Кіраўнік МУС Нямеччыны: Павінны дапамагчы польскаму ўраду ў ахове вонкавай мяжы


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота wikimedia.org.

Міністр унутраных спраў Нямеччыны Горст Зээгофэр заклікаў Еўрапейскі Звяз «ужыць захады», каб дапамагчы спыніць прыток мігрантаў з Беларусі на польска-беларускую мяжу. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю газеце «Bild».

На думку міністра, «Польшча ці Нямеччына не могуць справіцца з гэтай сітуацыяй самыя».

«Мы павінны дапамагчы польскаму ўраду ў ахове вонкавай мяжы. Гэта мусіць быць задачай Еўрапейскай камісіі. Я заклікаю да дзеяння», – сказаў Зээгофэр, падкрэсліўшы, што ЕЗ мае стварыць адзіны фронт.

Кіраўнік нямецкага МУС таксама падкрэсліў, што падтрымлівае рашэнне ўраду Польшчы аб будаўніцтве пастаяннай заслоны на мяжы з Беларуссю.

«Мы не можам крытыкаваць [Польшчу. – Рэд. Belsat.eu] за абарону вонкавых межаў ЕЗ. Вядома, не звяртаючыся да ўжывання агнястрэльнай зброі, але іншымі даступнымі сродкамі», – адзначыў ён.

«Bild» таксама цытуе заяву высокапастаўленага чыноўніка МУС Нямеччыны Штэфана Маера, які выказаў меркаванне, што Нямеччына можа вельмі хутка накіраваць паліцыю на падтрымку Польшчы, калі яна выкажа такое жаданне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў