«Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць міграцыю ў якасці зброі». Што чакае «Белавію»?


Паводле неправеранай інфармацыі, «Белавія» можа трапіць у чарговы санкцыйны спіс, а Беларусь неўзабаве адключаць ад глабальнай сістэмы навігацыі. Магчымыя абмежаванні будуць датычыць зоны Еўракантролю – гэта 41 еўрапейская краіна. Пра гэтую сітуацыю «Белсат» паразмаўляў з экспертамі ў галіне авіяцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Пасля травеньскай прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце Брусель забараніў Беларусі выкарыстоўваць паветраную прастору Еўразвязу. Адпаведна, краінам-сябрам парэкамендавалі не выкарыстоўваць беларускай прасторы, чаго тыя дагэтуль прытрымліваюцца. Але калі нейкая краіна зменіць рашэнне, адключэнне ад сістэмы авіязвестак перашкодзіць пералётам.

Каб прыляцець у Беларусь ці праляцець над яе тэрыторыяй, краінам Еўракантролю трэба будзе даслаць запыт у «Белаэранавігацыю», атрымаць пацверджанне, а далей з такім жа запытам звярнуцца ў Еўракантроль.

Беларускія ж самалёты паляцець у Еўропу папросту не змогуць. Але ёсць выйсце: можна атрымліваць доступ да навігацыйных базаў праз пасярэдніцкія кампаніі. Авіяэксперт і рэдактар парталу «Авиабиз» Багдан Далінцэ ўпэўнены, што практычнае выкананне такіх дзеянняў залежыць у першую чаргу ад санкцыяў.

«Залежыць ад таго, ці будуць санкцыі ўведзеныя і якім чынам яны будуць прапісаныя. Бо могуць такім чынам прапісаць патрабаванні, што і пасярэдніцтва можа адгукнуцца санкцыямі для іншых кампаніяў. З іншага боку, мы разумеем, што любы пасярэднік у ланцугу звестак – гэта заўсёды затрымка, і атрыманне звестак з пэўнай затрымкай можа несці пагрозу для бяспекі палётаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Адключэнне ад глабальнай сістэмы навігацыі закране і грузавыя пералёты, якія дагэтуль рэгулярна выкарыстоўваюць нашую паветраную прастору. Але пакуль перасоўванне беларускіх самалётаў і так абмежаванае, таму адключэнне мае хутчэй рэпутацыйны эфект. Напрыклад, выказваюцца меркаванні, што акурат у выніку санкцыяў бразільская кампанія «Embraer» магла адмовіць у абнаўленні праграмнага забеспячэння для трох новых самалётаў, якія «Белавія» набыла ў фірмы. Паводле інфармацыі сэрвісу «Flightradar24», самалёты прыляцелі на стаянку ў Казахстане. Аднак авіяэксперт Кірыл Новікаў схільны да больш простага тлумачэння сітуацыі з летакамі «Embraer».

«Я ўпэўнены, што вытворца ніякім чынам не звязвае прыналежнасць свайго самалёта да той ці іншай краіны, каб, напрыклад, забараніць яму праходзіць тэхнічнае абслугоўванне. Давайце, напэўна, спынімся на самай простай версіі: флот, відавочна, не выкарыстоўваецца ўвесь. «Белавіі» трэба кудысьці яго пераразмяркоўваць, а калі гэта была лізінгавая праграма, то хутчэй за ўсё проста кампанія і ўласнік атрымае назад свой самалёт».

Афіцыйнага адказу ад «Embraer» на запыт «Белсату» пакуль няма, але медыі маюць пацверджанні ад казахскай кампаніі «Air Astana», у якой Беларусь шукала часовую стаянку. Ёсць думка, што «Белавія» насамрэч здавала самалёты на ўмовах арэнды ці продажу, але ананімны аўтар спецыялізаванага тэлеграм-каналу «ОтВинта / Авиация Беларуси» прытрымліваецца афіцыйнай версіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэта дасць магчымасць аптымізаваць выдаткі на фоне закрытых еўрапейскіх кірункаў і нарастання палітычнага ціску. Памятайма пра тое, што «Белавія» – эксплуатант і лізінгаатрымальнік самалётаў, а вось уладальнік – «AerCap». Адпаведна, рашэнне аб перамяшчэнні прымалася супольна. Чаму ў Казахстан? У казахскіх авіякампаніяў ёсць досвед абслугоўвання і падтрымання лётнага стану паветраных суднаў гэтага тыпу, а для «AerCap» гэта важна. Плюс у краіне спрыяльны для часовай стаянкі клімат».

Большасць самалётаў «Белавіі» для камерцыйных рэйсаў узятыя ў арэнду: 21 з 30 належаць Ірландыі, Даніі, Румыніі ды ЗША. Таму на саміце Еўразвязу 21–21 кастрычніка разглядаліся дадатковыя санкцыі – ужо кропкавыя – супраць «Белавіі». У выпадку іх увядзення лізінг будзе забаронены. Такой пазіцыі прытрымліваецца і міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

«Лукашэнка ўсё яшчэ працягвае выкарыстоўваць міграцыю ў якасці зброі, і я думаю, што неабходна сур’ёзна разгледзець магчымасць узмацнення ціску. Гэта датычыць турыстычнага сектару, трэба цалкам абкласці санкцыямі «Белавію», каб яна не мела аніякага падтрымання».

Раней праз Беларусь штодня праходзіла каля 300 рэйсаў, з якіх траціна прыпадала на авіякампаніі Еўразвязу і Вялікай Брытаніі. Цяпер «Белавія» толькі падаўжае прыпыненне сваіх пералётаў у Еўразвяз і Украіну, якая таксама падтрымала санкцыі адносна паветранай прасторы Беларусі. Вымушанае прыпыненне палётаў працягнулі да 14 снежня. Дакладную суму стратаў, што панясе кампанія, падлічыць цяжка, бо ёсць шмат нюансаў, а частка звестак – закрытая. І хоць адказны за навігацыю ў Міністэрстве транспарту Арцём Сікорскі і называў санкцыі бяззубым укусам, але днямі заявіў пра страты памерам $ 10 млн штомесяц.

У такой сітуацыі «Белавія» вымушаная адкрываць усё новыя ўсходнія кірункі для палётаў, а старыя – пашыраць, перш за ўсё ў бок Расеі.

«Ці змогуць кампенсаваць – вялікае пытанне. Магчыма, Лукашэнка хоча нейкія зрабіць перастаноўкі, пайсці на саступкі ў адносінах свайго ўсходняга партнёра, каб атрымаць для «Белавіі» магчымасць лятаць», – мяркуе авіяэксперт Кірыл Новікаў.

Тэрмін увядзення новых санкцыяў пакуль не вядомы, а вось адключыць «Белаэранавігацыю» ад глабальнай сістэмы авіязвестак, паводле непацверджанай інфармацыі, могуць ужо 15 лістапада.

Больш інфармацыі пра сітуацыю вакол «Белавіі» – у праграме «Тыдзень»:

ВК belsat.eu

Стужка навінаў