журналістаў «Белсату» Любові Лунёвай і Змітра Солтана. Іх пакаралі адміністратыўнымі арыштамі на 10 і 15 содняў адпаведна.

Нашых калегаў затрымалі 8 лютага, калі яны працавалі з камерай у Менску каля філармоніі. Пратаколы на іх склалі аднолькавыя. У холе Савецкага РУУС яны нібыта «выказвалі незадаволенасць працаю прадстаўнікоў МУС, перашкаджалі працы міліцыянтаў, гучна размаўлялі, называлі міліцыянтаў карнікамі і фашыстамі». Сведкам у справе выступіў ужо звыклы сведка Савецкага РУУС участковы Мікіта Бельскі.

Суддзя Марына Фёдарава нічога дзіўнага не заўважыла.

Улады хапаюць актывістаў напярэдадні УНС

Ужо 11 лютага ў Менску адбудзецца Усебеларускі народны сход. Ганяць ва ўсю моц сілавікі не жадаюць, таму беларусаў затрымліваюць загадзя.

Усё тая ж Марына Фёдарава сёння разгледзела адміністратыўную ў дачыненні былога выкладчыка юрыдычнай этыкі кафедры крыміналістыкі БДУ Яраслава Ката. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Ён пачуў званок у дзверы і падышоў, каб паглядзець, хто да яго завітаў. Але вочка чымсьці закрылі. Кот папрасіў адкрыць яго і паказаць пасведчанне – замест гэтага пабачыў чорныя сілуэты. Яраслаў прыадчыніў дзверы, і на яго адразу кінуліся людзі ў чорнай вопратцы, кепках і масках. Мужчына спалохаўся, што яго выкрадаюць, і пачаў гукаць суседзям, каб выклікалі міліцыю. Кот сцвярджае, што яго павалілі на падлогу, ціснулі на патыліцу і шыю, а пасля закавалі ў кайданкі.

Мужчына, як і нашыя калегі, атрымаў пратакол за «дробнае хуліганства». І нават пратаколы амаль аднолькавыя. Ён нібыта «наўмысна з хуліганскіх памкненняў стаў выказваць незадаволенасць працаю супрацоўнікаў унутраных справаў, размаўляў на падвышаных тонах», а таксама называў сілавікоў фашыстамі ды карнікамі. За гэта педагога пакаралі 15 соднямі арышту.

Hавiны
Былога выкладчыка БДУ арыштавалі на 15 содняў. ГУБАЗіК затрымліваў яго з кайданкамі
2021.02.10 15:37

А лідская міліцыя складае пратаколы на грамадзянаў, якія 18 студзеня прыйшлі ў мясцовы раённы суд на агалошванне прысуду мясцоваму актывісту, палітзняволенаму Вітольду Ашурку. Паводле інфармацыі журналіста «Белсату», рэпрэсіі закранаюць не менш як 30 чалавек. Адміністратыўны працэс вядзе маёр Лідскага РАУС Мікалай Рабушка.

Сёння, 10 лютага, у Лідскі РАУС позваю выклікалі гарадзенскага актывіста Ежы Грыгенчу. Прычына, з якой яго выклікалі, дакладна не вядомая, але актывіста затрымалі на 72 гадзіны. Ён таксама быў на судзе над Ашуркам і не выключаў, што яго могуць затрымаць.

Hавiны
Пераслед актывістаў у Лідзе: затрыманы гарадзенскі актывіст Ежы Грыгенча
2021.02.10 14:33

А за журналістаў сёння ўзяўся Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Ягоныя супрацоўнікі зладзілі ператрус у кватэрах вядомага журналіста Віктара Малішэўскага і былога рэпарцёра БТ Мікіты Дзяменьцьева. Абодва цяпер на волі.

Бабарыка даў інтэрв’ю з Амерыканкі

Віктар Бабарыка, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку», ужо амаль 8 месяцаў застаецца за кратамі ў СІЗА КДБ. Экс-банкіру інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры. Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, які цяпер таксама за кратамі, прызнаны палітзняволенымі.

У інтэрв’ю нямецкаму выданню «Deutsche Welle» ён распавёў пра стаўленне да сітуацыі ў краіне, сустрэчу з АляксандрамЛукашэнкам у СІЗА КДБ і выказаў пажаданні ўсім беларусам. Сярод іншага Бабарыка даў прагноз падзей у Беларусі.

«Гэта адно з самых складаных пытанняў для чалавека, які атрымлівае 90 % інфармацыі, насычаных выключна хлуснёй, страхам і нянавісцю (то бок з дзяржтэлебачання). Але, мне здаецца, варыянтаў толькі два. Або новая Беларусь, эканамічна і палітычна незалежная, або спыненне існавання фактычна незалежнай краіны (хай нават юрыдычна яна і захавае свой статус) шляхам уключэння нас у арбіту чыйго-небудзь «свету». Выбіраць адну з гэтых дарог давядзецца найбліжэйшым часам – эканоміка не дазволіць доўжыць цяперашні стан. Калісьці было сказана вельмі дакладна: «Палітыка ёсць канцэнтраваным выяўленнем эканомікі». Таму крайні пункт – 2025 год, але хацелася б думаць, што гэта фантастычна доўгі тэрмін. Я за першы варыянт».

Бабарыка яшчэ не супраць стаць прэзідэнтам, але сумняваецца, што варты такога народа.

«Мне б вельмі хацелася быць вартым такога народу. Тых, хто нягледзячы на ўсю несправядлівасць і жорсткасць, захавалі сваю чысціню. Я разумею, што апошні год даў нам шмат маладых і годных людзей, які цалкам гатовыя прэтэндаваць на ролю лідара. Вось жа майго жадання і раней было недастаткова, а цяпер і патрабаванні дужа выраслі. Але пры захаванні запыту на маё бачанне шляхоў развіцця краіны ў мяне застаецца гатоўнасць унесці ўсе свае ўменні і навыкі. Прапанова з майго боку ёсць, але ці будзе на гэта попыт – пабачым».

 

Артыкулы
Віктар Бабарыка даў нямецкаму выданню інтэрв’ю з СІЗА КДБ
2021.02.10 11:49

Улады агучылі вынікі сацдаследавання

Cёння дырэктар агучылі вынікі сацыялагічнага даследавання, якое зладзілі напярэдадні Усебеларускага народнага сходу. Лічбы не здзіўляюць. Паводле даследавання, узровень даверу да Аляксандра Лукашэнкі – 66,5 %, да апазіцыі – 17,2 %. Пры гэтым 64,9 % беларусаў лічаць, што эканамічная сітуацыя за мінулы год пагоршылася, а 50,6 % канстатавалі пагаршэнне ўласнага матэрыяльнага становішча. 16,9 % сказалі, што ў гэтым вінаватыя самыя грамадзяне, 6,5 % звязваюць гэта з урадам, 4 % – з Лукашэнкам. БелТА дадае, што нібыта 60 % беларусаў задавальняе дзейная Канстытуцыя. А згодна з тэлефонным апытаннем, Лукашэнку падтрымліваюць ажно 74,2% беларусаў.

А можа, калі пыталі пра давер да прэзідэнту мелі на ўвазе Святлану Ціханоўскую? Добры вынік за першыя паўгады пасля выбараў.

 



ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў