Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Пра што размаўлялі


Святлана Ціханоўская 9 снежня – у Варшаве з працоўным візітам. Беларуская лідарка прыбыла на сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Святлана Ціханоўская 9 снежня ў Варшаве сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Варшава, Польшча. 9 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

На сустрэчы планавалі абмеркаваць праблему палітычных вязняў, у тым ліку рэпрэсаваных прадстаўнікоў польскай меншасці Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс, дапамогу беларускім студэнтам і незалежным медыям, а таксама сітуацыю на мяжы Беларусі і ЕЗ, паведамілі ў прэс-службе Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская 9 снежня ў Варшаве сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Варшава, Польшча. 9 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Па сустрэчы Анджэй Дуда расказаў, што з Ціханоўскаю сустракаецца не першы раз і застаецца з ёй у сталым кантакце адносна беларускай сітуацыі.

Дуда расказаў Ціханоўскай пра свой учорашні візіт на польска-беларускую мяжу і міграцыйны крызіс вачыма палякаў: хоць беларускі бок адвёў мігрантаў у лагістычны цэнтр за кіламетр ад мяжы, польскія сілавікі мусяць дзень і ноч заставацца гатовымі.

Hавiны
Анджэй Дуда: Веру, што беларусы і беларускі некалі ўбачаць дэмакратычную нармальнасць
2021.12.09 18:50

Ціханоўская расказала прэзідэнту Польшчы пра сітуацыю ў Беларусі і рыхтаванне Лукашэнкам рэферэндуму ў лютым. Дуда сказаў, што ў Польшчы ўсім відавочна: напэўна, вынікі рэферэндуму будуць сфальсіфікаваныя.

Дуда дадаў, што галоўнае заданне дэмакратычных сілаў Беларусі ў тым, каб давесці рэальную сітуацыю да ўсяго свету і не даць рэжыму Лукашэнкі паказаць, што «ўсё нармальна». Трэба паказаць, што ў Беларусі не выконваюцца ніякія дэмакратычныя нормы, дзе тысячы людзей за кратамі, дзе людзей сістэматычна застрашваюць і звальняюць з працы, дзе маці могуць арыштаваць за не згоду сына з дзеяннямі рэжыму.

Ціханоўская адказала на пытанне «Белсату» пра тое, што дэмакратычныя краіны мусяць зрабіць, каб спыніць канфрантацыю ў Беларусі, і што яшчэ не пачалі рабіць. Яна сказала, што стратэгія не змянілася за год:

«Мы ўпэўненыя, што ў XXI стагоддзі ўсе такія крызісы мусяць развязвацца мірна. І нашая стратэгія – дамагчыся, каб праз унутраны і вонкавы ціск вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных, каб прадстаўнікі рэжыму пачалі дыялог ці перамовы. Людзі ў рэжыме не задаволеныя тым, што адбываецца, але можна зразумець атмасферу страху ў Беларусі».

Перамовы, дадала яна, патрэбныя, каб у Беларусі прайшлі сапраўды вольныя і справядлівыя выбары, на якіх беларусы выберуць лідара, якога захочуць.

Святлана Ціханоўская 9 снежня ў Варшаве сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Варшава, Польшча. 9 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«На жаль, дыктатары не разумеюць мовы дыпламатыі, яны разумеюць толькі мову гвалту, моцы, – разважала Ціханоўская. – Мы ўпэўненыя, што толькі аб’яднаная пазіцыя дэмакратычных краінаў, якія нас падтрымліваюць, аб’яднаны ціск на рэжым Лукашэнкі з аднаго боку і падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі з другога прынясуць нам змены, за якія мы змагаемся».

Яна таксама падзякавала Польшчы як краіне, якая была сярод першых, хто прыняў беларусаў і гучна выказаўся на падтрыманне дэмакратычнага беларускага руху, але і пацярпела за гэта праз атаку на мяжы.

«Я паважаю гэтую краіну за прынцыповую пазіцыю, – заявіла Ціханоўская пра Польшчу. – Гэтая пазіцыя можа быць прыкладам для іншых краінаў, не такіх адважных адносна беларускага рэжыму».

Пасля сустрэчы Святлана Ціханоўская разам з Анджэем Дудам узяла ўдзел у відэаканферэнцыі, на якой прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн выступіў у межах Саміту за дэмакратыю. Ціханоўская на форуме выступае як прадстаўніца Беларусі.

МГ, АА belsat.eu

Стужка навінаў