«Мы гатовыя на любы сцэнар». Што кажа польскі ўрад пра міграцыйны крызіс на мяжы


З нагоды сітуацыі з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правёў экстраную нараду з міністрамі і кіраўнікамі спецыяльных службаў. Па выніках паседжання Дуда заявіў, што Польшчы трэба рыхтавацца да новых правакацыяў з беларускага боку. Былі абмеркаваны крокі, якія трэба зрабіць у адказ на сітуацыю на мяжы. Паведамляецца, што прэзідэнт будзе кантактаваць з саюзнікамі па ЕЗ і NATO.

Экстраная нарада ўладаў Польшчы з нагоды сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: PremierRP / Twitter

Анджэй Дуда ўжо размаўляў наконт сітуацыі на мяжы са Святланай Ціханоўскай. Ён падзякаваў лідарам беларускай дэмакратычнай апазіцыі за падтрымку Польшчы падчас «мігранцкага крызісу» і за тое, што яны нагадваюць усяму свету пра тое, што ў тым, што адбываецца, вінаваты рэжым Лукашэнкі. Таксама ён паспеў паразмаўляць з прэзідэнтамі Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Акрамя таго з-за крызісу на мяжы Анджэй Дуда адмяніў запланаваны візіт у Славакію.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын у Twitter напісаў пра падрыхтоўку масавага штурму польскай мяжы:

«Вельмі трывожная інфармацыя з мяжы. У Беларусі, недалёка ад мяжы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Яны толькі што рушылі ў бок польскай мяжы. Яны паспрабуюць масава прайсці ў Польшчу. У групе большасць – маладыя мужчыны. Пачалася найбуйнейшая спроба сілавога ўварвання ў Польшчу».

«Дадатковая інфармацыя сведчыць аб тым, што групоўка знаходзіцца пад строгім кантролем узброеных беларусаў. Яны вырашаюць, у якім напрамку пойдзе група», – дадаў Жарын.

Hавiны
Польская паліцыя: Ноч на мяжы прайшла амаль спакойна
2021.11.09 09:38

Міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Камінскі кажа:

«Мы гатовыя на любы сцэнар. Жорсткая абарона мяжы – гэта наш абавязак. Мы павялічылі колькасць памежнікаў, паліцыі і салдат. Мы чакаем у поўнай гатоўнасці».

Паведамляецца, што для абароны польскай мяжы задзейнічана больш за 12 тысяч сілавікоў. Урад Літвы таксама выслаў сваіх ваенных для абароны польскай мяжы.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік піша ў Twitter:

«Памежная ахова, паліцыя і Войска Польскае абараняюць нашую мяжу ад нападу мігрантаў, натхнёных і падрыхтаваных Лукашэнкам. Памятайце, польскія службы абараняюць нас, але ім патрэбная нашая падтрымка! Не шкадуйце яе для іх!».

Віцэ-міністр МЗС Польшчы Пётр Ваўжык кажа, што «ўлады Беларусі імкнуцца да эскалацыі, якая прывядзе да ахвяраў».

«У беларускага боку няма разумення таго, што адбываецца. Ёсць толькі перакананне, што яны самі адбіваюць нейкую атаку. Пра гэта сведчыць выступленне кіраўніка МЗС Беларусі, якое абвяргае сам факт правакацыяў на мяжы», – зазначыў Ваўжык.

Ён запэўніў, што польскія службы былі падрыхтаваныя да такога развіцця падзеяў і будуць рэагаваць адэкватна.

«Па той бок мяжы ёсць жаданне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і смярцямі», — заявіў Пётр Ваўжык.

Hавiны
Чаго Лукашэнка дамагаецца міграцыйным крызісам? Разважае беларускі вайсковы эксперт
2021.11.08 18:50

Каментуючы сітуацыю, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі сказаў, што дыпламатычныя адносіны з Беларуссю знаходзяцца на самым нізкім узроўні ў гісторыі.

«Увесь гэты час дыпламатычная сувязь падтрымліваецца, але вынікі дыпламатычных дзеянняў нікчэмныя, таму што такую ​​дыпламатычную мэту паставіў перад сабой Лукашэнка – каб абвастраць сітуацыю. Мы робім інтэнсіўныя дыпламатычныя дзеянні ў адносінах да краін з рэгіёнаў Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі. Краіны, якія з’яўляюцца крыніцай гэтых вялікіх груп мігрантаў. Думаю, што калі б не нашыя дыпламатычныя дзеянні, сёння мы б мелі справу з яшчэ большым крызісам», – сказаў ён.

Прадстаўнік галоўнага ўпраўлення Памежнай варты Міхал Такарчык паведаміў агенцтву РАР, што памежнікі адбілі першую спробу масавага перасячэння мяжы. «Паглядзім, што будзе ноччу», – сказаў ён.

«Не ведаем, чым яшчэ беларускія службы нас здзівяць. Мы павінны выразна растлумачыць, што без іх дазволу і ўхвалы нічога не адбываецца. Любая сітуацыя разгортваецца пад эгідай беларускіх службаў. Замежнікаў праводзілі аж да лініі дзяржаўнай мяжы і разбілі там намётавы лагер. Мы стаім на абароне нашай мяжы і не маем намеру дапусціць яе перасячэння», – заявіў Такарчык.

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка выказаў прапанову цалкам закрыць мяжу з Беларуссю, бо хоць гэта і будзе сур’ёзным ударам па эканоміцы, але застаецца адзіным спосабам прымусіць Лукашэнку змяніць сваю палітыку.

Hавiны
Як рэагуе міжнародная супольнасць на сітуацыю на беларуска-польскай мяжы
2021.11.09 02:57

АД, belsat.eu

Стужка навінаў