Мінабароны Беларусі выклікала вайсковага аташэ пры амбасадзе Польшчы ў Менску

У Міністэрства абароны Беларусі 9 лістапада выклікалі вайсковага аташэ пры амбасадзе Польшчы ў Менску Яраслава Кемброўскага, паведамляе тэлеграм-канал ведамства.

Міністэрства абароны Беларусі ў Менску. Фота: belnaviny. by

Паведамляецца, што да польскага ваеннага прадстаўніка была даведзена інфармацыя ў дачыненні да «беспадстаўных і неправамерных абвінавачанняў польскага боку ў датычнасці беларускіх вайскоўцаў да міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы» і што для такіх сур’ёзных прэтэнзій патрабуюцца «важкія доказы».

Таксама беларускі бок выказаў незадаволенасць знаходжаннем на польска-беларускай мяжы такой колькасці польскіх сілавікоў.

«Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь занепакоенае павелічэннем колькасці польскіх вайскоўцаў каля нашых межаў, а таксама адсутнасцю абʼектыўнай аргументацыі іх знаходжання».

Нагадаем, з раніцы 8 лістапада ў бок памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца» прыйшлі каля двух тысяч мігрантаў з заплечнікамі, якіх кантралявалі ўзброеныя людзі ў камуфляжы. Каля мяжы сілавікі скіравалі людзей у лес, дзе групы мігрантаў спрабавалі разбурыць плот і прарвацца праз мяжу. На другім баку знаходзяцца польскія памежнікі, якія не прапускаюць мігрантаў.

Бліжэй да вечара мігранты развярнулі намётавы лагер, дзе знаходзяцца дагэтуль, іх кантралююць узброеныя беларускія памежнікі. У ноч на 9 лістапада ніякіх правакацый на мяжы не было. Польскі бок кажа, што на мяжы знаходзіцца каля 3-4 тысяч мігрантаў.

«Калі нешта здарыцца, мы першыя, хто сустрэнецца з гэтым натоўпам». Што кажуць жыхары беларуска-польскага памежжа

АД belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны