Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі


Амерыканскі тэлеканал CNN распавёў некаторыя акалічнасці сарванай спецаперацыі, у выніку якой улетку 2020 года ў Беларусі апынулася група з 33 вагнэраўцаў. Іх затрыманне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка спрабаваў выкарыстаць для дыскрэдытацыі апазіцыі і запалохвання грамадства, але потым вызваліў наймітаў і нават папрасіў у іх прабачэння. Belsat.eu нагадвае дэталі гэтай скандальнай гісторыі.

Затрыманні ў санаторыі «Беларусачка»

Раніцай 29 ліпеня 2020 года група «А» КДБ пры дапамозе АМАПу затрымала 32 баевікі ПВК Вагнэра ў санаторыі пад Менскам. Яшчэ адзін чалавек быў затрыманы ў Калінкавічах. Зброі пры наймітах не было. Паводле дзяржаўных СМІ, вайскоўцы «прыбылі ў Беларусь для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі».

Затрыманне вагнэраўцаў у санаторыі «Беларусачка». Скрыншот з відэа АТН / YouTube

Як высветлілася, спачатку 32 вагнэраўцы засяліліся ў менскі гатэль IBB, потым пераехалі ў санаторый «Беларусачка». Дзяржаўныя СМІ адзначалі, што баевікі выклікалі падазрэнне адміністрацыі санаторыю незвычайнымі для расейскіх турыстаў паводзінамі: яны не ўжывалі спіртовых напояў, трымаліся асобна, усе хадзілі ў адзенні ў стылі мілітары.

На допытах затрыманыя сцвярджалі, што не мелі ніякіх злачынных намераў, а ў Беларусі апынуліся таму, што планавалі праз Менск ляцець у Стамбул. Аднак Следчы камітэт абвяргаў версію аб транзіце, сцвярджаючы, што ў паказаннях расейцаў шмат нестыковак.

Аляксандр Лукашэнка назваў затрыманне баевікоў «надзвычайным здарэннем». Тагачасны дзяржсакратар Савету Бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што распачатая крымінальная справа аб рыхтаванні тэрактаў. Ён падкрэсліў, што агулам, паводле аператыўнай інфармацыі, на тэрыторыі Беларусі перабываюць каля 200 баевікоў, але астатніх 167 пакуль, нібыта, не знайшлі.

Hавiны
«Гэта не адпавядае рэчаіснасці». Расея адрэагавала на затрыманне расейскіх баевікоў
2020.07.29 17:42

Рэжым Лукашэнкі не раз палохаў беларусаў выдуманымі баевікамі і міфічнымі вонкавымі пагрозамі. Аднак гісторыя з вагнэраўцамі адрознівалася ад усіх папярэдніх фэйкаў: гэтыя 33 чалавекі былі сапраўднымі наймітамі і мелі досвед удзелу ў баявых дзеяннях. Аперацыі расейскай ПВК Вагнэра ўжо не першы год прыцягвалі ўвагу сусветных медыяў, таму іх затрыманне ў Беларусі мела вялікі міжнародны рэзананс.

«Прароцтва» Лукашэнкі

Афіцыйная версія ўладаў з самага пачатку выклікала шмат пытанняў.

Даведка

ПВК Вагнэра – гэта дэ-факта засакрэчанае падраздзяленне расейскай арміі, якое выконвае адмысловыя баявыя задачы. І за паспяховае выкананне гэтых задачаў вагнэраўцы атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды (у тым ліку Герой Расеі). Імаверна, Група Вагнэра непасрэдна падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню Генштабу Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі.

Паводле медыяў, фінансаванне ПВК ажыццяўляецца праз набліжанага да Пуціна расейскага алігарха Яўгена Прыгожына. База прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра размяшчаецца ў Молькіна (Краснадарскі край РФ).

Па-першае, здзіўляла, што з’яўляенне замежных наймітаў было прадказана Лукашэнкам. «Усялякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас малавата «майданутых»), іх падцягнуць збоку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах», – заявіў Лукашэнка, наведваючы 5-ю асобную брыгаду спецназу ў Мар’інай Горцы 24 ліпеня. А ўжо ўначы з 24 на 25 ліпеня вагнэраўцы засяліліся ў менскі гатэль. То бок прароцтва рэалізавалася імгненна.

Па-другое, з самага пачатку афіцыйны Менск павёў сябе так, нібыта ПВК Вагнэра – гэта зусім не крамлёўскі праект, а нейкая самастойная прыватная вайсковая кампанія, якая невядома каму падпарадкоўваецца. Каб дадаткова не злаваць Маскву, спецслужбы і дзяржпрапаганда ніводнага слова не сказалі пра сувязі вагнэраўцаў з расейскім Генштабам і пуцінскім алігархам Яўгенам Прыгожыным.

Затрыманне вагнэраўцаў у санаторыі «Беларусачка». Скрыншот з відэа: АТН / YouTube

Лукашэнка выказваўся вельмі акуратна: ён хоць і сказаў пра «брудныя намеры» расейцаў, але адразу агаварыўся, што не хоча «зняславіць блізкую нам краіну», і таму заклікае «не гнаць пургу».

Па-трэцяе, спецслужбы і дзяржпрапаганда абміналі той факт, што адзін з 33 наймітаў – Андрэй Бакуновіч – і так жыў у Беларусі (у Калінкавічах). Пра яго датычнасць да ПВК Вагнэра было вядома даўно, але КДБ разглядзела ў гэтым чалавеку пагрозу толькі за 10 дзён да прэзідэнцкіх выбараў.

Hавiны
Сястра затрыманага баевіка ПВК «Вагнэра»: «Ён гады тры-чатыры жыве ў Беларусі»
2020.07.29 17:31

Аднак больш за ўсё афіцыйную версію дыскрэдытавала дэманстрацыйнае жаданне ўладаў выкарыстаць гэтую гісторыю супраць сваіх палітычных апанентаў.

Баевікі паўсюль: пад Псковам, Невелем і на поўдні Беларусі

Андрэй Раўкоў. Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

На наступным дзень пасля затрымання вагнэраўцаў Андрэй Раўкоў сустрэўся з кандыдатамі на прэзідэнцтва ў будынку ЦВК, дзе распавёў, што пад Псковам і Невелем фармуюцца яшчэ дзве групоўкі баевікоў, якіх хочуць закінуць у Беларусь. Ён таксама расказаў кандыдатам пра небяспеку масавых мерапрыемстваў у цяперашніх умовах і высокую імавернасць правакацыяў. Відавочна, што такія заявы рабіліся з мэтай сарваць перадвыбарчы мітынг Ціханоўскай, які планавалася правесці ў той дзень на плошчы Бангалор. Нагнятанне страху эфекту не мела: 30 ліпеня на мітынг прыйшлі не менш за 63 тысячы чалавек.

Ціханоўская Калеснікава Цапкала
Менск, Беларусь. 30 ліпеня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Паралельна Следчы камітэт сцвярджаў, што затрыманне вагнэраўцаў звязанае са справай палітвязняў Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча, якія на той момант ужо два месяцы заставаліся за кратамі. Гэтыя абвінавачванні выглядалі настолькі недарэчна, што сур’ёзна іх нават ніхто не абмяркоўваў.

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Магілёве.
Фота: Белсат

Аднак Лукашэнка працягваў спекуляваць на тэме вагнэраўцаў. 4 жніўня падчас звароту да Нацыянальнага сходу ён сцвярджаў: баевікі былі спецыяльна накіраваныя ў Беларусь, і ні пра які транзіт тут гаворкі няма. Больш за тое, Лукашэнка заявіў, што на беларускую тэрыторыю закінулі яшчэ адзін атрад наймітаў:

«Сёння паступіла інфармацыя пра яшчэ адзін атрад, які перакінуты на поўдзень. Мы павінны, калі ідзе ўборка, бегаць, лавіць іх па лясах! Мы ж іх усіх зловім!»

Выбачэнне перад наймітамі

Пра «атрад вагнэраўцаў» у беларускіх лясах улады больш ніколі не ўспаміналі: пасля прэзідэнцкіх выбараў гэты фэйк канчаткова страціў сэнс.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 году. Mенск, Беларусь.
Фота: АВ/ Vot Tak TV / Белсат

Ва ўмовах масавых пратэстаў у Беларусі Крэмль падтрымаў Лукашэнку, таму ўсе непаразуменні ў беларуска-расейскіх стасунках яму трэба было тэрмінова залагодзіць. 14 жніўня было абвешчана, што вагнэраўцаў вызвалілі. 32 баевікоў адправілі ў Расею. Яшчэ адзін найміт – беларус Андрэй Бакуновіч – застаўся ў краіне. Прасіць прабачэння перад наймітамі Лукашэнка даслаў свайго старэйшага сына Віктара.

«Я адправіў свайго сына, які працуе дарадцам па бяспецы, каб ён прынёс прабачэнні перад гэтымі людзьмі і спытаў, куды яны хочуць з’ехаць. Яны сказалі: «Мы хочам у Расею». І, уласна, яны зʼехалі», – распавёў Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскім журналістам.

Віктар Лукашэнка ўзнагароджвае байцоў спецаддзелу “А” КДБ Рэспублікі Беларусь.
Фота: sb.by

Інфармацыю пра прыезд сына Лукашэнкі пацвердзіў і найміт з пазыўным «Злы». «Мы сабраліся ў адной вялікай зале, дзе сустрэліся з сынам Лукашэнкі», – распавядаў ён на YouTube-канале «WarGonzo». Пасля гэтага баевікоў пасадзілі ў аўтобус і ў суправаджэнні працаўнікоў КДБ давезлі да расейскай мяжы, дзе іх ужо сустрэлі фээсбэшнікі.

Вяртанне наймітаў Расеі выклікала незадаволенасць у афіцыйнага Кіева, які патрабаваў іх выдачы. Перад выбарамі гэтае пытанне прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абмяркоўваў з Лукашэнкам, а офіс Генеральнага пракурора Украіны накіраваў афіцыйны запыт на экстрадыцыю вагнэраўцаў. Аднак ніякага адказу ўкраінскі бок не атрымаў. «ЛІЧЫМ ГЭТАЕ РАШЭННЕ, мякка кажучы, НЕСПРАВЯДЛІВЫМІ», – эмацыйна адрэагаваў у сваім «Фэйсбуку» Зяленскі.

Лукашэнка не проста папрасіў прабачэння па выніках гэтай гісторыі, але і з самага пачатку вельмі «беражліва» ставіўся да затрыманых вагнэраўцаў. «Яны, канечне, вінаватыя, але не настолькі, каб у дачыненні іх прымаць нейкія жорсткія захады», – заявіў ён 1 жніўня. Тагачасны амбасадар РФ Дзмітрый Мезенцаў, у сваю чаргу, распавядаў, што затрыманыя перабываюць у «добрых» і «камфортных» умовах.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Мяккае стаўленне да наймітаў, датычных да ваенных злачынстваў, выразна кантраставала з той сістэмай масавых катаванняў, якую фактычна ў той жа перыяд арганізавалі ў дачыненні ўдзельнікаў пратэстаў 9–12 жніўня. Прасіць прабачэння за гвалт над мірнымі грамадзянамі Лукашэнка не лічыць патрэбным. «Акрэсціна не санаторый», – заявіў ён, адказваючы на пытанне пра катаванні.

Фільмы
Цэнтр катаванняў. Гісторыі з Акрэсціна
2020.10.06 09:15

Чаму насамрэч вагнэраўцы аказаліся ў Беларусі

Пасля таго, як наймітаў адпусцілі ў Расею, ва ўкраінскіх медыях з’явілася інфармацыя, што насамрэч у Менску была сарваная вялікая спецаперацыя, мэтай якой быў захоп баевікоў, што ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны. Украінскія спецслужбы цягам года «вербавалі» расейскіх наймітаў нібыта ў ахоўную кампанію для абароны венесуэльскіх нафтавых радовішчаў. Ляцець яны мусілі з Менску з перасадкай у Стамбуле. Падчас пералёту ўкраінскія спецслужбы планавалі пад той ці іншай нагодай дамагчыся пасадкі самалёта ў Кіеве, дзе б вагнэраўцаў арыштавалі. Аднак праз уцечку інфармацыі аперацыя была сарваная: у выніку баевікоў затрымаў беларускі КДБ.

Хто нясе адказнасць за «зліў» сакрэтнай інфармацыі, дакладна не вядома дагэтуль. Але рыхтаванне спецаперацыі сёлета пацвердзіў прэзідэнт Зяленскі, адзначыўшы, што сама ідэя належала «іншым краінам, дакладна не Украіне». Ён таксама распавёў, што разлічваў на дапамогу Лукашэнкі, які ў асабістай размове абяцаў яму «не падвесці».

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

«Я быў упэўнены, што ён (Лукашэнка. – Заўв. belsat.eu) перадасць нам гэтых забойцаў. Але потым адбылося тое, што адбылося», – распавёў ён у інтэрвʼю тэлеканалу «1+1».

Паводле CNN, падчас «вербавання» на ахову нафтавых радовішчаў украінскія спецслужбы прасілі баевікоў дасылаць інфармацыю пра тое, дзе яны ваявалі і ў якіх аперацыях бралі ўдзел. У выніку былі адабраныя найміты з найбольш відавочнымі сувязямі з канфліктам на Данбасе. У тым ліку сярод іх было два чалавекі, датычныя да катастрофы пасажырскага рэйсу MH17 над Данбасам (298 загінулых), а таксама чацвёра падазраваных у знішчэнні самалёта Іл-76 з украінскімі дэсантнікамі (49 загінулых).

CNN паведамляе, што ЗША маглі быць датычнымі да рыхтавання спецаперацыі супраць вагнэраўцаў. Крыніцы тэлеканалу ва Украіне сцвярджаюць, што амерыканскі бок надаваў тэхнічную дапамогу і кансультаваў украінскія спецслужбы падчас распрацоўвання аперацыі. У сваю чаргу высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік не пацвердзіў гэтыя звесткі: ён заявіў журналістам, што ЗША былі ў курсе аперацыі, але не прымалі ў ёй удзел.

ВІДЭА
Беларускі спіс «Вагнэра»: 2 з 11 забітыя. Дзе цяпер астатнія?
2018.10.04 12:49

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў