Лукашэнка даручыў разабрацца з аграсядзібамі


На нарадзе ў Лукашэнкі з удзелам кіраўніцтва Савету Міністраў разгледзелі праект указу аб развіцці аграэкатурызму ў Беларусі, аб чым паведамляе БелТА. Ураду даручана ўпарадкаваць дзейнасць «нядобрасумленных гаспадароў аграсядзібаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка з ураджаем кавуноў на сваёй сядзібе. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2021 года.
Фота: Oleg Stasevich / TASS / Forum

Са словаў Лукашэнкі, яму дакладаюць, што асобныя нормы ўказу, які рэгулюе сферу аграэкатурызму (ад 9 кастрычніка 2017 г. № 365), выконваюцца фармальна  – пад выглядам аграсядзібаў на сістэмнай аснове працуе гатэльны і рэстаранны бізнес, асабліва паблізу вялікіх гарадоў. Аднак падаткі плацяцца не як з гэтых відаў дзейнасці. «Гатэльны бізнес у горадзе відаць, ён празрысты. Яны плацяць адпаведныя падаткі. У тым ліку і рэстараны. Побач з горадам у цудоўных месцах пад выглядам аграэкатурызму пабудавалі гатэлі. Калі ласка, я не супраць. Але плаціце падаткі, як усе гатэльныя комплексы. Пабудавалі шыкоўныя рэстараны на прыродзе. Таксама не супраць. Няхай будзе. Але плаціце падаткі, як увесь рэстаранны бізнес. Не, яны ж ільготы маюць і аформілі сябе як аграэкатурызм», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Дзейнасць такіх, на меркаванне Лукашэнкі, нядобрасумленных уладальнікаў аграсядзібаў, якія ператварылі іх выключна ў гатэльныя комплексы, павінна быць упарадкаваная, і ён чакае прапановаў ад Савету Міністраў. Пры гэтым ён даручыў звярнуць увагу на тыя сядзібы, якія створаныя ў аддаленых раёнах. Новыя ўмовы працы маюць стымуляваць развіццё рэгіянальнай ініцыятывы і канкрэтных тэрыторыяў.

Паводле звестак экспертаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, агучаных на прэс-канферэнцыі напярэдадні сезону адпачынку 2022 года, колькасць аграсядзібаў у 2021 годзе ў Беларусі вырасла да 3150, за год у іх адпачывае прыблізна 500 тысяч турыстаў. Колькасць аматараў адпачунку ў аграсядзібах за 2021 вырасла на 30 тысячаў чалавек.

Апроч асобных аграсядзібаў у Беларусі развіваюцца свайго роду кластары, калі некалькі сядзібаў, музеяў, фермерскіх гаспадарак, рамеснікаў, якія працуюць на адной тэрыторыі, дамаўляюцца аб супольных праектах і пад адным брэндам разам развіваюцца і рэкламуюць сябе. З вядомых кластараў – «Валожынскія гасцінцы», «Велесаў шлях», «Заходняя скарбонка», «Мухавэцька кумара», «Край жыватворных крыніцаў».

Гаспадары аграсядзібаў увесь час ствараюць новыя цікавыя прадукты, праграмы, майстар-класы. Напрыклад, у сядзібе «Elagma» ў Валожынскім раёне вараць піва. Можна прыехаць туды кампаніяй, пераначаваць, зварыць сваё піва і праз два-тры тыдні яго забраць. Ёсць сядзібы, якія робяць акцэнт на здаровым ладзе жыцця і новых духоўных практыках (ёга і іншае). Ёсць тыя, якія забяспечваюць інфраструктуру для дзіцячых летнікаў. Турыстам прапаноўваюць сплавы на байдарках, паходы, роварныя вандроўкі.

Некаторыя беларускія аграсядзібы ўжо пачалі працаваць з тураператарамі, якія цяпер уключаюць іх у свае праграмы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў