Палітвязня Арцёма Баярскага асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму


У Менскім гарадскі судзе 9 снежня агучылі вырак 20-гадоваму палітвязню Арцёму Баярскаму – яго судзілі за «Кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем» і «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суд быў закрытым.

Арцём Баярскі, партрэт з выпускнога альбома. Горадня, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Гарадзенец, студэнт хімфаку БДУ, пераможца шматлікіх алімпіядаў па хіміі, Арцём Баярскі марыў ствараць лекі ад невылечных хваробаў і прыносіць карысць сваёй краіне. За яго заступіліся 47 навукоўцаў расейскай Акадэміі навук, на знак падтрымання Арцёма завочна залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага.

Аднак суддзя Алена Шылько назвала хлопца вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (нібыта ён адміністраваў Telegram-канал і чат «Мая краіна Беларусь») і прысудзіла яму 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пракуроркай выступала Вольга Дындзілевіч.

Арцём прыняў вырак з годнасцю: ён паспеў сказаць, што «Беларусь усё роўна стане нармальнай краінай».

На вынясенне прысуду да Арцёма спрабавалі трапіць прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Іх не пусцілі, таму яны ўсе дачакаліся бацькоў на прыступках суду.

Гісторыі
«Ён не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам». Хто такі Арцём Баярскі – стыпендыят фонду Лукашэнкі, якога абвінавацілі ў экстрэмізме
2021.05.15 14:15

Ён быў у няволі з 24 сакавіка – спачатку яго арыштавалі на 25 содняў, затым выставілі абвінавачванне ў крымінальных артыкулах. Каб зняць «пакаяльнае відэа», яго білі ў будынку ГУБАЗіК. Экспертыза выявіла сляды збівання, але ў крымінальнай справе супраць байца ГУБАЗіК адмовілі.

Яго затрымлівалі і год таму пасля маршу пратэсту, асудзілі на 15 содняў – і тады збілі ў будынку РУУС. У жніўні 2020 году Арцём на знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі. Пасля затрымання яго выключылі з БДУ.

СК, АА belsat.eu

Стужка навінаў