Узнагароджанне журналістак, працяг крызісу на мяжы і масачны рэжым. Галоўнае за 9 кастрычніка

Belsat.eu падводзіць вынікі 9 кастрычніка.

Прэмія для Каці і Дашы

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году. Фота: Белсат

Журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова завочна атрымалі прэмію «За свабоду і будучыню ў медыя». Як падкрэслілі арганізатары, нашыя каляжанкі «сваёй працай далі магчымасць пачуць голас свабоднай журналістыкі ў аўтакратычным рэжыме».

Святлана Алексіевіч прыняла ўдзел у цэрэмоніі, прысвечанай узнагародзе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай. Ляйпцыг, Германія. 8 кастрычніка 2021 года. Фота: ВО / Белсат

Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў нямецкім Ляйпцыгу 8 кастрычніка. У імпрэзе прыняла ўдзел лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Медыя фонд Sparkasse Leipzig штогод прысуджае прэмію «За свабоду і будучыню ў медыя» у памяць пра мірную рэвалюцыю, якая прайшла ва Ўсходняй Нямеччыне ў 1989 годзе. Прэмія прысуджаецца журналістам, выдаўцам і медыям, якія адданыя справе абароны і пашырэння свабоды прэсы і пры гэтым дэманструюць гатовасць ісці на рызыку, мужнасць і цвёрдую веру ў дэмакратыю.

Масачны рэжым

З 9 кастрычніка, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у краіне ўведзены масачны рэжым. Дакумент абавязвае насіць маскі ў грамадскіх месцах і прытрымлівацца бяспечнай дыстанцыі ў 1-1,5 метра. Таксама кіраўнікі розных аб’ектаў і арганізацыяў павінны забяспечыць кантроль за выкананнем правілаў. Аднак медыкі адзначаюць, што адчуваць адказнасць за выканання масачнага рэжыму перш за ўсё мусяць самі людзі.

Ці ўратуе масачны рэжым ад пандэміі?

Тым часам, паказнікі па каронавірусу ў Беларусі зноў на рэкордным узроўні. Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 1998 новых выпадкаў інфікавання каронавіруса. Гэта паўтор рэкорднага паказніку па колькасці захварэлых за дзень, які ўпершыню быў зафіксаваны тыдзень таму.

За содні зафіксаваныя 16 смерцяў пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерлі 4275 асобаў, сведчыць Міністэрства аховы здароўя.

Крызіс на мяжы

Польскія памежнікі заявілі, што ў ноч з 8 на 9 кастрычніка ў раёне мяжы з Польшчай зноў былі чуваць стрэлы з беларускага боку.

Гэта не першы падобны інцыдэнт на мяжы за апошнія дні. 8 кастрычніка патруль польскіх вайскоўцаў быў абстраляны з беларускага боку мяжы – імаверна, халастымі патронамі. Ніхто не пацярпеў. Польскія памежнікі падкрэслілі, што такіх правакацыяў становіцца ўсё больш.

Акрамя таго, польская памежная служба за 8 кастрычніка прадухілілі 553 спробы незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Былі затрыманыя восем мігрантаў – грамадзяне Іраку, Конга і Гвінеі.

Усяго з пачатку кастрычніка польскімі памежнікамі было зафіксавана больш за 4,3 тысяч спроб нелегальнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі. З пачатку года такіх спроб было больш за 15,8 тысяч.

Удаву Андрэя Зельцара перавялі ў СІЗА №1.

Марыя Успенская, удава IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, была пераведзена з ізалятару на Акрэсціна ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. У жанчыны не бяруць перадачу, яна застаецца за кратамі без прадметаў асабістай гігіены і цёплых рэчаў.

«Калі дачка была на Акрэсціна, перадачу для яе ўзялі. Там мы перадалі цёплыя рэчы, зубную шчотку. Але літаральна днямі Марыю перавялі на Валадарскага. Мы ў пятніцу панеслі перадачу туды, але яе браць адмовіліся, паведамілі, што Марыя на каранціне, – распавяла маці Успенскай «Наша Ніва». – Адвакат зусім нядаўна прыступіў да працы, пакуль што яны прыватна не стасаваліся. Лістоў ад яе я не атрымлівала. Таму абсалютна ніякай інфармацыі пра Марыю ў мяне няма».

Удаву Андрэя Зельцара перавялі ў СІЗА №1

Палітычны пераслед

На вядомага віцебскага актывіста Сяргея Каваленку заведзеная крымінальная справа за «знявагу дзяржаўных сімвалаў». Паводле праваабаронцаў, нагодай для гэтага нібыта стаў нейкі відэазапіс у інтэрнэце. Але які менавіта і на якім рэсурсе – невядома.

Сяргей Каваленка каля будынку Кастрычнікага суда ў Віцебску. 2010 год. Фота: vitebsk.cc

Справу палітвязня Арцёма Баярскага перадалі ў пракуратуру. Хлопцу выставілі абвінавачванні ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або кіраўніцтве ім» і ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Уцякаў ад «хіміі», як ва «Уладары пярсцёнкаў», і прыйшоў да дуэту з Павуком. Гісторыя Лэслі Найфа

ІІ belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны