Аляксандр Апейкін: самая вялікая праблема – спортам кіруюць непрафесіяналы


Беларускі футбол праваліўся ва ўсіх напрамках: усе беларускія клубы вылецелі з еўракубкаў на ранніх стадыях яшчэ летам. Моладзевая зборная, якая раней была гонарам краіны, гуляла ў фінальных турнірах чэмпіянату Еўропы, брала там медалі і нават прабівалася на Алімпійскія гульні, пачала адбор на чэмпіянат свету з трох паразаў. А нацыянальная зборная Беларусі ўчора саступіла зборнай Эстоніі і апусцілася на апошняя месца ў сваёй адборачнай групе – пасля таго, як прайграла шосты матч запар з агульным лікам 3:17. Што ж не так з беларускім футболам? Мы запыталі ў выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна.

«Самая вялікая праблема – гэта непрафесійныя кадры, якія кіруюць беларускім футболам. Увогуле, не толькі футболам, але і ўсім спортам. Кіраўнікі федэрацыяй не абіраюцца, а прызначаюцца паводле прынцыпу лаяльнасці да нелегітымнай улады. Адпаведна, ніякага развіцця быць не можа, бо гэта разбурае ўвогуле ўсе чалавечыя законы, на якіх грунтуюцца паспяховыя плыні і праекты», – кажа спадар Апейкін.

Аляксандр Апейкін ў Варшаўскай студыі Белсат ТВ. 21 кастрычніка 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Больш за тое, ад беларускіх камандаў адвярнуліся заўзятары, а самі футбалісты не хочуць ехаць у зборныя, бо, са словаў аднаго з былых гульцоў зборнай Беларусі, цяпер гэта нявыгадна і дрэнна ўплывае на імідж футбалістаў. Сёння ўжо некалькі дзясяткаў беларускіх футбалістаў палічылі для сябе за лепшае не ехаць у беларускія зборныя, пакуль сітуацыя ў краіне не зменіцца. Адкрыта пра гэта заявіў толькі адзін – форвард кіеўскага «Дынама» Ілля Шкурын.

«Доўгія гады беларусы падтрымлівалі сваю зборную, нават у самыя складаныя часы. Людзі ездзілі за свой кошт у розныя краіны, каб падтрымаць нашую каманду. Я сам выдатна памятаю часы, калі гульня зборнай выклікала сапраўдную цікавасць. Але потым пачаліся часы «базанаўшчыны», калі ў футбол прыйшлі людзі, якія ўмеюць толькі кіраваць на вайсковы лад. Лепш за ўсё ў іх атрымліваецца забараняць і «прасаваць». Гэтым яны і займаюцца. Ну а потым быў жнівень 2020 года, пасля якога футбалісты так і не выказалі ніякай салідарнасці са сваім народам. Яны проста струсілі, не заступіліся нават словам за людзей, за сваіх заўзятараў. Мы ўсе гэта адчулі, таму і адвярнуліся ад такой зборнай.

Мяркую, людзі не вернуцца на стадыён, пакуль у краіне будзе панаваць гвалт і беззаконне. У футбалістаў быў добры шанец заваяваць любоў усіх беларусаў, але яны зрабілі свой выбар, таму цяпер гуляюць самі для сябе. Найбольш свядомыя гульцы гэта разумеюць і не маюць ніякага жадання ехаць гуляць за «нацыяналку», – адзначае Аляксандр Апейкін.

Ужо на некалькіх гульнях зборнай больш за добрую гульню і вынік Беларускую федэрацыю футболу турбуе, каб на стадыёне не з’явіліся нацыянальныя сцягі. Для гэтага чыноўнікі падключаюць міжнародныя спартовыя структуры, які не надта разбіраюцца ў тым, што адбываецца ў Беларусі.

«Ужо зразумела, што федэрацыі цяпер найперш выконваюць ідэалагічную задачу. Развіццё спорту ўжо даўно не на першым месцы. Можна колькі заўгодна змагацца са сцягамі, але лік на табло відавочны, зборная прайграе 6 матчаў запар. На жаль, у футболе няма Ярмошынай, якая б напісала патрэбны лік. Спартовыя функцыянеры Лукашэнкі, як і ўся беларуская ўлада, здольныя толькі на фікцыю, а не на сапраўдны вынік», – тлумачыць сітуацыю выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

За дзень да гульні ў Эстоніі беларускім заўзятарам забаранілі прыносіць на трыбуны нацыянальныя сцягі, а непасрэдна перад гульнёй не прапусцілі групу людзей у бел-чырвона-белых камбінезонах.

Апейкін кажа, што іхная арганізацыя будзе рабіць усё, каб не дапускаць падобнага ў будучыні. «Фонд звернецца да УЕФА наступным тыднем па тлумачэнні. Будзем дамагацца выпраўлення гэтай сітуацыі», – кажа Апейкін.

Нацыянальную зборную Беларусі сёлета чакаюць яшчэ два афіцыйныя матчы супраць Чэхіі і Ўэльсу, але ў турнірным плане яны не вызначаюць нічога.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў