Тры гады «хатняй хіміі» і Br 1500 маральнай шкоды за абразу даішніка, які стаў нагою на шыю затрыманага

Жлобінскі раённы суд 9 верасня абвесціў Арцёму Барашку вырак у крымінальнай справе за абразу службовай асобы (арт. 369 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Затрыманне ў Ганцавічах. Скрыншот з відэа: Youtube / Valera Chvalov

Пацярпелым у справе выступаў супрацоўнік ДАІ з Ганцавічаў Ігар Вольніч, які 20 чэрвеня мінулага года пры затрыманні стаў нагою на шыю мужчыны. Пасля гэтага відэа са здарэннем нарабіла шмат шуму ў інтэрнэце. Пацярпелы на суд не прыйшоў, ён даваў тлумачэнні і адказваў на пытанні праз «Skype».

Паводле матэрыялаў следства, Барашка ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» з дапамогаю мабільнага тэлефона змясціў пад фота з тым інцыдэнтам каментар абразлівага зместу: «п…р». Пасля гэтага ў Яўгена ўчынілі ператрус, сканфіскавалі тэлефон, а крымінальную справу завялі ў сярэдзіне чэрвеня.

Абвінавачаны 37-гадовы Арцём Барашка, які працуе ў адным з лакаматыўных дэпо машыністам цягніка на Беларускай чыгунцы, прызнаў сваю віну ў здзейсненым. У судзе мужчына паведаміў, што каментароў пад здымкам было шмат, але ён не лічыў іх.

Суддзя Ігар Змушко пасля хуткага судовага разбору вынес прысуд: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») і Br 1500 кампенсацыі маральнай шкоды.

У чэрвені гэтага года ў аналагічнай справе за абразу даішніка Ігара Вольніча двума гадамі «хіміі» пакаралі Мікалая Лёгкага, які таксама пакінуў зняважлівыя словы пад тым жа фота, на якім Вольніч у момант затрымання нагою стаў на шыю чалавека.

Жыхара Жлобіна асудзілі на два гады «хіміі» за каментар у сацсетках. Ягоная сям’я цяпер можа страціць жытло

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны