Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт


Ужо больш за месяц сусветныя медыі абмяркоўваюць магчымасць маштабнага ўварвання расейскай арміі ва Украіну, якое нібыта можа распачацца ў пачатку 2022 года. Аляксандр Лукашэнка ў гэтых умовах адмовіўся ад міратворчай рыторыкі і даў зразумець, што гатовы падтрымаць Расею ў выпадку вайны. Belsat.eu сабраў самае важнае пра цяперашнюю эскалацыю і параўнаў паводзіны афіцыйнага Менску з перыядам 2014–2015 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

Пагроза вялікай вайны

Цягам лістапада ў шэрагу аўтарытэтных заходніх выданнях з’явіліся публікацыі, дзе са спасылкаю на звесткі спецслужбаў даводзілася, што Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы і плануе наступ на тэрыторыю Украіны. Паводле «The New York Times», мэта аперацыі – узяць пад кантроль большую частку Украіны або дэстабілізаваць краіну, каб прывесці да ўлады прарасейскіх палітыкаў.

21 лістапада кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Расея рыхтуецца атакаваць да канца студзеня – пачатку лютага. Ён адзначыў: для ўварвання ў тым ліку будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі.

Схема магчымага ўварвання расейскага войска ва Украіну (звесткі ўкраінскай выведкі).
Фота: militarytimes.com

У пачатку снежня заходнія медыі распавялі, што ў маштабным уварванні ва Украіну могуць быць задзеяныя да 175 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Выданне «Bild» нават апублікавала мапу пуцінскага наступу і паведаміла, што план-максімум Масквы – захапіць ⅔ тэрыторыі Украіны, у тым ліку Кіеў. Але ніхто пры гэтым не сцвярджае, што ў Крамлі прынялі наконт вайны канчатковае рашэнне.

«Мы не ведаем, ці пастанавіў прэзідэнт Пуцін уварвацца. Мы ведаем, што ён забяспечвае магчымасць зрабіць гэта за кароткія тэрміны, калі рашэнне будзе прынятае», – заявіў 6 снежня дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Украінскае пытанне стала тэмаю № 1 для перамоваў Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна 7 снежня. Падчас онлайн-сустрэчы амерыканскі прэзідэнт папярэдзіў, што «ЗША ды іх саюзнікі ў выпадку эскалацыі сітуацыі адкажуць рашучымі эканамічнымі ды іншымі захадамі». Паводле медыяў, у адказ на расейскае ўварванне ЗША ў тым ліку могуць пайсці на адключэнне Расеі ад сістэмы SWIFT.

У Крамлі інфармацыю пра ўварванне ва Украіну назвалі інфармацыйным закідам, але адначасова адзначылі, што за гэтым могуць хавацца «агрэсіўныя намеры» самога Кіева, які, магчыма, плануе развязаць сітуацыю на Данбасе сілаю. Служба вонкавай выведкі Расеі абвінаваціла ЕЗ і ЗША ў нібыта «ўмацоўванні ў Кіева пачуцця ўсёдазволенасці і беспакаранасці». У спецслужбе правялі недвухсэнсоўную паралель з падзеямі 2008 года ў Паўднёвай Асеціі, калі адбылося вайсковае ўварванне Расеі ў Грузію. 8 снежня Пуцін, адказваючы на пытанне наконт нападу на Украіну, заявіў, што хоць Расея і праводзіць «міралюбівую палітыку», але «мае права запэўніваць сваю бяспеку» ў сярэднетэрміновай і больш аддаленай перспектыве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

Сярод палітычных аналітыкаў і вайсковых экспертаў няма адзінага пункту гледжання наконт таго, ці сапраўды Расея гатовая пайсці на новае ўварванне ва Украіну. Некаторыя эксперты мяркуюць, што калі вайна і распачнецца, то далёка не ў такім маштабным выглядзе, як пра гэта піша, напрыклад, выданне «Bild»: магчыма, усё абмяжуецца шэрагам лакальных удараў на Данбасе. Распаўсюджанае таксама меркаванне, што насамрэч Пуцін проста блефуе, каб дамагчыся ад Захаду і Украіны саступак, а на вялікую вайну не пойдзе, бо гэта надта рызыкоўна для Масквы. Але пры гэтым некаторыя аналітыкі заўважаюць, што ў гісторыі шмат прыкладаў, калі рацыянальныя разлікі не спынялі вайны.

Лукашэнка далучаецца да эскалацыі

Сваю ролю ў раскручванні спіралі эскалацыі пастанавіў адыграць і афіцыйны Менск.

29 лістапада на нарадзе ў Міністэрстве абароны Аляксандр Лукашэнка паабяцаў быць на баку Расеі ў выпадку вайны з Украінай:

«Яны выдатна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку на Данбасе ці недзе на мяжы з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь».

Фактычна тую ж думку Лукашэнка агучыў у інтэрвю расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву і запэўніў, што зробіць усё, каб «Украіна стала нашай». Ён распавёў пра намер правесці зімой супольныя з Расеяй вучэнні на мяжы з Украінай, а таксама пра гатовасць павялічыць колькасць беларускага войска з 65 да 70 тысячаў, каб мець на ўкраінскай мяжы дадатковыя 5 тысяч жаўнераў. Акрамя таго, раней Лукашэнка заяўляў, што хоча размясціць на мяжы з Украінаю некалькі дывізіёнаў расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

На нарадзе 6 снежня Лукашэнка заявіў, што Расея нібыта не збіраецца нападаць на Украіну, але пры гэтым дадаў: «Тое, што робіцца і што плануюць натаўцы ды амерыканцы там, непрымальна не толькі для Расеі, але і для нас».

«Таму нейкія развязкі – я думаю, вельмі вялікія – будуць і пасля Новага года», – рэзюмаваў ён. Пра якія развязкі гаворка, Лукашэнка не ўдакладніў, але, паводле заходніх спецслужбаў, менавіта пасля Новага года можа распачацца напад Расеі на Украіну.

На фоне такіх заяваў кіраўнік МЗС Украіны Дмытро Кулэба адзначыў, што Кіеў цяпер лічыць Беларусь патэнцыйнаю крыніцаю пагрозы. Кіраўнік украінскай дыпламатыі канстатаваў, што афіцыйны Кіеў пакуль не бачыць, каб беларуская армія рыхтавалася да вайны з Украінай, але сурёзна ставіцца да гэтага сцэнара, бо «Лукашэнка можа ў любы момант прыняць любое рашэнне».

Прапагандысцкае апраўданне

Рэжым Лукашэнкі ў сваю чаргу вінаваціць у эскалацыі Украіну і наракае на тое, што афіцыйны Кіеў праводзіць вучэнні на мяжы. Гаворка пра вучэнні «Палессе», што стартавалі 23 лістапада дзеля ўзмацнення аховы мяжы з Беларуссю. Аперацыю «Палессе» задумалі як адказ на інспіраваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс: у Кіеве дапускаюць, што плынь мігрантаў могуць перанакіраваць на ўкраінскі напрамак, таму пастанавілі адпрацаваць план дзеянняў на выпадак спробаў прарваць мяжу. У вучэннях бяруць удзел памежнікі, паліцыя, Нацыянальная гвардыя і Узброеныя сілы – агулам каля 8,5 тысячаў чалавек.

«Да чаго гэта можа прывесці? Гэта можа прывесці да лакальнага канфлікту», – заявіў 8 снежня дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, каментуючы ўкраінскія вучэнні.

У якасці дадатковай нагоды для раскручвання мілітарысцкай істэрыі афіцыйны Менск выкарыстаў інцыдэнт у паветранай прасторы: паводле беларускага боку, 4 снежня ўкраінскі верталёт Мі-8 падчас вучэнняў нібыта парушыў беларускую мяжу ў раёне Новай Рудні. 5 снежня Міністэрства абароны Беларусі перадала ноту пратэсту вайсковаму аташэ пры амбасадзе Украіны. Прапагандысты цяпер трактуюць гэты інцыдэнт як свядомую правакацыю з боку афіцыйнага Кіева. Дзяржаўная памежная служба Украіны ў сваю чаргу зняпраўдзіла інфармацыю пра ўваход Мі-8 у паветраную прастору Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

У любым выпадку ненаўмыснае парушэнне мяжы ў паветранай прасторы цяжка назваць беспрэцэдэнтнаю з’явай. Час ад часу такія выпадкі фіксуюцца на мяжы Беларусі з Літвою, Польшчай або Украінаю, прычым парушальнікамі могуць быць як замежныя, так і беларускія верталёты ці самалёты. Звычайна ўсё абмяжоўваецца вельмі стрыманымі нотамі пратэсту. Але цяпер беларускі бок адрэагаваў на шараговы інцыдэнт нязвыкла жорсткаю рыторыкай і пагрозамі на адрас Украіны.

У Мазырскім памежным атрадзе заявілі, што пры ўзнікненні ў далейшым аналагічных выпадкаў «беларускія памежнікі будуць дзеяць вельмі жорстка». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Хлабукін адзначыў, што Беларусь можа павялічыць колькасць Узброеных сілаў за кошт прызыву ў войска тэрытарыяльнай абароны, задзеяць гэтыя падраздзяленні пры ахове мяжы і падчас «выканання асобных баявых заданняў». «У сённяшніх умовах трываць «жарты» ўкраінскіх вайскоўцаў доўга мы наўрад ці будзем», – заявіў ён.

У чым адрозненні ад 2014 года?

Першаю публічнаю рэакцыяй Лукашэнкі на расейскую інтэрвенцыю ва Украіне ў 2014 годзе стаў зварот да Масквы з просьбаю перакінуць у Беларусь расейскую авіяцыю – 12–15 самалётаў – для супольнага патрулявання. Таксама ён загадаў тады правесці ў беларускай арміі «адпаведныя вучэнні». Пазней ён неаднаразова выступаў з апраўданнем дзеянняў Крамля ў Крыме і на Данбасе ды нават абяцаў падтрымаць Расею ў выпадку вялікага ўзброенага канфлікту, не разбіраючыся, хто вінаваты, а хто мае рацыю. Аднак варта прызнаць: усе гэтыя заявы падкрэслена рабіліся ў кантэксце супрацьстаяння Расеі і Захаду. У адрозненне ад цяперашняй сітуацыі, у 2014 годзе Лукашэнка публічна ніколі не дапускаў, што Беларусь можа заняць чыйсьці бок у расейска-ўкраінскім канфлікце, і не заяўляў, што з украінскай тэрыторыі для Беларусі зыходзіць нейкая пагроза.

Hавiны
Таямніца Лукашэнкі. Ці магла Беларусь стаць саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны?
2020.06.23 14:30

У 2014 годзе ўкраінскія ўлады сапраўды сур’ёзна асцерагаліся расейскага ўдару на Кіеў праз тэрыторыю Беларусі. У сакавіку 2014-га тагачасны выканальнік абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў сустрэўся ў Гомельскай вобласці з Лукашэнкам, каб дакладна высветліць ягоную пазіцыю ў гэтым канфлікце.

«Ён паабяцаў, што з тэрыторыі ягонай краіны расейцы нас атакаваць не будуць. Але калі мы развітваліся, ён сказаў: «Але ў скрайнім выпадку я папярэджу за содні…» – згадваў тую сустрэчу Турчынаў праз чатыры гады.

Не зважаючы на дзіўную агаворку, Лукашэнка ў 2014 годзе сапраўды імкнуўся развеяць усе засцярогі афіцыйнага Кіева і разрадзіць абстаноўку. Ён неаднаразова паўтараў, што «мы ва Украіну на танках не паедзем, мы на трактары туды паедзем». У адзін з самых драматычных для ўкраінскай дзяржавы момантаў, падчас бітвы за Ілавайск, Лукашэнка загадаў кіраўніцтву Дзяржаўнага памежнага камітэту быць пастаянна на сувязі з украінскім бокам, каб аператыўна здымаць любыя насцярожанасці Украіны наконт сітуацыі на мяжы з Беларуссю.

Цяпер, у адрозненне ад 2014 года, Лукашэнка ідзе па шляху эскалацыі напружанасці: заяўляе пра гатовасць падтрымаць Расею ў вайне з Украінаю, запрашае расейскае войска на вучэнні на мяжу з Украінай, абяцае павялічыць сваю армію на паўднёвай мяжы ды размясціць там расейскія ракетныя комплексы, а таксама штучна раздзімае дробныя памежныя інцыдэнты.

Што думалі пра вайну беларусы?

У кантэксце цяперашняй эскалацыі важна звярнуць увагу на тое, як беларусы ставяцца да расейска-ўкраінскага канфлікту. Актуальных сацыяльных даследаванняў на гэты конт няма. Але апытанні НІСЭПД у 2014–2016 гадах фіксавалі даволі цікавую карціну настрояў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

З аднаго боку, большасць беларусаў (50–60 %) тады глядзелі на канфлікт вачыма расейскай прапаганды: яны падтрымлівалі анексію Крыму, верылі, што пасля Майдану да ўлады прыйшлі «фашысты», і ўскладалі на афіцыйны Кіеў адказнасць за вайну на Данбасе. Але пры гэтым у грамадстве дамінаваў прынцып неўмяшання. Напрыклад, ¾ беларусаў былі катэгарычна супраць, каб Расея выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну, і толькі 15,2 % пагаджаліся на гэта.

Яшчэ больш апытаных (77 %) былі супраць удзелу беларусаў у канфлікце, нават калі яны паехалі на Данбас на ўласнае жаданне. Такім чынам, пераважная большасць беларусаў (нават тыя, хто падтрымліваў дзеянні Расеі) выступалі супраць уцягвання краіны ў канфлікт у любой форме. З таго часу мінула 5 гадоў, але наўрад ці мілітарысцкіх настрояў у беларускім грамадстве за гэты час стала болей.

Фота вокладкі: Настасся Уласава / Белсат

РР belsat.eu

Стужка навінаў