1, 5 млн долараў на хабары. КДБ распавёў пра карупцыйную схему пры закупках спецадзення


У справе аб закупках спецадзення фігуруе больш за 20 розных дзяржаўных прадпрыемстваў, на хабары кіраўніцтвам камерцыйнай фірмы было выдзелена 1,5 млн долараў, а сума хабару вар’іравалася ад 15 да 50 тысяч долараў, сцвярджаюць у КДБ.

У КДБ газеце «СБ – Беларусь сегодня» распавялі, што ў пачатку красавіка ў гасцініцы «Нёман» з доказамі злачынства затрымалі начальніка аддзела аховы працы «Белэнерга», які спрабаваў выманіць 12 тысяч долараў у дырэктара адной з камерцыйных структур (пакуль ідзе следства, яе назва не выдаецца). Паводле версіі следства, гэта быў хабар за стварэнне для фірмы ўмоў, якія гарантуюць яе перамогу ў конкурсах на закупку сродкаў абароны па замове дзяржпрадпрыемства.

У выніку КДБ распачаў 22 крымінальных справы ў дачыненні да 19 службовых асобаў розных дзяржпрадпрыемстваў.

«Кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў рознага ўзроўню за грошы садзейнічалі закупцы прадпрыемствамі буйных партый айчыннага і замежнага спецадзення, а таксама сродкаў індывідуальнай абароны. Пераможцам у тэндарах нязменна аказваліся адны і тыя ж камерцыйныя структуры.

Кошт «перамогі» – ад 50 да 15 тысяч долараў. Адзначаецца, што часцяком хабар вымагалі начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў, эканамісты і бухгалтары ды іншыя службовыя асобы дзяржпрадпрыемстваў.

Сярод тых, хто па конкурсе набываў спецадзенне – Мазырскі НПЗ, «Гродна Азот», «СветлагорскХімвалакно», «Краснасельскбудматэрыялы», «Мінскводаканал», у філіялах «Беларуснафты», Беларускай чыгункі і гэтак далей.

Паводле КДБ, схема дзейнічала як мінімум з 2013 года. Усяго, як устаноўлена КДБ, з тых часоў на хабары кіраўніцтвам фірмы было выдзелена звыш 1,5 мільёна долараў.

Аднак кіраўнікоў камерцыйнай структуры не змяшчалі пад варту. Як піша «СБ – Беларусь сегодня» са спасылкай на КДБ, гэта рашэнне прынята таму, што яны цалкам раскаяліся і актыўна супрацоўнічаюць са следствам. Па-другое, гэта зроблена для забеспячэння бесперабойнай работы працоўных калектываў, ня арыштоўваліся рахункі камерцыйных прадпрыемстваў. Пры гэтым на маёмасць і іншыя актывы затрыманых службовых асоб накладзены арышт.

Напярэдадні Лукашэнка ў сваім пасланні да народа і парламента распавёў, што ў гэтым годзе КДБ раскрыў маштабную карупцыйную сетку ў сферы паставак спецадзення для дзяржпрадпрыемстваў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў