Такаеў заявіў пра спробу дзяржаўнага перавароту. Што яшчэ казалі на онлайн-саміце кіраўнікоў краінаў АДКБ


Раніцай 10 студзеня ў онлайн-фармаце адбылося пасяджэнне Савету калектыўнай бяспекі АДКБ па сітуацыі ў Казахстане.

Прапанову правесці саміт выказаў 8 студзеня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у размове з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Акрамя Пуціна ў саміце прынялі ўдзел Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр Арменіі Нікола Пашынян, прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон і прэм’ер-міністр Кыргызстану Акылбек Жапараў – прадстаўнікі тых краін, якія адправілі сваіх вайскоўцаў у Казахстан.

Фота: kremlin.ru

На пачатку паседжання ўдзельнікі саміту ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых у беспарадках у Казахстане.

Падчас свайго выступу Такаеў заявіў, што Казахстан перажыў маштабны крызіс, самы цяжкі за гісторыю незалежнасці і назваў падзеі ў Казахстане спробай дзяржаўнага перавароту, а «галоўнай мэтай тэрарыстаў быў захоп улады».

«Усе падзеі з пачатку бягучага года складаюць звёны аднаго ланцуга, яны падпарадкаваны адзінай разбуральнай задуме, падрыхтоўка якой ішла працяглы час», – сказаў прэзідэнт Казахстана.

Такаеў зазначыў, што для Казахстана прынцыпова важная не толькі ваенная, але і маральная падтрымка ад АДКБ, якая «паказала сваю запатрабаванасць як эфектыўная арганізацыя». Цяпер у краіне ад міратворчай місіі АДКБ знаходзяцца 2030 чалавек і 250 адзінак тэхнікі.

«У бліжэйшы час маштабная антытэрарыстычная аперацыя завершыцца, а разам з ёй і місія АДКБ», – заявіў прэзідэнт. Раней паведамлялася, што «міратворцы» ад АДКБ прабудуць на тэрыторыі Казахстана каля тыдня.

Таксама Такаеў заявіў, што ў бліжэйшы час прадставіць сусветнай грамадскасці доказы аб арганізацыі тэрарыстычнага нападу на Казахстан.

Абноўлена
З-за пратэстаў у Казахстане затрымана амаль 8 тысяч чалавек
2022.01.10 08:52

Уладзімір Пуцін заявіў, што баявікі, якія дзейнічалі ў Казахстане, прайшлі падрыхтоўку ў замежных цэнтрах і маюць вопыт дзеянняў у гарачых кропках. А падзеі ў Казахстане – не першая і далёка не апошняя спроба ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы дзяржаў.

Фота: kremlin.ru

Таксама Пуцін паабяцаў, што пасля выканання сваіх функцый усе «міратворцы» АДКБ будуць выведзены з Казахстана.

Лукашэнка ж у сваім звароце таксама звярнуў увагу на тое, што пратэсты кантраляваліся з замежжа і заявіў, што нельга дапускаць выстаўлення міратворчага кантынгенту АДКБ як акупантаў.

«Мы ніякія не акупанты. Мы не прыйшлі туды па сваім жаданні. Нас запрасіў наш брат, наш сябар, які адказвае за гэтую вялізную краіну», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Мінабароны: Беларускія вайскоўцы пачалі выкананне задач у Казахстане
2022.01.08 12:12

Прэм’ер-міністр Жапараў заявіў, што Кыргызстан выступае супраць тэрарызму і зацікаўлены ў найхутчэйшай стабілізацыі сітуацыі ў Казахстане, а таксама выказаў надзею на сумеснае разбіральніцтва ў абвінавачваннях у адрас грамадзян Кыргызстану, якія нібыта ўдзельнічалі ў беспарадках: «Спадзяемся, што па кожным пацверджаным выпадку будзе справядлівае расследаванне».

Прэзідэнт Таджыкістана адзначыў, што «у фокусе асаблівай увагі мы павінны трымаць праблему бескантрольнага выезду грамадзян на вучобу ў замежныя рэлігійных цэнтрах». Нібыта там праходзяць экстрэмісцкая падрыхтоўка.

Фота: kremlin.ru

«У тэрарыстаў няма Радзімы, няма рэлігіі, няма нацыянальнасці. Іх трэба знішчыць, дзе б яны не знаходзіліся, дзе б яны не былі», – сказаў Рахмон.

Прэм’ер-міністрам Арменіі Нікол Пашынян выказаўся, што ў зоне адказнасці АДКБ не праглядаецца зніжэнне напружанасці: «Мы працягваем сутыкацца з новымі відамі пагроз».

Саміт доўжыўся амаль дзве гадзіны і скончыўся словамі Пуціна, у якіх ён адзначыў высокі давер паміж краінамі-сябрамі АДКБ.

Аналітыка
Вугоршчына, Чэхаславаччына, Афганістан. З якімі аперацыямі можна параўнаць дзеянні АДКБ у Казахстане?
2022.01.07 07:30

АД, belsat.eu

Стужка навінаў