Статус-кво і нацыянальны палітычны праект

Цяжка спрачацца са сцвярджэннем, што сітуацыя ў Беларусі і вакол нашай краіны робіцца выгаднаю для Масквы. Але асноўная прычына гэтага не падзеі 2020 года і іх наступствы (санкцыі ды ізаляцыя рэжыму), а палітыка Лукашэнкі, накіраваная на сістэмную дэнацыяналізацыю грамадства і дзяржавы цягам усяго ягонага кіравання.

Лукашэнка прывёў краіну да такога палітычнага стану, пры якім любы крызіс, любая спроба змены ўлады пагражае стратаю незалежнасці. Тое, што адбылося ў 2020 годзе, толькі прадэманстравала рэальнае становішча справаў і паскорыла гэты працэс.

Той факт, што Беларусь мела які-ніякі суверэнітэт, а нацыянальная культура – прастору для развіцця, зусім не азначаў, што праз некалькі гадоў не наступіла б падобная развязка, асабліва калі выказаць здагадку, што за «выбарамі 2020 года» магла стаяць Масква.

Так, выбарчы працэс 2020 года першапачаткова развіваўся не як нацыянальны праект. Людзі хацелі атрымаць мадэрнізаванага Лукашэнку 2:0, а не Пазняка 2:0. Грамадства хацела выбраць зразумелы, стабільны праект будучыні без глыбіннага зруху ў дзяржаве і свядомасці. (Гэта толькі потым шмат каму стала відавочна, з якім палітычным монстрам давялося мець справу і што заменаю дыктатара праблемы не развязаць). Да таго ж такой фігуры нацыянальнага маштабу, якой быў Зянон Станіслававіч у 1990-ыя, за 27 гадоў пасля перамогі Лукашэнкі ў краіне так і не з’явілася. Нацыянальны палітычны праект ва ўмовах прасавецкай дыктатуры – гэта заўсёды падзвіжніцтва, якое не разумелася і не ўспрымалася большасцю. Агулам тэндэнцыі ў фармаванні нацыянальнага палітычнага праекту, які быў бы папулярны ў шырокіх масах, выглядалі трагічнымі.

Умоўна нацыянальны праект у 2020 годзе мог прэзентаваць Павел Севярынец, але чарговая спроба аб’яднаць дэмакратычныя сілы праз сумна вядомую ініцыятыву праймерыз скончылася правалам. І можна з упэўненасцю сказаць, што на працягу наступных гадоў кіравання Лукашэнкі сітуацыя наўрад ці змянілася б у лепшы бок. Насельніцтва ў масе сваёй, без сістэмнай нацыянальнай палітыкі ў сферы адукацыі, культуры, СМІ працягвала б заставацца антынацыянальным, а любыя спробы сфармаваць уплывовую нацыянальную палітычную сілу ў Беларусі падрываліся б і знішчаліся. У такіх умовах прамаскоўскі постсавецкі праект рана ці позна быў бы зрэалізаваны, як быў зрэалізаваны сцэнар Лукашэнкі ў 1994 годзе.

Фота: ІА / Белсат

Калі дапусціць, што Крэмль задумаў усю гэтую гульню, каб цалкам разбурыць суверэнітэт краіны ды інтэграваць яе ў расейскую прастору, то гэта азначае, што расейскія ўлады валодалі неабмежаваным рэсурсам уздзеяння на грамадства ды інстытуты, што мог быць выкарыстаны ў любы зручны момант, калі не ў 2020-м, дык у 2025 годзе. Гэтымі рэсурсамі былі: выбары, прарасейскія палітыкі (наменклатура), прарасейскія настроі ў беларускім грамадстве, самі механізмы рэвалюцыяў і бунтаў ды гэтак далей. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць сумную выснову: на гэтым гістарычным этапе толькі Масква мела ўсе магчымасці зрэалізаваць перамены ў Беларусі.

Але ў такіх абставінах шанцы на поспех рэалізацыі нацыянальнага праекту з нацыянальным лідарам і рэвалюцыяй былі б мінімальнымі. У сітуацыі расейскага панавання нацыянальная рэвалюцыя магла быць выкарыстаная Масквою для вонкавай акупацыі паводле ўкраінскага сцэнара. Бо менавіта пагрозу нацыяналістычнага рэваншу сёння Лукашэнка ўзмоцнена спрабуе прадаць расейскаму кіраўніцтву. Атрымліваецца, любая рэвалюцыя, любая барацьба з рэжымам, любая спроба зрынуць дыктатуру будзе так ці інакш выгадная Крамлю, бо развязвае рукі для агрэсіўных дзеянняў.

З іншага боку, ад таго, што рэжым Лукашэнкі працягваў бы сваё стабільнае існаванне, таксама выйграла б Масква, рэалізуючы пастаянны ціск і залучаючы Беларусь у новыя стратэгічныя праекты, будуючы ў нашай краіне «русский мир». Бо, нават пасля анексіі Крыму і вайны на Данбасе, для кіроўнай групы савецкае і расейскай было бліжэй за беларускае.

На жаль, што-небудзь супрацьпаставіць расейскай стратэгіі нацыянальныя сілы нічога не маглі, бо яны знішчаліся найперш самым рэжымам. У нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі ў наяўнасці на момант 2020 года не было і няма ні аднаго з ключавых інструментаў палітычных пераменаў (выбары, прывабны кандыдат, рэвалюцыя), як у прынцыпе не было і няма адзінай магутнай нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі/руху. Іншымі словамі, у краіне (да моманту крызісу) не сфармавалася нацыянальная сіла, здольная перамагчы ў выбарах, зарганізаваць нацыянальную рэвалюцыю і абараніць краіну ад магчымай замежнай экспансіі. Грамадству, нацыянальным групам проста давялося б адмовіцца ад палітычнай барацьбы за перамены і ўзяць на сябе функцыю ідэалагічнага суправаджэння рэжыму.

Zdj. mskguide.ru

Усё, што заставалася нацыянальным групам, гэта паспрабаваць выкарыстоўваць сітуацыю ў сваіх інтарэсах, умацаваць свае пазіцыі і ўплыў, прывабнасць, працягваць актыўна фармаваць з насельніцтва, што прачнулася, нацыянальны праект. Крызіс даў штуршок да фармавання новага нацыянальнага руху.

Важна разумець, што пры Лукашэнку (у сітуацыі статус-кво) суверэнітэт і нацыянальная аўтаномія ва ўласнай дзяржаве заставаліся хісткімі паняткамі, а сістэмны крызіс з непрадказальнымі наступствамі быў бы ў любым выпадку непазбежны.

1. Суверэнітэт дзяржавы абслугоўваў асабістую ўладу Лукашэнкі і ягонага асяроддзя. Беларусь заставалася ўмоўна незалежнаю краінаю, дзе Лукашэнка мог бы быць прэзідэнтам, але яна не стала нацыянальнаю дзяржаваю з паўнавартасным нацыянальным грамадствам і нацыянальнаю элітай. Калі незалежнасць перастала быць гарантам ягонай улады, ён звярнуўся да новай крыніцы стабільнасці – Расеі.

Пры ўмовах статус-кво расейскія эліты працягвалі б падрываць незалежнасць, уцягваць у сваю арбіту БЕЛАРУСКІХ чыноўнікаў і ствараць перадкрызісныя сітуацыі. У сваю чаргу аўтарытарны рэжым у Беларусі паводле свайго характару заставаўся б неасавецкім і ніколі б не набыў абрысаў нацыянальнага аўтарытарызму. Далейшае «камфортнае» існаванне Лукашэнкі наўрад ці спрыяла б умацаванню суверэнітэту краіны і народу, асабліва пры адсутнасці магутнай кансалідаванай нацыянальнай контрэліты. Палітычная актыўнасць грамадства ўтрымлівалася б у межах фэйкавых арганізацыйных праектаў.

Пуцін і Лукашэнка. Калаж з фота: Russian Presidential Press and I / TASS / Forum

І зноў жа, калі Масква распрацоўвала сцэнары «захопу» Беларусі ў 2020 годзе і калі ў яе руках быў увесь неабходны інструментар, то яна магла б выкарыстоўваць яго ў любы зручны для сябе момант пры Лукашэнку, які пачаў бы рабіцца лядашчым, альбо пры ягоным пераемніку.

2. У цяперашніх умовах вяртанне да сітуацыі да 2020 года немагчымае. Лукашэнка ўжо ў стане быць паўнавартасным дыктатарам-прэзідэнтам у Беларусі. Ягоная ўлада грунтуецца на тэроры і крамлёўскім падтрыманні (вонкавай легітымацыі). За апошнюю неабходна плаціць, і, на маё перакананне, працэс разбурэння суверэнітэту ўжо непазбежны. У сваю чаргу статус-кво прадугледжвае спыненне ўнутранага тэрору, што таксама малаверагодна, як і нармалізацыя сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне. Дэградацыя сістэмы зайшла задалёка, і нармалізацыя азначае немінучы крах рэжыму Лукашэнкі. Вядома, дыктатар будзе рады адмене санкцыяў і любым саступкам з боку Захаду, што зацвердзіць ягоную перавагу, але тэрор ён не спыніць, як не спыніць працэсу інтэграцыі.

Вядома, можна знайсці шлях з тупіку, які ляжыць у фармаванні ўраду нацыянальнага адзінства, куды маглі б увайсці прадстаўнікі цяперашняга палітычнага істэблішменту, новыя палітычныя постаці і вядомыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху. Гэта дало б сігнал да прыпынення тэрору, пэўнага грамадзянскага замірэння, а таксама мабілізацыі грамадства ў справе абароны суверэнітэту і падрыхтавала б умовы для мірнага транзіту ўлады. Але пры ірацыяналізме дзейных уладаў такі сцэнар – фантастыка.

Суверэнная дзяржава не можа існаваць без суверэннага народу. Без нацыі захаваць незалежнасць немагчыма. Суверэнітэт народу вызначаецца ступенню развіцця нацыянальнага духу. Беларускі народ палітычна і духоўна не быў суверэнным. Палітычна ён быў прыціснуты, падпарадкаваны дыктатуры, доўгі час ужываўся з ёю (падтрымліваў і абслугоўваў) і меў устойлівыя арыентацыі на «русский мир», на Маскву. Нацыянальны палітычны праект будзе магчымы толькі падчас нацыяналізацыі грамадства, толькі праз барацьбу з рэжымам і Расеяй.

Нацыя ж ствараецца на гістарычных трагедыях, на ахвярах, што фармуюць свядомасць людзей. Гэтыя трагедыі, барацьба, супрацьстаянне са злом, што можа доўжыцца гадамі, трансфармуецца ў духоўны капітал. І толькі гэта дае жыццёвую сілу нацыі і гістарычнасць. Калі народ, грамадства змагаецца – яно існуе.

Цяпер адбываецца менавіта такі працэс, які можна назваць культурніцкаю нацыянальнаю рэвалюцыяй. Калі беларускае грамадства, фармуючы ў сабе нацыянальны дух і абапіраючыся на яго, пройдзе ўсе выпрабаванні і нават пагрозу страты дзяржаўнага суверэнітэту, то ў канчатковым выніку зможа цалкам аформіцца як самадастатковая нацыя.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў