Два дзясяткі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія ўлады праігнаравалі падчас міграцыйнага крызісу


Мігранты на беларуска-польскім памежжы.
Фота: Polish Defence Ministry / Reuters / Forum

Гледзячы на паводзіны беларускіх сілавікоў і не скажаш, што цягам аднаго толькі паходу на «Брузгі» было ўчынена столькі крымінальных злачынстваў як мігрантамі, так і самімі сілавікамі.

Міграцыйны крызіс на межах з Польшчай і Беларуссю адбываецца пад пільным кантролем беларускіх сілавікоў. Гэтага не ўтойваюць – мігранты незаконна пераходзяць мяжу ў прысутнасці памежнікаў і ўзброеных «зялёных чалавечкаў» без апазнавальных знакаў. Ды ўлады Беларусі сцвярджаюць, што ўсё законна.

Зазірнем у Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

Даведка

Пры чытанні Крымінальнага кодэксу трэба ўлічваць наступнае. Пад словам «грамадзянін» там маюць на ўвазе і замежных грамадзянаў, і асобаў без грамадзянства, калі не пазначана іншае. «Службовая асоба», калі іншае не пазначана, – гэта таксама і службовая асоба замежных дзяржаваў. Злачынства лічыцца ўчыненым на тэрыторыі Беларусі, калі яно не толькі цалкам учыненае на ёй, але і калі было распачатае ці завершанае на тэрыторыі Беларусі. Цяжкія злачынствы – тыя, за якія прадугледжанае максімальнае пакаранне на тэрміны звыш 6 гадоў, але не больш за 12 гадоў пазбаўлення волі (больш – ужо асабліва цяжкія). І за цяжкія злачынствы трэба караць у тым ліку замежных грамадзянаў у выпадках, калі злачынства было ўчыненае за межамі Беларусі, але супраць нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Незаконнае мінанне мяжы

Хоць па паводзінах беларускіх сілавікоў гэтага не скажаш, але наўмыснае нелегальнае мінанне мяжы групай асобаў – гэта злачынства, якое паводле арт. 371 ч. 3 КК РБ мусіць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам ці без. Але ў выпадку з міграцыйным крызісам да адказнасці нікога не прыцягнулі.

У гэтым крымінальным артыкуле няма выключэння для замежных грамадзянаў, якія выходзяць з тэрыторыі Беларусі, – ёсць хіба выключэнне для тых, хто прыбыў у Беларусь з парушэннем правілаў, але адразу хадайнічаў аб прытулку ці статусе ўцекача ў Беларусі (не ў іншай дзяржаве). Аргумент пра тое, што мігранты ж не ў Польшчу хочуць трапіць, а ў Нямеччыну, якая іх нібыта «клікала да сябе», тут не працуе: усё роўна незаконны пераход мяжы Беларусі – гэта злачынства.

І нават калі не групай, а па адным, нельга незаконна мінаць мяжу Беларусі і нават перабываць у памежнай зоне ці памежнай паласе. Пра гэта ёсць артыкулы Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях: з 24.18 да 24.21 КаАП РБ. Парушальнікаў мусяць як мінімум штрафаваць, а тое і дэпартаваць. Ды мігрантаў у межах цяперашняга крызісу каралі толькі за тое, што яны занадта доўга заставаліся ў Беларусі.

Арганізацыя незаконнай міграцыі

І гэта таксама крымінальнае злачынства: нават калі нелегальную міграцыю ладзяць не дзеля ўезду на тэрыторыю Беларусі, а дзеля транзіту праз Беларусь і выезд з Беларусі замежных грамадзянаў ці асобаў без грамадзянства.

Пры тым у арт. 371-1 КК РБ ёсць дзве часткі. Проста за «арганізацыю, кіраванне ці спрыянне» незаконнай міграцыі мусяць караць паводле ч. 1 арыштам, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. А калі незаконную міграцыю арганізоўвалі спосабам, небяспечным для жыцця ці здароўя мігранта, або спосабам, звязаным з жорсткім ці прыніжальным стаўленнем, або паўторна, або групай асобаў паводле папярэдняй змовы, або з выкарыстаннем службовых абавязкаў, то гэта ўжо ч. 2, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымым штрафам у дадатак.

Абноўлена
Менск ідзе на эскалацыю. Тысяча мігрантаў у суправаджэнні вайскоўцаў прыйшла на мяжу з Польшчай
2021.11.08 10:49

Адшукаць тых, хто ладзіць паездкі ў Беларусь дзеля незаконнага транзіту ў Еўразвяз, не праблема: яны самі выстаўляюць абвесткі ў сацсетках з адрасамі і нумарамі тэлефонаў. Ды галоўным арганізатарам цяперашняга міграцыйнага крызісу ў Еўразвязе называюць Аляксандра Лукашэнку.

Бяздзеянне і ўкрывальніцтва

Заплюшчваць вочы на гэтыя злачынствы таксама незаконна. Ёсць адмысловы арт. 425 КК РБ – «Бяздзеянне службовай асобы». У залежнасці ад пасады і наступстваў караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць пасады, пазбаўленнем волі на тэрмін да 7 гадоў.

Памежнікаў, якія мусяць ахоўваць мяжу, але дапускаюць незаконнае мінанне мяжы, таксама трэба караць за парушэнне правілаў нясення памежнай службы або памежнага кантролю. Паводле арт. 453 КК РБ ім мусяць накладаць абмежаванні на вайсковую службу тэрмінам да двух гадоў, арыштоўваць або пазбаўляць волі на тэрмін да 2 гадоў, а калі былі цяжкія наступствы, то ад 2 да 7 гадоў.

Нават проста пакінуць чалавека ў небяспецы без відавочна неабходнай і неадкладнай дапамогі (як то чалавеку, які даўно ў лесе пры мінусавай тэмпературы без належнай вопраткі і сродкаў, каб сагрэцца) – гэта таксама крымінальнае злачынства: паводле арт. 159 КК РБ за гэта прадугледжаныя санкцыі ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. За хаванне інфармацыі аб небяспецы для жыцця людзей таксама мусяць караць – паводле арт. 308 КК РБ, ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў.

Польскія вайскоўцы каля польска-беларускай мяжы.
Фота: Polish Defence Ministry / Reuters / Forum

Калі хтосьці сказаў, што можна не зважаць на гэтыя артыкулы, і аддаў загад бяздзейнічаць, то гэта ўжо можа трактавацца як арт. 426 КК РБ – «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў», злачынства, за якое, у залежнасці ад наступстваў, трэба штрафаваць, пазбаўляць права займаць пасады, пазбаўляць волі на тэрмін да 10 гадоў. За ўтойванне асобы, якая ўчыніла цяжкае злачынства, мусяць караць паводле арт. 405 штрафам, папраўчымі работамі або арыштам.

Дарэчы, заведама злачыннаму загаду можна не падпарадкоўвацца: выключэнне прапісанае ў заўвагах да раздзелу 37 КК РБ і ў арт. 438 ч. 1 КК РБ.

Абноўлена
На беларуска-польскай мяжы налічылі да 4 тыс. мігрантаў
2021.11.09 12:18

Хуліганства і псаванне маёмасці

У Беларускіх сілавікоў вельмі шырокае трактаванне таго, што лічыць хуліганствам. Паводле арт. 339 КК РБ гэта «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца ўжываннем гвалту, або пагрозай яго ўжывання, або псаваннем, або пашкоджаннем чужой маёмасці, або адрозніваюцца сваім зместам выключным цынізмам». Але ў Беларусі нават напіс на плоце або карагод на дарозе лічаць хуліганствам.

За хуліганства мусяць караць грамадскімі работамі, штрафам, арыштам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. Калі хуліганства было злосным (да прыкладу, учыненае групай асобаў), то максімальнае пакаранне вырастае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Калі для нанясення цялесных пашкоджанняў былі ўжытыя нейкія прадметы, то максімальнае пакаранне вырастае ўжо да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 15:20

Калі няма прыкметаў больш цяжкага злачынства, адно толькі «псаванне маёмасці» (напрыклад, надпісы) у грамадскіх месцах мусіць карацца паводле арт. 341 КК РБ грамадскімі работамі, штрафам, арыштам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.

На кадрах відаць, што людзі пад кантролем сілавікоў ішлі проста па дарозе, ламалі плот на мяжы, дэманстравалі відавочную непавагу да польскіх памежнікаў і паводзіліся пагрозліва ў дачыненні іх. І гэта ўсё адбывалася пад кантролем беларускіх памежнікаў і ўзброеных «зялёных чалавечкаў» без апазнавальных знакаў (дарэчы, а ўзброенае фармаванне апошніх законнае, ці гэта арт. 287 КК РБ?).

Масавыя мерапрыемствы і масавыя беспарадкі

Трактаванне таго, што такое масавыя беспарадкі, у беларускіх сілавікоў яшчэ больш шырокае і неадназначнае за хуліганства. Беспарадкамі і грубым парушэннем грамадскага парадку называюць нават цалкам мірныя акцыі пратэсту. А масавае мерапрыемства – гэта нават шкарпэткі «няправільнага» колеру.

Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама арганізацыя гэтых дзеянняў, падпадае пад арт. 342 КК РБ і караецца арыштам, абмежаваннем волі ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 4 гадоў. Забеспячэнне такой дзейнасці караецца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Пад гэты артыкул падпадаюць грубыя парушэнні парадку, звязаныя з непадпарадкаваннем законным дзеянням прадстаўнікоў уладаў або з парушэннем працы транспарту ці ўстановаў і арганізацыяў.

Мігранты на беларуска-польскім памежжы.
Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum

Масавыя беспарадкі, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці (а памежны плот – таксама маёмасць) або ўзброеным процістаяннем прадстаўнікам уладаў, – гэта ўжо арт. 293 КК РБ. Арганізатараў мусяць караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў, удзельнікаў, якія непасрэдна чынілі апісаныя дзеянні, – пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў, а тых, хто гэта матэрыяльна забяспечваў, – арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Ёсць падставы сумнявацца, што паход на «Брузгі» праводзіўся паводле вызначаных правілаў арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Таму мусілі ўжываць «народны» арт. 24.23 КаАП РБ і караць арыштамі або штрафамі да 2900 руб. (арганізатараў – арыштамі або штрафамі да 4350 руб.).

Высяканне лесу і распальванне вогнішчаў

Многія звярнулі ўвагу на кадры дзяржаўных беларускіх медыяў, на якіх мігранты сякуць лес, каб распаліць вогнішчы. У залежнасці ад маштабаў гэта можа быць адміністратыўнае правапарушэнне або крымінальнае злачынства.

У звычайным выпадку парушэнне правілаў карыстання лесам – гэта арт. 16.16 КаАП РБ, а незаконнае зразанне дрэваў у прыватнасці – арт. 16.17 КаАП РБ. Абодва артыкулы прадугледжваюць толькі штрафы. Распаленыя мігрантамі вогнішчы маглі парушаць правілы пажарнай бяспекі ў лясах – калі гэта так, то мусілі штарафаваць паводле арт. 16.21 КаАП РБ. І калі мігранты не прыбяруць за сабой, то ёсць яшчэ і штрафы за забруджванне лесу – арт. 16.22 КаАП РБ.

ВІДЭА
Мінабароны Польшчы апублікавала відэа калоны беларускіх сілавікоў ля мяжы
2021.11.09 11:40

Але калі шкода ад высякання лесу дасягнула буйнога памеру (звыш 250 б. в., або 7250 руб.), то мусіць ужывацца ўжо арт. 277 КК РБ, які прадугледжвае пакаранне як штрафам, так і грамадскімі працамі, папраўчымі працамі на тэрмін да 1 года, арыштам, абмежаваннем волі да 3 гадоў. Калі шкода дасягнула асабліва буйнога памеру (звыш 1000 базавых, або 29 000 руб.), то могуць караць ужо і пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў.

Акт тэрарызму?

Крымінальны артыкул за тэрарызм, арт. 289 КК РБ, можа ўжывацца не толькі ў выпадку, які звычайна называюць тэрактам, як то падрыў бомбы. Актам тэрарызму лічацца таксама «іншыя дзеянні», якія ствараюць небяспеку гібелі людзей ды іншыя цяжкія наступствы і якія ладзяцца «ў мэтах аказання ўплыву на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або застрашвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку». Ёсць асобны артыкул за акт міжнароднага тэрарызму – арт. 126 КК РБ.

Калі міграцыйны крызіс, у якім ужо загінулі не менш за 9 чалавек, быў учынены, каб паўплываць на палітыку краінаў Еўразвязу, то гэта акт тэрарызму. Калі гэта ладзілі арганізаванай групай, то пакаранні – ад 10 гадоў пазбаўлення волі да смяротнага. А на найвышэйшым узроўні рэжым Лукашэнкі дэ-факта прызнае, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі.

З паведамленняў і відэа пра крызіс, а таксама гісторыяў мігрантаў можна зрабіць высновы аб неабходнасці расследаваць і іншыя злачынствы, пакаранне за якія прадугледжаныя артыкуламі 183, 186, 206, 297, 210 і 287, а таксама з 363 да 366 КК РБ.

АА belsat.eu

Стужка навінаў