Памежная аперацыя Лукашэнкі: фаза прарыву

Лукашэнка па-ранейшаму імкнецца змусіць Еўропу да дыялогу і выклікаць амнезію што да рэпрэсіяў супраць беларусаў. Ён толькі змяніў тактыку і замест раскіданых нападаў на польскую мяжу спрабуе прарваць яе вялікай групай мігрантаў пад акампанемент прапаганды і дэзынфармацыі.

Аляксандр Лукашэнка вывеў беларускі памежны крызіс на новы ўзровень. Гэта стварыла вельмі сур’ёзную пагрозу для польскай мяжы, ЕЗ і NATO. Арганізаваная беларускімі службамі аперацыя прарыву мяжы групаю з некалькіх соцень, а можа, тысячы і болей чалавек, – гэта не тое, што ранейшыя спробы пераходу мяжы групамі з некалькіх дзясяткаў асобаў.

Акрамя таго, учорашняя акцыя суправаджаецца дэзынфармацыяй і цэлым комплексам захадаў псіхалагічнага ціску на польскія службы і грамадства. А таксама паведамленнем для Еўропы пра «бесчалавечную» Польшчу. Уся аперацыя з самага пачатку каардынуецца і арганізоўваецца беларускімі службамі з розных ведамстваў: КДБ, МУС, узброеныя сілы і памежная служба. Афіцэры і вайскоўцы гэтых службаў бяруць непасрэдны ўдзел у правакацыях на мяжы і ўкаранёныя ў групы мігрантаў. Пры гэтым мэты Лукашэнкі не змяніліся.

Змянілася толькі тактыка, бо ранейшая не апраўдала чаканняў уладаў Беларусі.

Вайна нерваў

Можна было чакаць таго, што ўлады Беларусі аднойчы збяруць мігрантаў з Менску ў вялікую групу і перавязуць іх на мяжу з Польшчай. Аляксандр Лукашэнка чакаў, калі ягоная памежная аперацыя «набярэ масу». Ён чакаў, пакуль самалёты з Турцыі, Дубаю і Дамаску прывязуць вялікую групу людзей. Гэтая група настолькі раздулася, што беларускія ўлады пачалі заўважаць праблему.

Урэшце ў дзяржаве, дзе за сустрэчу на вуліцы некалькіх асобаў пераследуюць, як за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, здымкі вялікіх груп прыезджых з Блізкага Усходу ў цэнтры Менску білі па вядомаму прапагандысцкаму «парадку» ў дзяржаве Лукашэнкі. Правалілася ранейшая тактыка выштурхоўвання ў Польшчу (і ў Літву) невялікіх груп мігрантаў. З яе дапамогай не ўдалося прымусіць Захад весці перамовы. Затое ўдалося справакаваць крызіс на мяжы і выклікаць палітычныя хваляванні ў Польшчы.

Але гэтага мала, бо галоўная мэта Лукашэнкі ўсё ж іншая.

Абноўлена
Менск ідзе на эскалацыю. Тысяча мігрантаў у суправаджэнні вайскоўцаў прыйшла на мяжу з Польшчай
2021.11.08 10:49

Такім чынам, беларускі рэжым пастанавіў вывесці крызіс на новы ўзровень і зрабіў тое, што эксперты малявалі ў сцэнарах як надзвычайнае развіццё падзеяў. Ён вырашыў прарваць мяжу з ЕЗ з дапамогай вялікай групы мігрантаў. Уначы такую групу даставілі аўтобусамі ў ваколіцы памежнага пераходу «Кузніца» (з беларускага боку «Брузгі»). Сфармаваную калону людзей у суправаджэнні ўзброеных памежнікаў, вайскоўцаў і ўнутраных службаў загналі ў лесапаласу каля аўтамабільнага памежнага пераходу. Беларускія службы паклапаціліся пра тое, каб мігранты не ішлі на пераход, каб ён не стаў полем бітвы пры мінанні мяжы. На пераходзе з’явілася нават падраздзяленне ўнутраных войскаў у рыштунку для разгону дэманстрацыяў.

Hавiны
«Мы адмянілі ўсе рэйсы»: пасажырскі перавозца – пра наступствы закрыцця пераходу «Брузгі»
2021.11.09 18:30

Новая фаза беларускай міграцыйнай аперацыі, якая пачалася ўчора, мае на мэце спачатку ўзмацняць псіхалагічны ціск. Найбліжэйшым часам будзе зразумела, які варыянт развіцця падзеяў выбраў Менск. Ужо былі спробы прарваць калючы дрот і ахову на мяжы. Гэтыя спробы могуць рэгулярна паўтарацца.

Тактычная мэта – змарыць паліцыянтаў, армію і памежнікаў, якія сабраліся з польскага боку.

Вельмі верагоднае, што вялікая група людзей пабудуе ў памежным лесе значны лагер і застанецца надоўга. Ужо цяпер сітуацыя атачаецца дэзынфармацыяй і прапагандай, якая намякае свету, што Польшча ставіцца да мігрантаў бесчалавечна. Яшчэ ўчора раніцай «РИА Новости» і «Sputnik» апублікавалі фэйк, што мігранты (якіх назвалі ў дэпешы «натоўпам») прарвалі мяжу. У расейскіх і беларускіх медыях з’явілася паведамленне пра бесчалавечнасць палякаў у дачыненні мігрантаў. Пры гэтым не расказваюць пра «гуманітарнае» суправаджэнне мігрантаў узброенымі беларускімі службамі з сабакамі, а гэтыя кадры выклікаюць асацыяцыі часу Другой сусветнай вайны. Падкрэсліваецца, што група хоча ў Нямеччыну.

Кошты авантуры

Гэта наратыў, які мае выклікаць эмоцыі ў Заходняй Еўропе і стварыць асацыяцыі з міграцыйным крызісам 2015 года. У Лукашэнкі ўвесь час адна і тая ж мэта: прымусіць Еўропу весці перамовы, у якіх усё, што ён зрабіў з беларусамі пасля жніўня 2020 года, адыдзе на другі план. А на парадку дня будуць выключна перамовы аб спыненні памежнага крызісу. З імаверным удзелам Масквы як пасярэдніцы.

Мэты Лукашэнкі і Пуціна вядомыя. Мэта Польшчы і Еўропы – пакласці канец крызісу, бяспечная мяжа.

Каб гэтага дамагчыся, Лукашэнка павінен пачуць цвёрдае «не», але выказанае на зразумелай яму мове дзеянняў, не абавязкова толькі і выключна на полі гарантавання бяспекі мяжы. «Не», перанесенае ў сферы эканомікі, міжнародных адносін. Добры прыклад тут – ціск ЕЗ на Ірак, які закрыў беларускія консульствы ў Багдадзе ды Арбілі.

Hавiны
«Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць міграцыю ў якасці зброі». Што чакае «Белавію»?
2021.11.09 14:42

Але гэта ўсяго толькі экстраныя захады, якія блакуюць наплыў мігрантаў з Іраку ў Беларусь. Між тым гаворка ідзе пра рэзкае павышэнне кошту аперацыі на мяжы і для Лукашэнкі, і, магчыма, для Пуціна – каб далейшы збор мігрантаў у памежным лесе пагражаў Менску адчувальнымі стратамі, настолькі вялікімі, што дасягненне пастаўленай ім мэты будзе занадта дарагім.

Кадры, на якіх беларускія службы абаранялі дарогу памежнага пераходу і штурхалі мігрантаў у лес побач з пераходам, шмат кажуць пра страхі Лукашэнкі. Ён не хоча, каб крызіс справакаваў блакаду пераходаў для грузавога руху. Для рэжыму Лукашэнкі блакада дарожных памежных пераходаў была б катастрофаю.

Гарэць мусіць памежная лінія, але TIR’ы павінны ехаць, бо яны прыносяць грошы. Гандаль і транзіт з Беларусі праз Польшчу і ў Польшчу не можа аказацца пад ударам.

Гаворка ідзе пра даходы беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў і звязаных з Лукашэнкам наменклатурных алігархаў. Пытанне жыцця для дрэваапрацоўчай прамысловасці або вытворцаў сельскагаспадарчай хіміі і будаўнічых матэрыялаў. Апошнім часам польскія фірмы закупляюць рэкордныя аб’ёмы беларускай драўніны ці цэменту. Размова таксама ідзе пра абавязкі Беларусі што да транзіту грузаў у кірунку Расеі, Кітаю і ў Еўропу.

Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 15:20

Закрыццё мяжы для тавараў было б магутным сродкам ціску на Лукашэнку. Яно выкліча ціск з боку беларускага, расейскага і кітайскага бізнесу. Гэта, вядома, патрабуе маштабнай супольнай з ЕЗ дыпламатычнай аперацыі і, безумоўна, прывядзе да фінансавых стратаў.

Аднак сітуацыя надзвычайная, і ўжо няма часу на такія шараговыя захады, як заклікі і ўведзеныя ў звычайным рэжыме санкцыі.

Тым больш што прапагандысцкая і дэзынфармацыйная плыня, скіраваная на Блізкі Усход, не дае знаку, што Лукашэнка спыніць сцягванне чарговых мігрантаў, закладнікаў ягонай памежнай аперацыі. У курдскіх і арабскіх сацсетках шмат ілжывых запэўненняў, што мяжа ўжо прарваная, а ахвотных чакаюць аўтобусы ў Нямеччыну. Гэта абвестка, што аперацыя Лукашэнкі запланаваная надоўга.

Міхал Кацэвіч для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў