Памёр Уладзімір Ярэц – вядомы глухі байкер-вандроўнік


Уладзімір Ярэц аб’ездзіў паўтары сотні краінаў на матацыклах «Jawa» і BMW.

Уладзімір Ярэц, глухі байкер-вандроўнік.
Фота: deafsport.by

Партал спорту глухіх Беларусі паведаміў 9 снежня аб смерці байкера-вандроўкіка Уладзіміра Ярца. Прычыны смерці не называюць.

Спадару Уладзіміру было 80 гадоў, ён не спыняў падарожжаў ад 1960-х. Нягледзячы на страту слыху, ён зладзіў кругасветнае падарожжа на матацыкле «Jawa», аб’ехаў 150 краінаў Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі, дабраўся і да Аўстраліі.

«Яго любоў да матацыклаў, да падарожжаў, да стасункаў была вышэй за ўсе бар’еры і межы, вышэй за ўсе ўмоўнасці і цяжкасці зямнога жыцця. У нашай памяці Уладзімір Ярэц застанецца як прыклад таго, што любоў, вера і надзея пераадольваюць усё!» – піша партал спорту глухіх.

Уладзімір Ярэц нарадзіўся 5 траўня 1941 года ў Каравацічах Рэчыцкага раёну. Ва ўзросце 1 года ўпаў з вышыні і страціў слых. Працаваў рамонтнікам на Менскім мотавелазаводзе. Пачаў вандраваць на матацыкле ў 1960-х гадах без правоў – і толькі ў парадку выключэння стаў першым у Беларусі глухім, які атрымаў правы.

Уладзімір Ярэц, глухі байкер-вандроўнік.
Фота: deafsport.by

Аб’ездзіў ці не ўвесь Савецкі Саюз, а ў 2000-х пачаў кругасветнае падарожжа. Яшчэ 10 гадоў таму хваліўся, што наездзіў звыш 740 тысяч кіламетраў, 5 гадоў таму – што ўжо 850 тысяч км.

У 2003 годзе трапіў на «Яве» ў аварыю, атрымаў 29 пераломаў. Персанал лякарні «скінуўся» яму на новы матацыкл BMW, які стаў ягоным любімым.

Ярэц любіў стасавацца з людзьмі, ахвотна даваў інтэрв’ю жэстамі і тэкстам праз тэлефон, засвоіў смартфон і любіў фатаграфаваць вандроўкі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў