У Літве патлумачылі, чаму не спынілі транзіт беларускага калію


Нягледзячы на санкцыі ЗША і Еўразвязу, транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву працягваецца. І ён не спыніцца, пакуль не будзе новага рашэння літоўскага ўраду або новых санкцыяў Еўразвязу. Пра гэта ў эфіры LRT паведаміў кіраўнік Літоўскай чыгункі Мантас Бартушка.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле яго, дзейны кантракт, падпісаны ў 2018 годзе, не трапляе пад санкцыі, уведзеныя ЕЗ у чэрвені 2021-га. Таксама з гэтых санкцый выключаны асноўныя віды калійных угнаенняў.

Бартушка падкрэсліў, што дамова з Беларуссю прадугледжвае кампенсацыі за парушэнне абавязкаў. Пры гэтым ён прызнаў, што хоць санкцыі ЗША супраць «Беларуськалію», якія набылі моц 8 снежня, наўпрост не распаўсюджваюцца на літоўскія кампаніі, яны могуць стаць перашкодай для разлікаў паміж контрагентамі.

«У лістападзе заказчык быў змушаны заплаціць аванс, але на працягу лістапада ён унёс дадатковыя авансы. Гэта было з яго ініцыятывы, без узгаднення, мы проста атрымалі ў банк лішнія сродкі. Як вядома, банкаўскія транзакцыі адбываюцца аўтаматычна, у кампаніі няма кнопкі ні прыняць, ні адхіліць. Паколькі паслугі аплачаныя, мы павінны выканаць дамову, бо ў адваротным выпадку неабходна адмяніць яе або рашэнне дзяржаўных органаў, або ўвядзеннем еўрапейскіх санкцый», – патлумачыў Бартушка.

Таму Літоўская чыгунка плануе ў снежні працягваць вазіць беларускі калій – амаль 1 млн тон за месяц. Таксама Бартушка заявіў, што праз санкцыі чыгунка можа страціць 120 млн еўра.

Hавiны
«Рабочы рух» апісаў схему калійных афшораў
2021.12.08 16:31

Нагадаем, што платформа «Рабочы рух» апублікавала схему фірмаў, так ці іначай звязаных з беларускім каліем. Пад санкцыі Злучаных Штатаў нядаўна трапіла кампанія «Агророзквіт» – украінская «дачка» «Беларуськалію». Але гэта аказалася толькі пачаткам схемы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў