Анджэй Дуда: Веру, што беларусы і беларускі некалі ўбачаць дэмакратычную нармальнасць


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прамовай на Саміце за Дэмакратыю. Публікуем цалкам ягоную прамову.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Фота: Якуб Шымчук / KPRP

Спадару прэзідэнце!

Шаноўнае спадарства!

Кіраўнікі дзяржаваў і старшыні ўрадаў! Лідары дэмакратычнага свету!

Дазволю сабе падзяліцца з вамі асабістым роздумам. Трыццаць адзін год таму я ўпершыню галасаваў на свабодных выбарах і ўпершыню ў гісторыі паваеннай Польшчы маё пакаленне атрымала магчымасць абраць прэзідэнта дэмакратычным шляхам. Год таму я стаў другім прэзідэнтам у гісторыі маёй дзяржавы, якога пераабралі на гэтую пасаду. Гэта адбылося ва ўмовах рэкорднай яўкі выбарцаў і сумленнай барацьбы з маім апанентам, Рафалам Тшаскоўскім, цяперашнім прэзідэнтам Варшавы.

Калі б мне давялося выступаць перад вамі больш за дзесяць месяцаў таму, я, пэўна, расказаў бы – як і многія з вас – пра сваю краіну, Польшчу, якая шмат разоў мусіла плаціць за дэмакратыю крывёй ейных сыноў і дачок.

Пэўна, я казаў бы таксама пра прыярытэты нашага пакалення сусветных лідараў і пра нашую вялікую задачу. А яна, на маю думку, у тым, каб спыніць няроўнасць, што ў постпандэмійным свеце, на жаль, толькі ўзмацняецца. Амаль ва ўсіх краінах – і ў маштабах, якіх мы дагэтуль не ведаем. Мая краіна тут таксама не выключэнне.

Пэўна, я казаў бы, што дэмакратыя мусіць вярнуцца да каранёў: дыскусія зноў мусіць быць дыскусіяй, а не заклікам цэнзураваць апанентаў, палітычная барацьба не можа дэгуманізаваць супраціўніка, бо супраціўнік – такі ж чалавек, які – з розных прычынаў – мае іншыя ад нас погляды.

Але за гэты час здарылася нешта важнае, што змяніла мае погляды на дыскусію пра дэмакратыю. Праз чатыры тыдні па маім пераабранні, калі больш як 20 мільёнаў маіх суайчыннікаў, полек і палякаў, скарысталі права голасу, нашыя суседзі, беларускі і беларусы, былі чарговым разам і самым брутальным чынам такога права пазбаўленыя.А Беларусь месціцца за 180 кіламетраў ад Варшавы. Там цяпер мяжа дэмакратыі, а можа нават і болей – бездань паміж дэмакратыяй і яе адсутнасцю.

У Беларусі няма дыскусіі пра выбарчую сістэму, пра няроўнасць, пра меншасці ды ідэалогіі. Гэта нашая раскоша, людзей Захаду. Там цяпер клопат, як выцягнуць з турмаў 900 чалавек, адзінаю правінай якіх стала жаданне свабодных выбараў. І як адхіліць ад улады дыктатара, які кіруе ўжо 27 гадоў, які, парушаючы ўсе прынцыпы цывілізаванага свету, сфальшаваў галасаванне і задушыў мірныя пратэсты.

Чаму я кажу пра Беларусь? Бо Польшча, дзякуй Божай ласцы за нашу выпакутаваную ў 80-х гадах свабоду, узяла на сябе калісьці абавязак: быць апірышчам дэмакратыі ва Усходняй Еўропе! Гэта годная задача, але яна мае і свае наступствы. Мы застаёмся на мушцы крамлёўскай прапаганды, а з нядаўняга часу адбіваем на нашай мяжы атакі гібрыднай аперацыі, якую распачаў дыктатар Аляксандр Лукашэнка.

Мяне спыталі пра абавязанні – і я ўрачыста заяўляю нашым беларускім братам і хачу, каб гэта было пачутае паўсюль на ўсходзе ад Польшчы: Польшча працягне падтрымліваць дэмакратыю, бо я лічу, што мая дачка, народжаная ў 1995 годзе, якая ані секунды не жыла ў дыктатуры, і ейная беларуская аднагодка, якая ніколі не бачыла свабодных выбараў, – гэта дзве роўныя паміж сабою асобы з аднолькавымі правамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

ДЭКЛАРУЮ як Прэзідэнт Рэспублікі Польшча, што 180 тысяч беларусак і беларусаў, якія знайшлі працу або абарону ў Польшчы, будуць прынятыя намі як крэўныя і самыя дарагія госці.

ЗАЯЎЛЯЮ, што Польшча ўсведамляе: падтрыманне дэмакратыі мае свой кошт. У тым ліку і той кошт, што сёння плацяць нашыя памежныя службы, паліцыя і войска, ахоўваючы ўсходнюю мяжу Еўрапейскага Звязу ад помсты дыктатара, ад тыраніі і пагарды да чалавека. Я кажу гэта не толькі як прэзідэнт Рэспублікі Польшча.

Я кажу гэта як Анджэй Дуда, які ў 2025 годзе закончыць сваё прэзідэнцтва і аддасць уладу дэмакратычна абранаму пераемніку або пераемніцы. А пасля з гонарам стане звычайным грамадзянінам, простым выбарцам. І я веру, што беларусы і беларускі некалі ўбачаць такую ж самую дэмакратычную нармальнасць.

Такую, у якой прэзідэнты змяняюцца, а застаюцца яны – вольныя грамадзяне, вольныя і свабодныя выбарцы. Заклікаю ўсіх прысутных да салідарнасці ў гэтай справе, заклікаю да салідарнасці з Беларуссю. Сёння гэта адзін з найважнейшых выклікаў, які стаіць перад дэмакратычным светам.

belsat.eu

Стужка навінаў