Дарадца па правах чалавеку з Курдыстану: «Людзі на беларуска-польскай мяжы – двойчы ахвяры»


Што стала прычынай міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Еўразвязам? Чаму людзі з вонкава бяспечнага і прыгожага Эрбілю едуць за тысячы кіламетраў за лепшым жыццём? І ці сапраўды Садам Хусэйн – бацька ўсіх курдаў. Пра гэта журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны, які знаходзіцца ў сталіцы Курдыстану Эрбілі, паразмаўляў са старэйшым дарадцам па правах чалавека Карманджам Асманам.

– Што, на ваш погляд, ёсць галоўнай прычынай гэтага крызісу?

– Прычына, што прымушае людзей з’язджаць у пошуках лепшага жыцця – звычайнае пытанне бяспекі. Напрыклад, людзі перасяляюцца з поўдня або з цэнтру краіны на поўнач, таму што там больш бяспечна і меншая пагроза тэрарызму. Але іншыя мяняюць лакацыю праз кліматычныя праблемы. Паглядзіце на горад Басра. Там усё нармальна з правамі чалавека, з дэмакратыяй і вяршэнствам закону, але ёсць праблема з пітной вадой. Падобная зʼява не толькі іракская. Падобнае ёсць таксама ў Турцыі ды іншых краінах – людзі мігруюць паўсюль. Без разумення гэтага немагчыма ўбачыць цалкам карціну таго, чаму людзі вырашаюць пакінуць свае дамы.

– У Эрбілі штодня пытаю сябе, чаму адсюль людзі едуць, бо гэта – прыгожае месца, цікавая культура, тут працуюць крамы, рэстарацыі. Звычайнае жыццё, быццам дзесьці ў Еўропе. Дык чаму?

– Некаторыя імкнуцца патрапіць у Еўропу, папрасіць там прытулку, атрымаць грамадзянства ды дакументы, а пасля вярнуцца ў Эрбіль. Апошняе стагоддзе мы цярпім ад дыктатураў і дыскрымінацыі. Да 2005 году курды наагул не мелі права на пералёты і паездкі іншым транспартам, не маглі атрымаць іракскага пашпарту і галасаваць. Гэта праблема з правамі чалавека. Як можна вандраваць, не маючы дакументаў?

А цяпер большасць мігрантаў едуць у Еўропу, каб атрымаць там дакументы і з імі ў Эрбілі працягваць свой бізнес, працаваць і гэтак далей. Гэта адзін момант.

Рынак у Эрбіле, Ірак (сталіца Іракскага Курдыстану). Верасень 2019 года.
Фота: Patricia Kühfuss / Laif / Forum

Другі заключаецца ў тым, што пасля 2005 году з развіццём іракскай эканомікі ў нас зʼявіўся так званы сярэдні клас. Але ў 2014-м, калі ў Іраку аднавіўся гвалт і ўзнік калапс з плацяжамі, з цэнамі на энерганосьбіты сярэдняму класу ўжо немагчыма было падтрымліваць прывычны лад жыцця, а зноўку скочвацца ў бядоту не хацелася. Яны намагаліся зʼехаць за мяжу.

Калі вы заўважылі, то людзі на беларуска-польскай мяжы не багацеі і не жабракі – гэта менавіта сярэдні клас. Яны заплацілі, каб апынуцца там, дзе ім больш зручна і бяспечна.

– Якое на ваш погляд можа быць вырашэнне гэтага крызісу?

– Найлепш было б выдаваць гэтым людзям візу тут – у Эрбілі. Так можна спыніць гандаль людзьмі і пазбавіць заробкаў нелегальных трафікёраў. Людзі, якія прыедуць у еўрапейскую краіну з візай, мусяць здаць адбіткі пальцаў – гэта важна. Турысты ўжо не змогуць прасіць прытулку ў той краіне, дзе ўлады маюць іхныя адбіткі. Вельмі лёгка выявіць такіх нелегалаў, скасаваць іхныя візы і дэпартаваць.

Можна было б выдаваць доўгатэрміновую візу, да прыкладу на гадоў 5 або 7, каб людзі легальна знаходзіліся на чужой тэрыторыі, вандравалі, але па сканчэнні дзеяння дакументаў – зʼязджалі з магчымасцю туды вярнуцца. Магчыма, палова з іх пасля і не захоча – праз вялікую розніцу культур і менталітэтаў.

Пакуль што мушу канстатаваць, што людзі на беларуска-польскай мяжы – двойчы ахвяры: яны сталі закладнікамі палітычных гульняў і памежных трафікёраў.

– Беларуская прапаганда і дыктатар Лукашэнка часта папракаюць еўрапейскія краіны ў тым, што менавіта яны нібыта вінаватыя ў памежным крызісе. Вы з гэтым згодныя?

– Не, не вінаватыя. Па вялікім рахунку, мы ўсе вінаватыя ў гуманітарным крызісе. Не бывае ідэальных уладаў і ідэальнага кіравання. Тут, на сярэднім усходзе, мы не можам складаць доўгатэрміновыя стратэгічныя планы, бо тут увесь час крызіс, уключаючы кліматычныя змяненні. Але калі вінаваціць Захад, то што можна сказаць пра тых, хто адкрыў сваю мяжу і запрасіў тых людзей. Мы ўсе помнім, як Нямеччына адкрыла свае межы падчас сірыйскага крызісу. Трэба ўсё разглядаць у комплексе, каб было з чым параўноўваць.

Hавiны
Уцекачы з Іраку пра міграцыю праз Беларусь: «Вам нас не зразумець»
2021.12.08 21:10

– Даводзілася пачуць ад беларускіх прапагандыстаў, што Садам Хусэйн быў бацькам для ўсіх курдаў, а так званы Захад нібыта забіў яго. І нават адзін курд пацвердзіў гэта праз беларускую тэлевізію. Ці праўда гэта?

– Магчыма, гэтаму чалавеку проста няма куды вяртацца, і ён сказаў гэта, каб яму з сямʼёй дазволілі застацца ў Беларусі. Бо гэта, відавочна, словы беларускай улады.

З іншага боку, багата людзей сцвярджаюць, што пацярпелі ад Садама. То бок голас аднаго таго чалавека супраць 82 тысячаў галасоў тых, хто пацярпеў ад хімічных атакаў, падвергся генацыду.

Пры любой дыктатуры заўсёды будзе каму сказаць і «так» і «не». Гэта ўжо пытанне асабістага інтарэсу. Напрыклад, для вайскоўцаў любая вайна – гэта добра, таму што тады ў іх зʼяўляецца шанец стаць героямі, атрымаць грошы ды іншыя выгоды. Пра такія рэчы кожны разважае праз тое, наколькі яму гэта выгадна. Так што сцвярджэнне таго чалавека – прыватны выпадак, а не думка большасці. Гэта палітычная прапаганда.

Hавiны
Сяргей Падсасонны з Курдыстану: «Патокі мігрантаў могуць пайсці праз Расею»
2021.12.06 19:05

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў