Польская пракуратура агучыла новыя дэталі захопу самалёта «Ryanair» у Беларусі


Супрацоўнік КДБ быў у дыспетчарскай вышцы, а пагрозы выбуху не было.

Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

Мазавецкае аддзяленне Дэпартаменту барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы апублікавала новыя звесткі ў расследаванні захопу самалёта «Ryanair» у Беларусі 23 траўня 2021 года.

У час расследавання былі праведзеныя шматлікія працэсуальныя дзеянні, у тым ліку некаторых пасажыраў і прадстаўнікоў авіякампаніі дапыталі ў якасці сведак, агледзелі самалёт і прааналізавалі запісы, піша пракуратура. Падчас разбору быў выяўлены непасрэдны сведка дзеянняў, якія праводзіліся на дыспетчарскай вежы ў Менску.

На дыспетчарскай вышцы 23 траўня сапраўды знаходзіўся супрацоўнік КДБ, піша пракуратура, і ён даваў указанні авіядыспетчару, які кантактаваў з пілотам самалёта. Рашэнне аб пасадцы ў Менску прымаў менавіта супрацоўнік КДБ, які камусьці пра ўсё дакладваў па тэлефоне.

Рэальнай пагрозы выбуху на самалёце не было. Пра існаванне такой пагрозы пілоту паведамілі яшчэ да таго, як выслалі электронны ліст ад імя тэрарыстаў.

«Пра поўную адсутнасць пагрозы сведчылі і дзеянні ў аэрапорце Менску, у тым ліку дзеянні ратавальных службаў і абслугі лётнішча, – піша пракуратура. – Уся сітуацыя была толькі нагодай, каб прымусіць лётчыка прызямліцца ў Менску».

Прэс-сакратар польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын расказаў «Белсату»:

«Увесь доказны матэрыял, у тым ліку паказанні асноўнага сведкі беспасярэдніх падзеяў у менскім аэрапорце, паказаў, што ў вызначальны момант суправаджэнне самалёта ў беларускі аэрапорт было праведзенае пад кіраваннем і кантролем афіцэра беларускага КДБ.

Менавіта ён з’явіўся ў вежы кіравання палётамі. Менавіта ён даваў пэўныя пастановы ды інструкцыі дыспетчару, які меў дачыненне з пілотам. Менавіта на ягонае заданне пілоту пераказвалі адпаведныя паведамленні. Менавіта гэты беларускі афіцэр меў простую тэлефонную сувязь з кімсьці са свайго падраздзялення. Як мы мяркуем, ён перадаваў не толькі тое, што адбываецца з самалётам, але і ў аэрапорце.

Усё гэта напэўна сведчыць пра тое, што мы мелі дачыненне з аперацыяй беларускіх спецслужбаў, якая мела на мэце пераправіць Рамана Пратасевіча ў аэрапорт Менску для арышту».

Hавiны
Авіядыспетчар з Менску збег у Польшчу і раскрыў дэталі аперацыі КДБ па пасадцы самалёта «Ryanair» з Пратасевічам
2021.12.08 22:41

Вядома, што ў момант пасадкі самалёту авіядыспетчарам у менскім аэрапорце быў Алег Галегаў. Пасля інцыдэнту з самалётам авіядыспетчар сышоў у адпачынак і выдаліў усе свае сацыяльныя сеткі.

Пра такія абставіны, аб якіх расказала польская пракуратура, раней пісала амерыканскае выданне «The New York Times». Кіраўнік Дэпартаменту авіяцыі беларускага Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі назваў гэтыя звесткі «ўкідам», але пацвердзіў, што дыспетчар, які размаўляў з выданнем, сапраўды працаваў у «Белаэранавігацыі».

АА belsat.eu

Стужка навінаў