Што адбываецца на вуліцах Алматы і ў галовах казахскіх уладаў? Спыталі казахскіх экспертаў

У найбуйнейшым горадзе Казахстану паступова аднаўляецца мірнае жыццё – але пад наглядам узброеных вайскоўцаў. «Вот так» спытаў, што адбываецца, у аналітыка з Алматы і былога кіраўніка казахскага Камітэту нацыянальнай бяспекі.

«Зялёных чалавечкаў» вітаюць, пакуль ёсць патрэба ў бяспецы

Дырэктар аналітычнага цэнтру «Central Asia: Cronos» Анатолій Іваноў расказаў у эфіры «Вот Так», што бачыў на вуліцах Алматы 10 студзеня.

Паводле яго, у горадзе з’яўляецца пэўны парадак: стрэлаў ужо не чуваць, пачынаюць працаваць крамы, ездзіць грамадскі транспарт, аднавіўся абмежаваны доступ да інтэрнэту (кажуць, будуць уключаць з 9:00 да 13:00 і з 17:30 да 19:30, пакуль не скончыцца рэжым надзвычайнага стану).

Беларускія вайскоўцы ў Казахстане. Скрыншот: Минобороны России / Youtube

Вайскоўцаў з расейскімі ці беларускімі нашыўкамі на вуліцах не відаць, расказвае Іваноў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, беларускія «міратворцы» ахоўваюць аэрадром «Жэтыген» і склад артылерыйскіх боепрыпасаў у паселішчы Капшагай.

Але сказаць, хто расеец ці беларус, а хто казах, складана: у міратворцаў аднолькавая форма, і было нямала паведамленняў пра дзеянні людзей у вайсковай форме без апазнавальных нашывак.

З-за пратэстаў у Казахстане затрымана амаль 8 тысяч чалавек

Людзі, якія перажылі некалькі дзён безуладдзя ў Алматы, пакуль не супраць прысутнасці «міратворцаў» – але хіба на пару тыдняў, да аднаўлення парадку.

«Гэта нават вітаецца. Былі выказванні кшталту «нам усё роўна, хто будзе аднаўляць парадак, хай гэта будуць хоць іншапланетнікі з Альфа-Цэнтаўры, абы тут з’явіўся хоць нейкі парадак, нейкая ўлада, спынілася марадзёрства, – расказвае Іваноў. – Калі гэты час будзе працягнуты, тады я дапускаю, што будуць пратэсты з патрабаваннем вывядзення войскаў».

Алматы, Казахстан. 9 студзеня 2022 года. Фота: Павел Міхееў / Reuters / Forum

Такаеў абапіраецца на Пуціна, каб стварыць свой клан

А што сілавікі? Пра гэта ў эфіры «Вот так» расказаў генерал-маёр Альнур Мусаеў, які быў старшынём Камітэту нацыянальнай бяспекі Казахстану ў 1999–2001 гадах.

10 студзеня Уладзімір Пуцін і кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на саміце Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі агучылі сваю версію падзеяў: «тэрарысты хацелі захапіць уладу», «баевікі прайшлі рыхтаванне ў замежных цэнтрах» і гэтак далей. Ніякіх доказаў гэтаму не падалі.

Улады Казахстану задзейнічалі крымінальнікаў у пагромах. Эксперты: гэта барацьба кіруючых эліт

Мусаеў лічыць немагчымым, каб у Камітэце нацыянальнай бяспекі Казахстану не заўважылі рыхтавання дзяржаўнага перавароту або заяўленых Такаевым «20 тысяч тэрарыстаў». Паўстанне, кажа ён, дакладна не рыхтавалася мэтанакіравана, «з нейкага цэнтру». Але кланавая структура ўлады магла паўплываць сваймі няўдалымі дзеяннямі і бяздзеяннем на тое, каб злачынцы пачалі пагромы і забойствы. Падчас пратэстаў, кажа ён, «усе навокал шукалі, каму падпарадкоўвацца: ці то Назарбаеву, ці то Такаеву, ці то іншым кланам».

Пры тым Мусаеў называе «вялікім плюсам» для Такаева тое, што той 5 студзеня змяніў кіраўніка КНБ – зняў чалавека з клану Нурсултана Назарбаева і на яго месца паставіў кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы, не заангажаванага ў кланах. Знялі і намесніка кіраўніка Камітэту нацыянальнай бяспекі, які «практычна ў адкрытую «крышаваў» людзей з клану Назарбаева, «вінаватых у раскраданні дзяржавы». Усё новае кіраўніцтва Казахстану, якое цяпер прызначае Такаеў, мела б быць «роўнааддаленым» ад кланаў, але адданае асабіста Такаеву.

Такаеў заявіў пра спробу дзяржаўнага перавароту. Што яшчэ казалі на онлайн-саміце кіраўнікоў краінаў АДКБ

Не выклікае сумневаў, што Такаеў не можа абапірацца на казахскія кланы, таму абапіраецца на Пуціна і расейскія войскі, каб стварыць свой клан, заяўляе Мусаеў. Пуцін выйшаў галоўным бенефіцыярам падзеяў у Казахстане – і ён не дапусціць, каб у Казахстане з’яўляліся нейкія сілы або кланы супраць расейскіх інтарэсаў.

А Назарбаеў выйдзе?

Дзе цяпер былы кіраўнік Казахстану, невядома. Прэс-сакратар Нурсултана Назарбаева заяўляў, што той нібыта застаецца ў Нур-Султане (сталіцы Казахстану), але пацверджанняў гэтага не было – дакладна не вядома нават, ці жывы Назарбаеў.

Алматы, Казахстан. 9 студзеня 2022 года. Фота: Павел Міхееў / Reuters / Forum

Казахскі палітолаг Дасым Сатпаеў лічыць, што калі Назарбаеў сапраўды застаўся ў сталіцы і кантактуе з Такаевым, то гэта гарантуе яму пэўную бяспеку ў цяперашніх «разборках» элітаў. Імаверна, кажа палітолаг, што Назарбаеў сам перадаў Такаеву сваю пасаду кіраўніка Савету бяспекі, каб пераемнік заняўся «антыкрызісным менеджментам».

Але ніякіх пацверджанняў таго, што Назарбаеў, які кіраваў Казахстанам звыш 30 гадоў, прынамсі жывы, няма – толькі чуткі і здагадкі.

Вугоршчына, Чэхаславаччына, Афганістан. З якімі аперацыямі можна параўнаць дзеянні АДКБ у Казахстане?

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны