Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады


З траўня 2021 года на межах Беларусі з краінамі Еўразвязу трывае міграцыйны крызіс: людзі з Блізкага Усходу, Паўночнай і нават Заходняй Афрыкі спрабуюць незаконна трапіць у Еўразвяз. Згадваем, што адбылося.

Чаму пачаўся крызіс?

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што мігрантаў не спыняюць у адказ на дзеянні Захаду адносна Беларусі. Аднак беларускі шлях раней не быў ўласцівы для мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, Беларусь не мяжуе з іхнымі краінамі, а пералёт нятанны.

Менск, 19 кастрычніка 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

Навошта мігрантам у Нямеччыну?

У краінах Блізкага Усходу ўцекачам даюць значна менш правоў і дапамогі. Беларусь таксама не прапаноўвае мігрантам нейкіх асаблівых умоваў. Асноўная маса мігрантаў імкнецца ў Нямеччыну, бо немцы даюць мігрантам грашовую дапамогу і лепшыя ўмовы, чым іншыя краіны. Параўнальныя ўмовы хіба даюць Бельгія, Нідэрланды і Вялікая Брытанія. Легальныя шляхі для міграцыі ў тыя краіны ёсць, але ўмовы строгія, а працэс доўгі і без гарантыі поспеху.

Колькі іх?

Імаверна, дзясяткі тысяч. Толькі ў паходзе на Польшчу 8–9 лістапада ўдзельнічалі ад 3 да 4 тысяч чалавек, і падчас гэтага нямала мігрантаў заставалася і ў Менску. Літва і Польшча штодзень заяўляюць пра сотні менш масавых спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Да Нямеччыны праз Беларусь дабраліся звыш 8 тысяч мігрантаў.

Асобы, падобныя на нерэгулярных мігрантаў каля ГЦ «Galleria Minsk». Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Чаму яны з’язджаюць з дому?

Некаторыя – ад вайны або рэпрэсіяў. Але, мяркуючы па вялікай колькасці адхіленых прашэнняў аб прытулку, асноўная маса ўцякае не праз непасрэдную небяспеку. Ды мігранты паходзяць з бедных і моцна карумпаваных краінаў – хто ад безнадзейнасці, хто ад этнічнай дыскрымінацыі (сярод уцекачоў шмат курдаў – вялікага народу без сваёй дзяржавы), хто ад службы ў войску.

Адкуль у іх грошы на пералёт?

Мігранты плацяць «праваднікам» ад 2 тысяч да 12–14 тысяч долараў за асобу. Некаторым «скідваюцца» на міграцыю шматлікія сваякі (тым больш, пасля легалізацыі за мяжой мігрант можа запрасіць да сябе сваю сям’ю), але некаторыя мігранты – людзі з добрымі заробкамі паводле мерак сваіх краінаў, высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Калі стане халодна, мігранты вернуцца ў Беларусь ці на радзіму?

Іх не пускаюць назад беларускія памежнікі, прычым робяць гэта адкрыта, пільнуюць мігрантаў проста на вачах у памежнікаў суседніх краінаў. Мігранты заяўляюць, што беларускія памежнікі іх яшчэ і рабуюць. Ад холаду і цяжкіх умоваў ужо памерлі некалькі чалавек.

Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum

Чаму вінаватым лічаць Лукашэнку?

Улады Беларусі ніяк не перашкаджаюць нелегальнай міграцыі і не спыняюць відавочных злачынстваў, даюць візы «турыстам», якія потым ідуць на мяжу, асобныя фірмы маюць ад уладаў асаблівыя правы на працу з патэнцыйнымі мігрантамі. Польскія і літоўскія памежнікі, а таксама самі мігранты заяўляюць, што беларускія памежнікі дапамагаюць ім пераходзіць мяжу. Заходнія палітыкі неаднаразова называлі крызіс «гібрыднай атакай» або «гібрыдным нападам» Беларусі, «выкарыстаннем людзей як зброі», а таксама «гандлем людзьмі». Некаторыя эксперты заяўляюць, што за крызіс адказвае не толькі Беларусь, але і Расея.

Каго называюць вінаватымі ўлады Беларусі?

Літву, Польшчу і Злучаныя Штаты. «Віна» памежных краінаў, паводле ўладаў Беларусі, у тым, што яны адмаўляюцца пусціць да сябе мігрантаў, хоць «Мэркель іх запрасіла» (гэта фэйк, які, магчыма, грунтуецца на падзеях 2015 года). Таксама беларускі бок вінаваціць польскіх памежнікаў у тым, што нібыта пакідаюць хворых у небяспецы, б’юць і запужваюць мігрантаў. Заяўляюць, што гэта польскія і літоўскія памежнікі правакуюць беларускіх. Сваю бяздзейнасць тлумачаць тым, што мігранты прыбылі ў Беларусь легальна і не парушаюць у Беларусі законаў («забыўшы» пра тое, што яны незаконна пераходзяць у тым ліку беларускую мяжу). Прызнаюць, што мігрантам у Беларусі бракуе ежы і вады, але ад гуманітарнай дапамогі адмаўляюцца.

Як рэагуюць краіны, з якіх паходзяць мігранты?

Квола і павольна. Напрыклад, улады Іраку спынілі палёты ў Беларусь толькі праз тры месяцы з пачатку крызісу, закрылі беларускія консульствы толькі праз паўгода. Збольшага ж улады краінаў, з якіх паходзяць мігранты, выказваюць занепакоенасць, толькі часам забіраюць з Беларусі сваіх грамадзянаў.

Чаго дамагаецца Лукашэнка?

Гэта невядома, але і прадстаўнікі беларускіх уладаў, і незалежныя аналітыкі кажуць, што Лукашэнка хоча, каб Захад пайшоў з ім на перамовы – магчыма, змякчыў ці скасаваў санкцыі, прызнаў законным кіраўніком Беларусі.

Чаму б Польшчы і Літве не пусціць гэтых мігрантаў?

І Літва, і Польшча заяўляюць, што не дапусцяць выкарыстання мігрантаў як зброі. Але аб лёсе мігрантаў ідуць спрэчкі. Хтосьці кажа, што Беларусь – «першая бяспечная краіна», дзе мігранты мусяць прасіць прытулку, хтосьці даводзіць, што ў Беларусі мігранты пад пагрозай. Адны гавораць пра міграцыю з чыста эканамічных прычынаў, другія – пра ўцёкі ад гуманітарнай катастрофы. Калі нехта кажа, што трэба пусціць людзей, якія ў бядзе проста цяпер, на гэта нехта адкажа, што тады мігрантаў пойдзе яшчэ больш – і бяда стане большай. Многія лічаць няправільным тое, што мігрантаў «разварочваюць» у Беларусь, калі яны ўжо перайшлі мяжу. Іншыя аналітыкі мяркуюць, што міграцыйны крызіс быў арганізаваны якраз дзеля таго, каб такія спрэчкі і пачаліся, а палітычная сітуацыя ў краінах Еўразвязу дэстабілізавалася.

Hавiны
«Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць міграцыю ў якасці зброі». Што чакае «Белавію»?
2021.11.09 14:42

Чым адкажа Еўразвяз?

Чарговым пакетам санкцыяў, а то і фактычным закрыццём неба над Беларуссю, закрыццём памежнага пераходу ў раёне крызісу, абвяшчэннем надзвычайнага становішча на мяжы, умацаваннем межаў вайскоўцамі і плотамі, перамовамі з краінамі паходжання мігрантаў і, магчыма, Расеяй.

Як дапамагчы мігрантам?

У Польшчы, Літве і Латвіі працуюць валанцёрскія арганізацыі, мясцовыя жыхары ладзяць дабрачынныя зборы. Але валанцёраў у Польшчы не пускаюць у зону надзвычайнага становішча – часам яны дзейнічаюць таемна. У Беларусі цэнтралізавана дапамагаць мігрантам наўрад ці магчыма: няўрадавыя арганізацыі разгромленыя, а плынь мігрантаў кантралююць сілавікі, якія наўрад ці падпусцяць любых ахвочых – застаецца хіба пісаць звароты і пашыраць інфармацыю пра крызіс, у тым ліку сярод патэнцыйных мігрантаў і на зразумелых ім мовах.

АА belsat.eu

Стужка навінаў