З-за пратэстаў у Казахстане затрымана амаль 8 тысяч чалавек


У Казахстане за раніцу 10 студзеня знойдзены целы некалькіх высокапастаўленых сілавікоў, а колькасць затрыманых у выніку масавых беспарадкаў узрасла амаль да 8 тысяч чалавек, паведамляе Orda.kz са спасылкай на сітуацыйны цэнтр МУС.

«Ва ўсёй краіне затрыманы 7939 асоб», – сказана ў паведамленні.

134 чалавекі, якія падазраюцца ў асабліва цяжкіх злачынствах, накіравалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а па выніках пратэстаў узбуджана 125 крымінальных спраў. У МЗС краіны заявілі, што ў пратэстах, якія перараслі ў беспарадкі ў Казахстане, былі задзейнічаны ўдзельнікі баявых дзеянняў на баку ісламістаў.

Таксама паведамляецца, што канфіскавана 5 сагнаных аўто, выкрадзеныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, 2 адзінкі гладкаствольнай і 4 халоднай зброі.

Пратэсты ў Алматы, 4 студзеня 2022 г.
Фота: PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum

Між тым паведамляецца, што колькасць пацярпелых сілавікоў у Казахстане перавысіла 1300 чалавек, а 394 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі атрымалі раненні. Раней паведамлялася аб 18 загінулых сілавіках. Было пашкоджана больш за 90 адзінак ваеннай тэхнікі.

Аднак колькі загінула пратэстоўцаў падчас беспарадкаў – не паведамляецца. Раней у Мінздароўя назвалі лічбу ў 164 ахвяры, аднак пазней абверглі гэтую інфармацыю.

Раптоўныя смерці сілавікоў

Мясцовыя медыі паведамляюць, што за раніцу 10 студзеня ў Казахстане адбыліся некалькі раптоўных трагічных выпадкаў сярод высокапастаўленых сілавікоў.

У Нур-Султане ў двары дома па месцы пражывання знайшлі цела 42-гадовага палкоўніка Камітэта нацыянальнай бяспекі Азамата Ібраева. Паведамляецца, што ён выкінуўся з акна шматпавярховага дома.

Раніцай панядзелка ў Таразе застрэліўся начальнік Дэпартамента паліцыі Жамбылскай вобласці Жанат Сулейменаў. Пасля беспарадкаў у дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа, яму пагражаў трыбунал.

Таксама вядома, што памёр намеснік кіраўніка ўпраўлення паліцыі Турскібскага раёна Алматы Танат Назанаў. Згодна са звесткамі казахстанскіх СМІ, смерць наступіла сёння раніцай проста на працоўным месцы, паведамляецца пра інфаркт.

Hавiны
Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане
2022.01.05 19:38

Ад мірных пратэстоўцаў да «тэрарыстаў»

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жангаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля зʼявіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.

Дзяржаўны сцяг Казахстана прыспушчаны на даху будынку гарадской адміністрацыі ў дзень жалобы па загінулых падчас масавых акцый пратэсту. Алматы, Казахстан, 10 студзеня 2022.
Фота: MARIYA GORDEYEVA / Reuters / Forum

У першыя дні пратэстаў улады заявілі, што пачулі патрабаванні людзей і абвесцілі зніжэнне коштаў на звадкаваны газ на 180 дзён. Але пазней рыторыка змянілася, пратэстоўцаў афіцыйна пачалі называць «тэрарыстамі».

Цэнтрам пратэстаў стаўся найбуйнейшы горад краіны – Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж пратэстоўцамі і ўрадавымі войскамі. Усцяж у Алматы праблемы з інтэрнэтам, мясцовы аэрапорт не працуе.

У ноч на 6 студзеня Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ. У Казахстан накіраваліся ў тым ліку і беларускія вайскоўцы.

6 студзеня Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстану пачаў дасудовае расследаванне дзяржаўнай здрады паводле артыкула 175 часткі 1 Крымінальнага кодэксу Казахстану. У гэты ж дзень па падазрэнні ва ўчыненні гэтага злачынства затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання былы старшыня КНБ Карым Масімаў.

Ад пачатку пратэстаў у Казахстане першы прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў асабіста ніяк не каментаваў падзеі і не зʼяўляўся на публіцы.

Hавiны
Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым
2022.01.05 14:22

АД belsat.eu

Стужка навінаў