«Былі не ледаколам, а лодачкамі». Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з чытачамі «Ледаколкі»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас свайго візіту ў Польшчу ўзяла ўдзел у дыскусіі «Беларусь на ростанях», якая прайшла 8 снежня ў музеі гісторыі польскіх габрэяў «Polin». Імпрэза ладзілася з нагоды выхаду кнігі журналіста польскага выдання польскай «Rzeczpospolita» і калумніста «Белсату» Руслана Шошына «Lodołamaczka Swiatłana Cichanouska» («Ледаколка Святлана Ціханоўская»). Мы пабывалі на сустрэчы.

«Скажыце ж ужо Вячорку…»

Беларусам Варшавы сёлета не вельмі шанцуе. Другі раз запар графік візіту Святланы Ціханоўскай у польскай сталіцы складаецца так, што спатканне з дыяспарай папярэднічае сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Адсюль – спешка, напружанасць і людзі, якія пастаянна нешта нашэптваюць на вуха вядоўцам імпрэзаў.

Святлана Ціханоўская ідзе на сустрэчу з чытачамі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska», якая была напісаная журналістам польскай газеты «Rzeczpospolita» і калумністам «Белсату» Русланам Шошыным. Польшча, Варшава. 12 снежня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Скажыце ж ужо хто-небудзь Вячорку, каб наступным разам месцамі з Дудам памяняў, а то ў Святланы часу на народ бракуе», – жартуе яшчэ перад пачаткам сустрэчы адзін з беларусаў.

 Часу сапраўды было мала. Дыскусія «Беларусь на ростанях» пачынаецца на 12 хвілін пазней запланаванага часу. Святлану Ціханоўскую сустракаюць стоячы. З воплескамі. З залы гучыць «Жыве Беларусь!». Гераіня кнігі Руслана Шошына і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сур’ёзная і засяроджаная. Усміхаецца адно на пачатку сустрэчы.

Калі ледакол ідзе наперад

Першае пытанне мадэратаркі сустрэчы – польскай журналісткі Агнэшкі Ліхняровіч, тычылася «ледакольнай» метафары ў назве кнігі.

«Ледаколка, «лёдаламачка» – мне насамрэч вельмі спадабаўся такі падыход аўтара. Але ведаеце, сэнс у тым, што ніводны карабель, ніводны ледакол не пойдзе наперад, калі на гэтым ледаколе кожны чалавек не будзе рабіць патрэбную справу.

Так што не адзін капітан, а толькі калі кожны на сваім месцы і робіць справу – толькі тады гэты ледакол ідзе наперад», – патлумачыла Святлана Ціханоўская, папрасіўшы перад гэтым прабачэння за спазненне (затрымка з самалётам у Гданьску).

Святлана Ціханоўская размаўляла па-беларуску. Адказваючы на пытанне, у чым яе сіла, прызналася, што сілы ў яе, магчыма, не так і шмат і што кожная «моц не можа быць раскрытая, калі вакол яе няма людзей». Менавіта прысутнасць побач натхнёных і мэтанакіраваных беларусаў, па словах Ціханоўскай, прыдавала і прыдае ёй сілы.

Святлана Ціханоўская і Руслан Шошын падчас прэзентацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska». Польшча, Варшава. 8 снежня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Я ішла побач з імі, не вырываючыся наперад, і ніколі не казала, што я тут, наперадзе, а вы недзе там, па-за мной, – толькі разам», – сцвердзіла лідарка дэмакратычнай Беларусі.

Самая вялікая памылка

Спадарыню Ціханоўскую спыталі і пра памылкі.

«Вялікая памылка ў маім жыцці – гэта тое, што я, як насамрэч і мільёны іншых беларусаў, не цікавіліся Беларуссю ўсе гэтыя гады. Мы жылі сваімі жыццямі і не далучаліся ўсе гэтыя 28 гадоў да тых людзей, якія стаялі наперадзе. Такіх як Мікалай Статкевіч, як Павел Севярынец, як Аляксандр Мілінкевіч ды іншыя. Яны былі наперадзе, а мы… ну хай яны там нешта робяць, а мы пажывем ды пабачым», – казала Святлана Ціханоўская.

Аляксандр Мілінкевіч, Іна Кулей, Франак Вячорка падчас прэзентацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» . Польшча, Варшава. 8 снежня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Па яе словах, «мы самі дапусцілі такую сітуацыю, у якой апынуліся, бо да 2020 года людзі спалі» і не звярталі ўвагі на тых, хто даўно ўжо біў у званы. «Гэта самая-самая вялікая памылка наша», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

«Не ведалі сваёй гісторыі, не цікавіліся беларускай мовай – жылі як жылося. Мы былі не адным ледаколам, а былі шматлікімі лодачкамі, якія проста плылі па цячэнні», – зноў вярнулася да карабельнай метафары выступоўца.

«У мяне проста такі лёс»

Калі ў аўтара «Ледаколкі» Руслана Шошына запыталіся, што б ён мог сёння дапісаць наконт феномену Ціханоўскай, ён сказаў пра шчырасць гераіні і прэзідэнткі.

«Ключавы фактар – шчырасць. Шчырасць зрабіла сваё. Беларусы бачылі проста шчырага чалавека», – адказаў Руслан Шошын.

На сустрэчы ў музеі «Polin» Святлана Ціханоўская таксама, як падаецца, была шчырая. Не рабіла выгляду разняволенай і нічым не заклапочанай. Казала пра цяжкія часіны і пра вялікі кошт, які плацім «за доўгія гады маўчання» («Але мы павінныя праз гэта прайсці»).

Святлана Ціханоўская падпісвае кнігу «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» для сваіх прыхільнікаў. Падчас прэзентацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska». Польшча, Варшава. 8 снежня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Вось вы кажаце: Святлана Ціханоўская зʼявілася. Не зʼявілася б Святлана Ціханоўская без Сяргея Ціханоўскага… Не было б мяне без Віктара Бабарыкі, без Машы Калеснікавай, без Веранікі Цапкалы. А нас не было б без усіх тых лідараў, якія перад гэтым рабілі справу замест усіх беларусаў. І гэта ўсё проста выбухнула ў 2020 годзе. А ў мяне проста такі лёс, што стала побач з беларусамі», – сказала Святлана Ціханоўская.

На жаль, мікрафон так і не перадалі слухачам у зале (шмат пра што хацелася запытацца). Мадэратарка паведаміла, што планы «пані прэзідэнткі» троху мяняюцца і сціскаюцца і што ёсць толькі некалькі хвілінаў на аўтограф-сесію ў вестыбюлі. Пасля гэтага дыскусія пра «Беларусь на ростанях» працягнулася без абранай прэзідэнткі і большай часткі беларусаў, якія сталі ў чаргу, каб атрымаць яе аўтограф.

«У Беларусі боль жыве»

Апошняе, пра што казала на сустрэчы Святлана Ціханоўская, было пра Беларусь, у якой «жыве боль».

«Мару аб тым, каб нашыя палітзняволеныя выйшлі з турмаў. Дзеля гэтага мы мусім працаваць кожны божы дзень, не спыняцца ні на хвіліну», – сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская падпісвае кнігу «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» для сваіх прыхільнікаў. Польшча, Варшава. 8 снежня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Атрымаць яе аўтограф усе ахвотныя не паспелі. Зноў спешка. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка раіў перадаць непадпісаныя асобнікі яму, а потым забраць ужо ў гатэлі, пасля сустрэчы спадарыні Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы. Шчоўканне фотаапаратаў. Святлана Ціханоўская камусьці пасміхаецца і ідзе да ліфта, зноў сканцэнтраваная і сурʼёзная. Імкліва праходзіць праз натоўп. Ледаколка.

«Беларусь будзе вольнай», – напісала яна ў нашым асобніку кнігі. І распісалася.

Hавiны
У Польшчы выйшла «Ледаколка» – першая кніга пра Святлану Ціханоўскую. Для каго яна і што ў ёй новага?
2022.09.28 15:48

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў