«Яны будуць трымацца да канца». Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова знаходзяцца за кратамі ўжо 328 дзён


Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова завочна атрымалі прэмію «За свабоду і будучыню ў медыя».

Бел-чырвона-белы сцяг і словы віншавання зняволеным Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай зʼявіліся сёння ля ўваходу ў будынак, дзе месціцца офіс «Белсату» ў Варшаве. «Сваёй працай далі магчымасць пачуць голас свабоднай журналістыкі ў аўтакратычным рэжыме» – гэта пра нашых журналістак. У нямецкім Ляйпцыгу ім завочна ўручылі прэмію «За свабоду і будучыню ў медыя».

«Тут важны сімвалізм, што гэта прэмія прымеркаваная да падзеяў 1989 года ў ГДР, калі ў Ляйпцыгу адбываліся якраз у гэтыя дні масавыя акцыі пратэсту, што шмат у чым і наблізіла падзенне берлінскай сцяны», – кажа муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш.

Прэмію за свабоду і будучыню СМІ з 2001 года ўручае Фонд падтрымання медыяў нямецкага банку «Sparkasse Leipzig». Прэміяй узнагароджваюць журналістаў і арганізацыі, якія з рызыкаю для сябе робяць асаблівы ўнёсак у абарону свабодных СМІ і будучыні вольнай прэсы. Пра тое, што ўзнагароду атрымаюць нашыя журналісткі, стала вядома ў канцы ліпеня.

«Я дачцэ казала, што яны намінаваныя на гэтую прэмію, але што атрымалі – яна нічога не ведае, бо званок быў пазаўчора, а прэмія ўчора, і я не паспела яшчэ паведаміць. Але я думаю, што Каця і Даша вартыя гэтай прэміі», – кажа маці Дарʼі Наталля Церабіленка.

Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову затрымалі летась 15 лістапада. Журналісткі вялі трансляцыю з плошчы Пераменаў у Менску, дзе сілавікі разганялі акцыю памяці загінулага Рамана Бандарэнкі.

Сёлета ў лютым у Фрунзенскім раённым судзе Менску Наталля Бугук прысудзіла журналісткам па 2 гады пазбаўлення волі, палічыўшы іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле версіі следства, праз стрым, што журналісткі вялі з аднаго з будынкаў, спыніўся рух двух дзясяткаў маршрутаў грамадскага транспарту.

Праваабаронцы прызналі Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову палітзняволенымі. Журналісткі адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі і маюць выйсці на волю налета 5 верасня.

У канцы кастрычніка маці Дашы атрымае доўгатэрміновае спатканне з дачкой. Муж Каці кажа, што пасля пераводу ў калонію знікла праблема з ліставаннем, але рэгулярна лісты прыходзяць толькі ад сваякоў.

«Хутчэй за ўсё, моцна адсейваюць, бо, як казала Каця, пасля пераводу ў гомельскую калонію істотна менш стала лістоў ад калегаў, ад незнаёмых людзей, якія падтрымліваюць на знак салідарнасці», – кажа Ігар Ільяш.

Журналісткі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць, іхны прысуд меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. У зняволенні ж Дарʼю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму ды іншых дэструктыўных дзеянняў». Гэты статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі.

«Учора якраз я адвёз перадачу для Каці. Яе прынялі без праблемаў, што сведчыць пра тое, што, прынамсі на дадзены момант не было нейкіх спагнанняў у Каці, бо інакш праз гэта маглі і не прыняць», – кажа Ігар Ільяш.

«Выходзіла на відэасувязь, размаўляла, настрой быў добры і праз тэлефон гаварылі чатыры дні таму. Настрой баявы, я думаю, яны будуць трымацца да канца», – кажа Наталля Церабіленка.

Сёння ў Беларусі за кратамі знаходзіцца 801 палітзняволены. Сярод іх тры дзясяткі журналістаў і працаўнікоў медыяў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Стужка навінаў