«Яму давялося вельмі хутка пасталець». У калоніі Бабруйска за пратэсты сядзіць школьнік з Берасця


Сяргей Гацкевіч. Фота прадастаўленае сваякамі

Масавыя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года прывялі да з’яўлення ў Беларусі непаўналетніх палітвязняў. Адзін з іх – Сяргей Гацкевіч, 11-класнік з Берасця, асуджаны за пратэсты на тры гады папраўчай калоніі.

«Вельмі добры і спагадны чалавек»

Сяргей Гацкевіч захапляўся фатаграфіяй, з пятага класа займаўся акадэмічным веславаннем, а ў восьмым пайшоў у спартыўны клас. Пасля школы разважаў над трыма варыянтамі: спрабаваць паступаць на спартыўны факультэт, у каледж ці ісці ў войска.

«Вясёлы, актыўны, жвавы хлопчык. Вучыліся з ім разам з 6 па 8 клас. Потым перавёўся, і больш мы не кантактавалі», – распавяла былая аднакласніца Сяргея.

Кацярына, з якой ён пазнаёміўся ў чэрвені 2020 года, апісвае яго як добразычлівага, спагадлівага і прыемнага хлопца, «з якім вельмі лёгка знайсці агульную мову».

«Ніколі за ім грубага зносін або некарэктнага я не заўважала», – удакладняе Кацярына.

«Мы з Сяргеем сябры дзяцінства, мы сябруем семʼямі. Можа ён высокі і вялікі, але вельмі добры і спагадны чалавек!»- удакладняе дзяўчына, якая прадставілася як Кацярына Юрʼеўна, якая таксама сябруе з Сяргеем.

Хацеў стаць кінолагам

Паводле сяброў, Сяргей – фанат выканаўцы Макса Каржа, ён быў чальцом яго фан-клубу «Движ-Брест» і наведваў яго канцэрты, сябраваў з іншымі прыхільнікамі музыкі, ездзіў у паходы.

Сяргей Гацкевіч. Фота прадастаўленае сваякамі

Сяргей вельмі любіць жывёл усіх без выключэння, але асабліва буйныя пароды сабак. Кантактаваў з кінолагам, у войску хацеў трапіць у кіналагічны атрад.

«Такога сабаку, якога ён хоча, у кватэры трымаць нельга. Таму Сярожа дапамагаў кінолагу з тэхнікай. Нават у трэніроўках удзельнічаў. Мы казалі, каб ён у будучыні стаў кінолагам», – распавядае сяброўка Кацярына Юр’еўна.

Застаўся адзін у маці

Сяргей рос адзіным дзіцем у сямʼі, а не так даўно стаў і адзіным мужчынам: у 2017 годзе памёр бацька, у 2018-м – дзядуля. Ужо пасля арышту Сяргея памерлі яго бабуля і прабабуля. З блізкіх сваякоў у яго засталася толькі маці, а ў маці – толькі сын, які знаходзіцца ў зняволенні.

«У Сярожы не стала таты амаль 5 гадоў таму. Яму давялося вельмі хутка пасталець, каб падтрымліваць сваю маму. Але, нягледзячы на гэта, ён знаходзіў час для сяброў і самаразвіцця. Калі б мне тэрмінова спатрэбілася дапамога, першым чалавекам, якому я бы патэлефанавала, быў бы Сярожа», – кажа Кацярына Юрʼеўна.

«Вось і трапіў у тую заваруху»

Паводле сваякоў, 10 жніўня 2020 года Сяргей ехаў на чыгуначны вакзал, каб купіць квіток у Менск на здымкі, звязаныя з Максам Каржом. Рух у цэнтры ўжо быў перакрыты, таму давялося выйсці з грамадскага транспарту – «вось і трапіў у тую заваруху».

Яго асудзілі 10 сакавіка 2021 года разам з яшчэ васьмю палітвязнямі: бацькам і сынам Ягорам і Віталём Пракопчукамі, таксістам Цімурам Рызапурам, студэнтамі Іллёй Мігно і Дзянісам Хазеем, фермерам Сяргеем Салохам, бацькам двух дзяцей Сяргеем Крыўчэнем і Аляксандрам Драздовым.

Суддзя Вера Філонік прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 293 КК («масавыя беспарадкі»). Сяргей атрымаў тры гады пазбаўлення свабоды ў выхаваўчай калоніі. Да суда ён як непаўнагадовы быў пад наглядам. Яго ўзялі пад варту пасля вынясення прысуду.

Як пісала «Комсомольская правда», пацярпелымі па справе праходзілі 29 чалавек, у асноўным – міліцыянты. У судзе яны называлі змененыя анкетныя дадзеныя, выступалі па гучнай сувязі з суседняга памяшкання змененымі галасамі. Толькі шэсць міліцыянтаў сядзелі ў зале, але і яны не называлі свае хатнія адрасы.

Сяргей Гацкевіч. Фота прадастаўленае сваякамі

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя 10 жніўня 2020 года «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы, білі міліцыянтаў, ужывалі для гэтага «дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы». Агульная сума шкоды была нібыта перавысіла 27 тыс. рублёў. У аднаго міліцыянта зафіксаваныя дзве раны на пальцы, у іншага – адарваныя рацыя і пагоны.

Віну цалкам не прызнаў ніхто з асуджаных. З іх словаў, яны прысутнічалі, удзельнічалі, але гвалту і пагромаў не здзяйснялі. Асуджаныя прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.

«Будзе ўжо зусім іншым чалавекам»

Цяпер Сяргей знаходзіцца ў выхаваўчай калоніі №2 у Бабруйску. 19 снежня 2021 года яму споўніцца 18 гадоў.

Hавiны
«Вы першы, хто напісаў мне не з родных». Фатограф з Сеніцы стварыў праект «Лісты палітвязням»
2021.04.28 14:10

Маці з ім стэлефаноўваецца двойчы ў тыдзень. Былы аднакласнік адпраўляў ліст, але Сяргей яго так і не атрымаў. Але ўсё ж, сваякі і сябры працягваюць пісаць.

«Калі я даведалася, што Сярожа трапіў не ў тое месца і не ў той час… Я была трохі шакаваная. Але зразумела, што цяпер не да сантыментаў! Майму сябру патрэбная мая падтрымка. Я пішу яму лісты і буду працягваць пісаць. Сярожа пісаў, што, хутчэй за ўсё, пасля таго, як выйдзе, ён будзе ўжо зусім іншым чалавекам», – распавядае сяброўка Кацярына Юр’еўна.

Адрас для лістоў: выхаваўчая калонія №2. Генерала Батава, 4, Гацкевічу Сяргею Сяргеевічу.

Дапамагчы сямʼі можна пераводам на картку:

BELARUSBANK 4255 1901 2342 0864, карта до 07/24 NATALLIA HATSKEVICH

МГ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў