Выбары ў ЗША: рэспубліканцы і дэмакраты ідуць плячо ў плячо. Раскол электарату напалам – гэта норма?


Прамежкавыя выбары ў ЗША чарговым разам паказалі непрадказальнасць галасавання і недакладнасць апытанняў – як мінімум, на выбарах у Сенат дэмакраты і рэспубліканцы ідуць нос да носа. Гэта далёка не першы выпадак, калі электарат дзеліцца пароўну. Але палітолагі бачаць у гэтым не праблему, а перавагу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Джо Байдэн, першая лэдзі Джыл Байдэн, сенатар Крыс Ван Голен і Уэс Мур, кандыдат у губернатары штата Мэрыленд, узяўшыся за рукі на сцэне падчас мітынгу Дэмакратычнай партыі Мэрыленд. Боўі, Штат Мэрыленд, ЗША. 7 лістапада 2022 года.
Фота: Dominick Sokotoff / Zuma Press / Forum

Выбары ў Амерыцы: без «чырвонай хвалі», Сенат зноў 50/50

Пакуль вядомыя толькі папярэднія вынікі прамежкавых выбараў у ЗША. Відавочна, рэспубліканцам не ўдалося атрымаць зруйнавальнай перамогі (хоць некаторыя эксперты чакалі, што Амерыку накрые «чырвоная хваля» – паводле колеру Рэспубліканскай партыі) і яны атрымаюць простую большасць у ніжняй палаце Кангрэса – Палаце прадстаўнікоў, тады як за месцы ў Сенаце працягваецца напружаная барацьба.

На гэты момант вядома, што Рэспубліканская партыя атрымае мінімум 201 мандат з 435 у Палаце прадстаўнікоў, а Дэмакратычная – 178, вынік галасавання за астатнія месцы яшчэ не відавочны. Прагназуецца 221 голас у рэспубліканцаў і 207 у дэмакратаў, а яшчэ сем крэслаў пад пытаннем.

З 35-ці вакантных месцаў у Сенаце 19 зоймуць рэспубліканцы, 12 – дэмакраты, за астатнія чатыры месцы ідзе барацьба. Цяпер абедзве партыі маюць па 50 галасоў у верхняй палаце Кангрэса, папярэдне ў іх будзе па 48-49 месцаў, мінімум у дзвюх акругах захоўваецца інтрыга.

Разбор
ЗША чакае правы паварот? Праз тыдзень пройдуць прамежкавыя выбары
2022.11.02 08:35

Не першы выпадак

Галасаванне 50/50 – не ноў-хаў нібыта расколатых культурнымі войнамі ЗША. Калі звярнуць увагу на выбары, гэта даволі частая гісторыя.

У другім туры прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы ў 2020 годзе дзейны прэзідэнт ад правай партыі «Права і справядлівасць» Анджэй Дуда атрымаў 51,03% галасоў, а ягоны спаборнік з хутчэй цэнтрысцкай «Грамадзянскай платформы» Рафал Тшаскоўскі – 48,97%.

Таксама ў другім туры выбараў прэзідэнта Бразіліі сацыяліст Луіс Інасіў Лула да Сіўва атрымаў 50,9%, тады як правы Жаір Баўсанару – 49,1%.

Можна таксама ўспомніць прэзідэнцкія выбары ў Францыі: цэнтрыст Эмануэль Макрон набраў 58,54%, за правую Марын Ле Пэн галасавалі 41,46% выбаршчыкаў. Адрыў быў мацнейшы, але тэндэнцыя падобная – пяццю гадамі раней было 66,1% у Макрона супраць 33,9% у Ле Пэн.

Ці багатыя для грамадзянскай супольнасці і дзяржавы такія электаральныя расколы? Эксперты мяркуюць, што турбавацца няма аб чым.

Перавага дэмакратыі

Расейскі палітолаг Аляксандр Кынеў адказаў карэспандэнту «Белсату», што не бачыць у папярэдніх выніках амерыканскіх прамежкавых выбараў нічога новага. Разгорнуты адказ на нашыя пытанні ён даў не наўпрост, а праз тэлеграм-канал.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Timothy Hurst / The Gazette / AP / East News

«Мінімальная перавага ў дэмакратычных рэжымах – частая сітуацыя. На выбарах сенатараў ЗША заўсёды ў частцы штатаў пераможцы перамагаюць з вельмі невялікай перавагай. На прэзідэнцкіх выбарах у ЗША невялікія перавагі ў асобных штатах былі і ў 2000 годзе (успомнім пералік галасоў у Фларыдзе), і ў 2012-м, і ў 2016-м, і ў 2020-м», – пералічвае Кынеў.

Ён прыводзіць і больш даўнія прыклады на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША: у 1960 годзе Джон Кэнэдзі – 49,7%, Рычард Ніксан – 49,5%, а ў 1968 годзе ў Ніксана было 43,4%, а ў Х’юберта Гамфры – 42,7%. (Праўда, варта ўлічваць, што прэзідэнта ЗША выбіраюць не наўпрост, а праз калегію выбарнікаў.) Акрамя таго, палітолаг нагадаў прыклад выбараў прэзідэнта Бразіліі ў 2014 годзе: Дыўма Русэф атрымала 51,64%, а яе апанент Аэсіў Нэвіс – 48,36%.

«І такіх прыкладаў шмат. У Аўстраліі на парламенцкіх выбарах 2010 года дзве партыі набралі аднолькавую колькасць мандатаў і лёс кааліцыі вырашылі два незалежныя дэпутаты. Невялікая перавага – гэта не недахоп дэмакратыі, а яе годнасць, – кажа Аляксандр Кынеў. – Гэта кажа пра тое, што важны кожны голас і менавіта таму для выніковай перамогі важней за ўсё ўменне дамаўляцца і будаваць кааліцыі».

Іван Аляксееў /ММ belsat.eu

Стужка навінаў