Генштаб ЗСУ заявіў пра значныя страты і дэзерцірства расейскіх вайскоўцаў на Харкаўшчыне


У ранішняй зводцы 9 верасня ўкраінскі Генеральны штаб упершыню распавёў пра наступленне на Харкаўшчыне. У папярэдніх зводках украінскае камандаванне захоўвала рэжым інфармацыйнай цішы.

«Сілы абароны вядуць паспяховае контрнаступленне на харкаўскім кірунку. Дзякуючы ўмелым і зладжаным дзеянням Збройных сілаў Украіны пры падтрымцы мясцовага насельніцтва за 3 дні прасунуліся амаль на 50 км.

Па дадзеных разведкі, асобныя падраздзяленні праціўніка панеслі значныя страты. Акупанты спрабуюць эвакуяваць параненых і пашкоджаную вайсковую тэхніку ў раён населеных пунктаў Альхаватка і Барадаярскае.

Асабовы склад акупацыйных войскаў у цывільным пераходзіць да дэзерцірства і спрабуе вярнуцца на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Так, за содні было зафіксавана больш за 15 такіх выпадкаў», – распавядаецца ў зводцы Генштабу.

Раней, увечары 8 верасня,прэзідэнт Уладзімір Зяленскі афіцыйна пацвердзіў вызваленне Балаклеі – гораду з амаль 30-тысячным насельніцтвам. Агулам за час наступлення на Харкаўшчыне было вызвалена больш за 20 населеных пунктаў і адваяваная тэрыторыя амаль у 700 км², заявілі ўчора ў Генштабе.

Таксама ў ранішняй зводцы 9 верасня было згадана наступленне ў Херсонскай вобласці, хаця выключна ў кантэксце дзеянняў расейскага боку:

«У сувязі з наступам нашых войскаў у асобных раёнах Херсонскай вобласці падраздзяленні ўзброеных сіл Расейскай Федэрацыі пераходзяць да тактыкі тэрарыстычных дзеянняў супраць мясцовага мірных жыхароў. Так, паводле наяўнай інфармацыі, у населеным пункце Вялікая Аляксандраўка акупанты выкарыстоўваюць мясцовае насельніцтва ў якасці «жывога шчыта». Паселішча закрытае на ўезд і выезд».

У зводцы Генштабу таксама адзначаецца, што захоўваецца пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па Украіне.

Hавiны
ЗСУ працягваюць наступ у Херсонскай вобласці
2022.09.08 12:34

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў